Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму няма рэформаў


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Апошнім часам галоўнай тэмай грамадзка-палітычнага дыскурсу Беларусі стала пытаньне эканамічных рэформаў. Пра гэта загаварылі ўсе. За кароткі час у Менску прайшлі тры канфэрэнцыі, дзе абмяркоўваліся гэтыя праблемы.

Калі раней пра рэформы цьвердзіла толькі апазыцыя, то цяпер пра іх дружна загаварылі ва ўладных структурах. Урад для перамоваў з МВФ падрыхтаваў праграму эканамічных пераўтварэньняў. Пра неабходнасьць рынкавых рэформаў выказаліся старшыня Савету Рэспублікі Міхаіл Мясьніковіч, намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Мікалай Снапкоў, памочнік прэзыдэнта па эканамічных пытаньнях Кірыл Руды.

Склаўся ўнікальны кансэнсус элітаў і контрэлітаў па пытаньні неабходнасьці структурных пераўтварэньняў у краіне.

Інакш кажучы, ідэя рэформаў лунае ў паветры. Склаўся ўнікальны кансэнсус элітаў і контрэлітаў па пытаньні неабходнасьці структурных пераўтварэньняў у краіне.

Чаму ж гэтыя рэформы не распачынаюцца? Хто супраць? Вось памочнік прэзыдэнта Кірыл Руды назваў пяць прычынаў, чаму рэформы не атрымаюцца ў 2016-м годзе. Гэта негатоўнасьць насельніцтва, сярэдняй клясы, чынавенства, тое, што сытуацыя ў эканоміцы не катастрафічная, няма вонкавых стымулаў. Усё так, пералічаныя прычыны маюць месца.

Але Кірыл Руды не назваў галоўную прычыну адсутнасьці рэформаў. Супраць іх выступае адзін чалавек, ад якога ўсё і залежыць, — Аляксандар Лукашэнка. Апошнім часам ён пры любым зьяўленьні перад публікай, з нагоды і без нагоды, нібы рэфрэнам паўтарае тэзіс: рэформаў у Беларусі ня будзе. Нават выступаючы перад камандным складам Узброеных Сілаў Беларусі, ён узгадаў гэтую тэму.

На думку кіраўніка дзяржавы, правядзеньне рэформаў — гэта падарунак ворагам.

На нарадзе 20 кастрычніка Лукашэнка паклаў канец усім дыскусіям: «Рэформаў, якія будуць накіраваныя на ламаньне таго, што існуе, ня будзе... Падманваць людзей я не зьбіраюся, тым самым падносячы падарунак сваім ворагам і як мінімум супернікам». Такім чынам, на думку кіраўніка дзяржавы, правядзеньне рэформаў — гэта падарунак ворагам. Ён скрытыкаваў «кабінэтныя праекты», прапанаваныя на наступны год, трэба разумець, урадам.

Цікава, што ягоныя ўказаньні на гэтай нарадзе кардынальна разыходзяцца з той праграмай, якую ўрад падрыхтаваў для перамоваў з МВФ і якую прадстаўнікі ўраду прэзэнтуюць на згаданых канфэрэнцыях. Вось, напрыклад, першы намесьнік міністра эканомікі Беларусі Аляксандар Забароўскі на канфэрэнцыі 4 лістапада «Эканоміка Беларусі: зноў перад выбарам» апавядаў пра «дарожную мапу» структурных рэформаў для Беларусі, якая ўтрымлівае шэсьць разьдзелаў. У прыватнасьці, яна прадугледжвае распадзел функцыяў дзяржавы як уласьніка і рэгулятара. Гаворка ідзе пра тое, каб даць дзяржаўным прадпрыемствам вялікую самастойнасьць, каб міністэрствы, якія выступаюць ад імя дзяржавы-ўласьніка, не кантралявалі дырэктараў у кожнай драбніцы, а ацэньвалі працу па канчатковым выніку.

А вось што запатрабаваў Аляксандар Лукашэнка на нарадзе 20 кастрычніка:

«Вельмі важным зьяўляецца пытаньне росту вытворчасьці і ў сувязі з гэтым — экспарту прадукцыі, якая выпускаецца. Патрабую ад вас у гэты крызісны час расьпісаць літаральна „паштучна“, калі хочаце, кожны трактар, аўтамабіль, кіляграм мяса і малака і вызначыць, куды мы іх будзем пастаўляць, хто адказны. Кантроль — штоквартальны, па некаторых пазыцыях — штомесячны... У банках трэба зьняць усякі тлушч аж да давядзеньня канкрэтных паказчыкаў па заробку і аплаце працы ў залежнасьці ад таго, колькі яны прывезьлі ў краіну». То бок мадэль ручнога кіраваньня застаецца непахіснай, што б там ні прапаноўвалі ўрадоўцы.

Цяперашняя сацыяльная мадэль патэрналісцкай дзяржавы аптымальная для рэжыму асабістай улады. І яе зьмена нясе пагрозу ягонаму панаваньню.

Лёгіка Аляксандра Лукашэнкі ў агульным зразумелая, яна палітычная, а не эканамічная. Цяперашняя сацыяльная мадэль патэрналісцкай дзяржавы аптымальная для рэжыму асабістай улады. І яе зьмена нясе пагрозу ягонаму панаваньню.

Аснова мадэлі патэрналісцкай дзяржавы — дзяржпрадпрыемствы. Плюс бюджэтнікі, пэнсіянэры. У выніку пераважная большасьць дарослага насельніцтва залежыць ад дзяржавы. А дзяржава ў Беларусі атаясамліваецца з Лукашэнкам. Шмат людзей шчыра вераць, што заробкі і пэнсіі ім плаціць менавіта прэзыдэнт. Таму за яго і галасуюць.

Дарэчы, гэта адна з прычын, чаму кіраўніцтва Беларусі адмаўляецца ад пэнсійнай рэформы, пераходу да назапашвальнай сыстэмы. Бо апошняя прадугледжвае зьяўленьне прыватных пэнсійных фондаў. Вы ўяўляеце, пэнсіянэры будуць атрымліваць пэнсію не ад дзяржавы, а ад прыватных структураў! Гэта ж рэвалюцыя ў сьвядомасьці самага надзейнага электарату Лукашэнкі.

Акрамя таго, дзяржаўныя прадпрыемствы і ўстановы — найлепшы мэханізм мабілізацыі насельніцтва падчас электаральных кампаніяў. І мы бачылі, як гэта выдатна працуе, на мінулых выбарах.

Задача разьвіцьця краіны і задача ўтрыманьня ўлады Аляксандрам Лукашэнкам ня толькі не супадаюць, а ўсё больш разыходзяцца ў розныя бакі.

Становіцца ўсё больш відавочным, што задача разьвіцьця краіны і задача ўтрыманьня ўлады Аляксандрам Лукашэнкам ня толькі не супадаюць, а ўсё больш разыходзяцца ў розныя бакі, становяцца супрацьлеглымі, узаемавыключальнымі і нават антаганістычнымі.

Таму ніколі раней не была так прыкметная палітычная адзінота Аляксандра Лукашэнкі. Што дзіўна для чалавека, які быццам бы толькі што займеў падтрымку 83,5% выбарцаў.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG