Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусі давядзецца падвышаць пэнсійны ўзрост, — экспэрт


Рыгор Марчанка

Рыгор Марчанка

Пэнсійная нагрузка на бюджэт у Беларусі ў тры разы большая, чым у Казахстане.

З абгрунтаваньнем патрэбы пэнсійнай рэформы ў Беларусі выступіў на Міжнародным фінансава-банкаўскім форуме дзяржаў СНД незалежны экспэрт Рыгор Марчанка, які раней доўгі час узначальваў Нацыянальны банк Казахстану.

У сваім выступе Марчанка прывёў некалькі лічбаў. Нагрузка на выплату дапамог-пэнсіяў пэнсіянэрам у Беларусі складае 10% ВУП. У Казахстане — 3%, у Азэрбайджане — 5%, і гэта пры тым, што сёньня пэнсія ў азэрбайджанцаў па сваіх памерах аднолькавая з пэнсіямі ў Беларусі. Калі глядзець на структуру насельніцтва, то ў Казахстане пэнсіянэры складаюць 11% ад усяго насельніцтва, у Азэрбайджане — 14, а ў Беларусі — 24.

«І таму нагрузка на бюджэт становіцца мацнейшай і мацнейшай», — лічыць Рыгор Марчанка. Выхад з гэтай сытуацыі можа быць толькі адзін — падняць пэнсійны ўзрост.

Спадар Марчанка выказаў ідэю, што пры падвышэньні пэнсійнага ўзросту трэба падвышаць плянку выхаду на пэнсію найперш для жанчын, а не мужчын. Сваё меркаваньне ён абгрунтаваў так: жанчыны жывуць болей, чым мужчыны, а на пэнсію выходзяць маладзейшымі, і таму без аднолькавых умоваў выхаду на пэнсію не абысьціся. Да таго ж былы старшыня Нацбанку Казахстану зазначыў, што калі паглядзець на склад пэнсійнага насельніцтва ў гендэрным разрэзе, то ў Беларусі 71% ад усіх пэнсіянэраў складаюць жанчыны, а ў Казахстане — толькі 55%. Гэта тлумачыцца тым, што ў Казахстане меншы, чым у Беларусі, разрыў у выхадзе на пэнсію паміж жанчынамі і мужчынамі. На думку Рыгора Марчанкі, краінам СНД трэба прыйсьці ў гэтым пытаньні да агульнага падыходу, таму што немагчыма стварыць адзіны рынак працы, калі ў розных краінах, як цяпер, выхад на пэнсію рознаўзроставы.

Сёньня ў Беларусі жанчыны выходзяць на пэнсію ў 55 гадоў, а мужчыны — у 60.

У Азербайджане пэнсійны ўзрост для жанчын — 60 гадоў, для мужчын — 63. На пачатку верасьня прайшла інфармацыя пра тое, што ўжо ў 2016 годзе плянку могуць падняць да 65 гадоў і для мужчын, і для жанчын. Асноўнай прычынай гэтага называюць недахоп фінансаваньня, зь якім можа сутыкнуцца Дзяржаўны фонд сацыяльнай абароны.

Адказваючы на пытаньне Свабоды пра становішча ў Казахстане, Рыгор Марчанка сказаў, што цяпер жанчына мае права атрымліваць пэнсію з 58 гадоў, а мужчына — з 63. Але ўжо прынятае прынцыповае рашэньне, што з 2018 году пачнецца паступовы пераход на аднолькавы ўзрост і для жанчын, і для мужчын. Цяпер вядзецца дыскусія пра тое, якая дакладна будзе пэнсійная норма.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG