Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вялікабрытанія, Нідэрлянды і Ўкраіна забаранілі палёты сваіх самалётаў у Шарм-эш-Шэйх


Гэтае рашэньне прынята ў сувязі з інфармацыяй аб магчымым выбуху на борце расейскага ляйнэра А321.

Улады Вялікай Брытаніі, Ірляндыі і Нідэрляндаў адмянілі палёты сваіх самалётаў у Шарм-эш-Шэйх. Палёты над Сынайскай ваўвыспай зь сёньняшняга дня забароненыя для ўкраінскіх авіякампаній. Тым часам прэсавы сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітры Пяскоў назваў вэрсію тэракту на борце ляйнэра «спэкуляцыяй».

Неўзабаве пасьля публікацыі паведамленьняў аб магчымым выбуху на борце расейскага самалёта прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі Дэвід Кэмэран паведаміў, што палёты самалётаў брытанскіх авіякампаній у эгіпэцкі курортны горад Шарм-эш-Шэйх, адкуль вылецеў 31 кастрычніка загіблы над Сынаем расейскі самалёт, прыпыненыя рашэньнем брытанскага ўраду. Улады краіны рыхтуюцца вывезьці з Эгіпту каля 10 тысяч турыстаў, паведамляе Bloomberg. Спыніць палёты ў Шарм-эш-Шэйх вырашыла і кіраўніцтва цывільнай авіяцыі Ірляндыі.

Тым часам, як паведамляе Эўраньюс, акцыі брытанскай турыстычнай кампаніі Thomas Cook абясцэніліся на 5,5% пасьля таго, як Вялікая Брытанія прыпыніла авіязносіны з эгіпэцкім курортным горадам Шарм-эш-Шэйхам. На Эгіпэт і Туніс, дзе нядаўна адбыўся тэракт, прыпадае да 3% турпаездак, арганізаваных кампаніяй Thomas Cook. Страта гэтых напрамкаў можа скараціць гадавы прыбытак турапэратара на 7%.

Сёньня рашэньне прыпыніць як мінімум да 8 лістапада палёты ў аэрапорт Шарм-эш-Шэйха прыняло таксама МЗС Нідэрляндаў. Як удакладняе сайт nltimes.nl, рашэньне будзе дзейнічаць да вынікаў інспэкцыі, якую брытанскія спэцыялісты маюць намер правесьці ў эгіпэцкім аэрапорце са згоды ўладаў гэтай краіны.

Дзяржаўная авіяцыйная служба Ўкраіны сёньня таксама забараніла ўсім украінскім авіяперавозчыкам плянаваць палёты над Сынайскай паўвыспай. МЗС Нямеччыны пакуль абмежавалася рэкамэндацыяй турыстам з гэтай краіны ўстрымлівацца ад палётаў над гэтай тэрыторыяй.

Афіцыйныя прадстаўнікі Расеі па-ранейшаму абвяргаюць вэрсію тэракту і лічаць, што падставаў спыняць палёты ў Эгіпэт або з яго пакуль няма.

XS
SM
MD
LG