Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чаму я мушу плаціць за бясплатнае навучаньне ў сем разоў больш, чым за платнае?»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Магілёве выпускніца каледжа не пажадала працаваць у арганізацыі, якая яе накіравала вучыцца. Дзяўчына парушыла дамову аб мэтавым разьмеркаваньні, і яе праз суд абавязалі сплаціць выдаткі, зьвязаныя з вучобаю. У судах высьветлілася, што бясплатнае навучаньне абыходзіцца даражэй за платнае. Бясплатнае, паводле Кавалёвай, каштуе ў сем разоў болей.

Ірына Кавалёва адвучылася год і чатыры месяцы ў Магілёўскім прафэсійна-тэхнічным гандлёвым каледжы спажыўкаапэрацыі. З матэрыялаў судовай справы вынікае, што накіравала яе на вучобу гандлёвае прадпрыемства «Магілёўская міжрайбаза». Зь дзяўчынай заключылі трохбаковую дамову. Выпускніца мелася адпрацаваць год, гэтак было пазначана ў дамове.

Кавалёва цьвердзіць: тэрмін навучаньня ў рэклямных абвестках, якія яна праглядала, выбіраючы месца вучобы, быў 10 месяцаў, і гэта паўплывала на яе рашэньне, дзе вучыцца. Праз тры месяцы вучобы ёй стала вядома, што вучыцца яна мусіць шаснаццаць месяцаў замест дзесяці. Яе гэта не задавальняла, але сысьці з навучальнай установы не было куды, і яна засталася. А па сканчэньні каледжа на працу ў Міжрайбазу не зьявілася.

Прадпрыемства зьвярнулася ў суд, каб Кавалёва аплаціла кошт навучаньня — больш за 26 мільёнаў рублёў. Яшчэ да суду былая выпускніца выплаціла больш за трынаццаць мільёнаў, каб пазьбегчы прэтэнзіяў з боку Міжрайбазы і навучальнай установы, але іх не хапіла.

«Я разьлічвала гэтую суму з таго, колькі плацяць мае аднакурсьнікі за навучаньне на платнай аснове, — тлумачыць былая выпускніца каледжа. — Меркавала, што не намнога будзе розьніца. Але атрымала рахунак з выдаткамі ў сем разоў большы. Гэта проста абсурд. Платнікі плацілі крыху больш за тры мільёны, а мне трэба амаль 27 мільёнаў. Цяпер жа ў іх навучаюцца платнікі за 6 мільёнаў».

Я разьлічвала гэтую суму з таго, колькі плацяць мае аднакурсьнікі за навучаньне на платнай аснове. Але атрымала рахунак у сем разоў большы.

З гэтых шэсьці мільёнаў дзяўчына і зыходзіла, калі вылічвала выдаткі на сваё навучаньне разам са стыпэндыямі. «Нават мільён пераплаціла», — кажа Кавалёва.

І Ленінскі раённы суд Магілёва, і абласны суд падтрымалі пазыцыю апанэнтаў Ірыны Кавалёвай. Паводле іх рашэньня, былая выпускніца знаёмілася з дамоваю, яе падпісала, і акалічнасьці навучаньня былі ёй вядомыя.

Сама ж Кавалёва лічыць, што суды абышліся зь ёю несправядліва. Дзяўчына настойвае, што ня ведала пра падаўжэньне тэрмінаў навучаньня. Увагу журналіста засяроджвае на супярэчнасьцях:

«Суды не прынялі да ўвагі, што дамова была заключаная са мной у ліпені, а рашэньне пра падаўжэньне тэрміну навучаньня было прынята ў жніўні. І на момант заключэньня дамовы мне не маглі сказаць пра гэтую акалічнасьць», — даводзіць Ірына Кавалёва.

Паводле былой выпускніцы каледжа, яшчэ адной прычынай невыкананьня дамовы стаў памер заробку:

«У мяне ёсьць папера пра мой аклад у 500 тысяч рублёў з капейкамі. Гэта адна з прычынаў».

На судзе прадстаўніца арганізацыі, куды мелася прыйсьці на працу Кавалёва, назвала суму заробкаў непраўдзівай. Прадстаўнікі ж навучальнай установы заявілі, што параўноўваць кошт платнай формы навучаньня зь бясплатнай — няслушна. Бясплатнае навучаньне, паводле іх, улічвае «фактычныя затраты на падрыхтоўку спэцыяліста». Платнае навучаньне стратнае. Навучальная ўстанова ня можа падвышаць на яго кошт, бо на гэта дзейнічае мараторый. Апанэнты Кавалёвай даводзілі суду, што ў выпускніцы была магчымасьць скасаваць дамову, але яна гэтага не зрабіла. Паводле іх, пра тэрміны навучаньня былая выпускніца ведала. Прычынаў незьяўленьня на працу не патлумачыла.

У гутарцы з журналістам прадстаўніца Міжрайбазы пагадзілася, што судовая цяжба з Кавалёвай — прэцэдэнт. Паводле суразмоўніцы, ужо былі выпадкі, калі выпускнікі навучальнай установы не зьяўляліся, як і Кавалёва, на месца працы. «Але такіх было няшмат», — заўважыла яна. Будучыя выпускнікі, дадала юрыстка, зьвяртаюць увагу на патрабаваньні дамовы, тэрмін навучаньня і памер выдаткаў.

Навучаньне платнае, бясплатнае і мэтавае па сумах аплаты будзе адрозьнівацца

«Сапраўды, навучаньне платнае, бясплатнае і мэтавае па сумах аплаты будзе адрозьнівацца. Гэта зьвязана з тымі затратамі, якія ўстаноўленыя нарматыўнымі дакумэнтамі. Зразумейце, сама навучальная ўстанова нічога не вызначае. Ёй даводзіць спэцыяльныя нарматывы міністэрства ці ведамства, і зыходзячы з гэтага сума разьлічваецца. Усё гэта робіцца ў межах закону. Нічога незаконнага тут няма», — зазначыла прадстаўніца на судзе ад Міжрайбазы.

Студэнты і навучэнцы магілёўскіх навучальных устаноў у гутарцы з карэспандэнтам прызнаваліся, што ніколі не цікавіліся, колькі каштуе платнае і бясплатнае навучаньне. Многія выказвалі гэткае ж меркаваньне, як гэты малады чалавек:

«Платнае навучаньне, мяркую, будзе даражэй за бясплатнае».

Мінус бясплатнага навучаньня для студэнтаў — у тым, што давядзецца працаваць па разьмеркаваньні.

«А куды нам падзецца ад гэтага разьмеркаваньня? — заўважае адна са студэнтак. — Як адправяць па разьмеркаваньні, дык адпрацую два гады, а далей як атрымаецца. Калі не захачу, то трэба выплаціць за пяць гадоў, здаецца, 115 мільёнаў. Цану могуць зьмяніць».

«Я на платным вучуся, — далучаецца да гутаркі яшчэ адзін студэнт. — На маю думку, лепей пайсьці на платнае, каб потым не адпрацоўваць у нейкай вёсцы невядома дзе. У мяне крыху іншыя пэрспэктывы. Я наагул не зьбіраюся працаваць па сваёй спэцыяльнасьці».

У навучальных установах не ўдалося высьветліць, колькі выпускнікоў не зьяўляюцца па разьмеркаваньні на месцы працы і колькі з іх аплачваюць навучаньне.

Што да Ірыны Кавалёвай, то, хутчэй за ўсё, яна будзе вымушана выплаціць усю суму. Хоць у гутарцы з журналістам яна сказала, што яшчэ пазмагаецца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG