Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адам Глобус: «Калі мой профіль выб’юць на манэце і зьявіцца вульгарная любоў, мне стане сумна жыць сярод рабоў у хцівым ды рацыянальным сьвеце»


Мастак і літаратар распавёў Свабодзе пра свае ўражаньні ад новых беларускіх купюраў ды згадаў стары верш.

«Не як мастак, а як чалавек і грамадзянін, нават як дзіця, які ў маленстве заўсёды меў справы з манэтамі, я рады, што вяртаюцца манэты. Проста гэта вельмі добра. А што тычыцца дызайну — дызайн невыбітны. Вядома, я за талеры. Але не лічу, што і рубель дрэнна, ды й ня супраць, каб на талеры памянялася. Не шэдэўральна, але дэнамінацыя радуе. Гэта ўсё кампэнсуецца тым, што вяртаюцца манэты ва ўжытак.

Адам Глобус

Адам Глобус

Радуе сама зьява. Ну а які быў мастак, такі... Мастака ж кожны можа пакрыўдзіць. У нас жа яшчэ вялікі сакрэт, хто там мастак. Хаця мне здаецца, што чалавек, які зрабіў грошы, мог бы ганарыцца.

Хаця я думаю, што лепей зрабілі б конкурс. Народнае абмеркаваньне магло б быць.

Яно ж будзе па-любому, проста яно будзе пасьля. А я заўсёды казаў, што калі мастака пакрыўдзяць, ён можа пачаць маляваць фальшывыя грошы!

1000 нямецкіх марак з братамі Грым сэрыі 1989/90

1000 нямецкіх марак з братамі Грым сэрыі 1989/90

Мне чамусьці падабаецца больш, калі на грошах і на манетах постаці вялікіх людзей, гэта больш правільна. Ня ведаю, чаму, але я хацеў бы там бачыць Коласа, Купалу, Багдановіча... Тых, хто ствараў нашую культуру, кім мы ганармся. Князёў-галаварэзаў я ніколі не любіў. Я вельмі радаваўся, калі ў галяндцаў быў мастак Ван Гог, філёзаф Сьпіноза. Я вельмі любіў маркі з Братамі Грым, пісэты з Хімэнэсам. Мяне цешыла, што разумныя, адукаваныя, творчыя людзі. А князі — чым яны адметныя, што нарадзіліся князямі? Ці што забівалі, прыхоплівалі тэрыторыі? А пісьменьнікі прыносілі нам славу. І спартоўцы прыносілі славу, я ня супраць, каб была манэта ці купюра з хакеістам Салеем.

100 нарвэскіх кронаў

100 нарвэскіх кронаў

Наогул, я за мінімалізм, я б рабіў больш мінімалістычна, асабліва папяровыя грошы. Былі нарвэскія мінімалістычныя купюры, ізраільскія былі вельмі добрыя манэты мінімалістычныя. Не, я ня супраць архітэктуры. І тое, што на эўра масты — гэта таксама мяне вельмі радуе. Тое, што ў нас замкі і саборы — добра, я не лічу, што гэта кепска. Што радавала, што былі нейкія набыткі. Што на тысячы рублёў быў натурморт Хруцкага. Хруцкага знайшлі — можна было б працягваць традыцыю.

Тое, што цяпер «зайчыкамі» не назавуць, дык няхай. Але ўсё роўна народ складзе показкі пра грошы. Як савецкі рубель называлі «лысым», бо там Ленін намаляваны, ці дзесяць рублёў называлі «чырвонцам», бо чырвоныя былі. Ёсьць яшчэ адна цікавая залежнасьць: мастакі пачнуць пісаць карціны, падобныя да грошай. Я адсочваў у савецкія часы: карычневыя карціны, падобныя да 100 рублёў, пісалі «дарагія» мастакі накшталт Савіцкага, а вось Кішчанка быў мастаком ніжэйшага рангу, ён пісаў фіялетавыя карціны, «на дваццацьпятку», самыя просьценькія мастакі пісалі зялёныя пэйзажы «на тры рублі». Дык і цяпер зьявяцца мастакі, якія несьвядома будуць пісаць карціны, падобныя да грошай. Ці як рабілі кліпы: хочаш зрабіць папсовы кліп, бярэш краявід зь 50 рублёў, Мірскі замак. І народу будзе падабацца такі краявід, бо народ любіць грошы. Палюбіць і гэтыя грошы.

Профіль

Калі мой профіль выб’юць на манэце,
І зьявіцца вульгарная любоў, —
Мне стане сумна жыць сярод рабоў,
У хцівым ды рацыянальным свеце.
Тады, хай прыйдзе фальшываманэтчык,
Каб маса грошай выйшла зь берагоў,
Калі мой профіль выб’юць на манэце,
І зьявіцца вульгарная любоў.
Хай: на банкнотах более нулёў,
Манэты павыкідваюцца дзецям,
Дэнамінацыя зьядае каралёў,
Каб шлях па колу распачаць наноў,
Калі мой профіль выб’юць на манэце

Адам Глобус, 2004

XS
SM
MD
LG