Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі запрацавала «альтэрнатыўнае таксі» Uber


Служба выкліку прыватных кіроўцаў пакуль працуе ў тэставым рэжыме.

На менскай канфэрэнцыі «Дзелавы інтэрнэт» рэгіянальны дырэктар каліфарнійскай кампаніі Uber у Расеі Дзьмітры Ізмайлаў абвясьціў, што праца сэрвісу ў тэставым рэжыме стартавала ў Беларусі.

Ужо цяпер карыстальнікі мабільнай праграмы Uber могуць замовіць прыватнага перавозчыка.

Каб замовіць аўто, дастаткова пазначыць у мабільнай праграме сваё месцазнаходжаньне. Праграма выбера аўто, якое знаходзяцца паблізу ад карыстальніка. Кіроўцы маюць рэйтынг ад пасажыраў, кіроўцы зь нізкім рэйтынгам выключаюцца з сыстэмы. Пазначыўшы стартавы і фінішны пункты, можна адразу даведацца цану. Аплата адбываецца аўтаматычна праз крэдытную карту, якую карыстальнік пазначыў у праграме. Па сьведчаньнях першых карыстальнікаў, за выклік бяруць 45 тысяч, за кілямэтар дарогі — 7 тысяч, хвіліна прастою — 1250 рублёў. Пакуль даступныя толькі люксавыя аўто (сыстэма UberBLACK), пазьней могуць зьявіцца таньнейшыя варыянты.

Uber прапануе паездкі больш танныя, чым звычайнае таксі. Гэта таму, што кіроўцаў ня трэба навучаць, яны самі клапоцяцца пра сваю страхоўку, плоцяць іншыя падаткі, маюць уласныя ліцэнзіі. Гэта нярэдка выклікала пратэсты звычайных таксістаў у розных краінах. У Францыі пратэсты былі найбольш рэзкія, даходзіла да забароны працы безь ліцэнзіі таксіста і затрыманьня мэнэджэраў кампаніі.

У першыя дні працы Uber цяжка сказаць, зь якімі заканадаўчымі цяжкасьцямі можа сутыкнуцца Uber у Беларусі і наколькі варожа яго прымуць таксісты. Непасрэдных канкурэнтаў Uber у Беларусі няма, існуюць толькі онлайн-службы, каб замаўляць традыцыйнае таксі.

XS
SM
MD
LG