Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея пацьвердзіла адпраўку ў Сырыю зэнітных ракетных комплексаў


Зэнітны ракетны комплекс, ілюстрацыйнае фота

Зэнітны ракетны комплекс, ілюстрацыйнае фота

4 лістапада Дзярждэпартамэнт ЗША паведаміў, што Расея разгарнула цяжкую артылерыю паблізу гарадоў Хомс і Хама.

Міністэрства абароны Расеі пацьвердзіла адпраўку зэнітных ракетных сыстэмаў у Сырыю. У інтэрвію «Камсамольскай праўдзе» галоўнакамандуючы Ваенна-касьмічнымі сіламі Віктар Бондараў заявіў, што артылерыю накіравалі для таго, каб прадухіліць магчымыя крадзяжы расейскіх самалётаў і зваротныя ўдары.

«Мы туды паставілі ня толькі зьнішчальнікі, штурмавікі, бамбавікі, верталёты, але і зэнітныя ракетныя сыстэмы. Таму што могуць быць рознага кшталту форс-мажорныя абставіны. Напрыклад, выкраданьне баявога самалёта на тэрыторыі сумежнай з Сырыяй дзяржавы і нанясеньне ўдару па нас», — сказаў галоўнакамандуючы ВКС Расеі.

Раней лістапада 4 высокапастаўлены супрацоўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Вікторыя Нуланд заявіла, што Расея разгарнула цяжкую артылерыю паблізу гарадоў Хомс і Хама. Масква нарошчвае сваю наземную прысутнасьць для падтрымкі наступу сырыйскіх узброеных сілаў супраць паўстанцаў, падкрэсьліла яна.

Расея з 30 верасьня праводзіць у Сырыі ваенную апэрацыю. Паводле афіцыйных дадзеных, у сярэднім за суткі авіяцыя наносіць 50-60 удараў. Масква неаднаразова заяўляла, што авіяўдары накіраваныя супраць экстрэмістаў з забароненай у Расеі групоўкі «Ісламская дзяржава». Сырыйская апазыцыя і заходнія ўрады падкрэсьліваюць, што Расея вядзе барацьбу з паўстанцкімі сіламі, якія выступаюць супраць рэжыму Башара Асада.

XS
SM
MD
LG