Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Нобэлеўскім музэі ўжо ёсьць стэнд пра Сьвятлану Алексіевіч ФОТА


У Стакгольме ў Нобэлеўскім музэі зрабілі інсталяцыю, прысьвечаную сёлетнім ляўрэатам прэміі. Ёсьць стэнд і пра беларускую пісьменьніцу Сьвятлану Алексіевіч, якой прысудзілі Нобэлеўскую прэмію па літаратуры.

Як паведамляе Беларускі партызан, інсталяцыя ўсталяваная на ўваходзе ў музэй, адразу за стойкай рэгістрацыі. У цэнтры — гіганцкі мэдаль з выявай Нобэля, умантаваны ў падлогу. Далей — некалькі экранаў з партрэтамі ляўрэатаў за 2015 год ды іх кароткай біяграфіяй. З адваротнага боку дэманструюць кароткія ролікі і дакумэнтальныя рэпартажы пра ляўрэатаў, фрагмэнты інтэрвію зь імі на розных мовах.

На стэндзе пад партрэтам Алексіевіч напісана на швэдзкай і ангельскай мовах: «Нобэлеўскую прэмію па літаратуры за 2015 год атрымала беларускі аўтар Сьвятлана Алексіевіч за "паліфанічны стыль пісьма, помнік пакутам і мужнасьці ў нашы дні".

У музэі можна паглядзець рэпартажы аб Алексіевіч на швэдзкай і ангельскай мовах, ёсьць фрагмэнты яе інтэрвію, першая прэс-канфэрэнцыя, якую яна дала ў Менску пасьля паведамленьня аб прысуджэньні ёй Нобэлеўскай прэміі.

У краме музэю няма пакуль твораў Алексіевіч. Можна купіць толькі літаратурны зборнік на швэдзкай мове, у якім ёсьць і тэкст Сьвятланы Алексіевіч.

Mузэй быў адкрыты ў 2001 годзе — ён разьмяшчаецца ў адным з найпрыгажэйшых будынкаў Стакгольму з 18 стагодзьдзя, недалёк ад Каралеўскага палаца ў старым горадзе. Пачынае працаваць музэй у 11 гадзін раніцы.

XS
SM
MD
LG