Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна: Бітва за Генадзя Корбана


Акцыя ў падтрымку генадзя Корбана ў Кіеве
Акцыя ў падтрымку генадзя Корбана ў Кіеве

Затрыманьне 45-гадовага днепрапятроўскага бізнэсоўца і палітыка Генадзя Корбана застаецца ў цэнтры ўвагі ўкраінскага грамадзтва. Палітолягі не выключаюць, што справа Корбана можа стаць дэтанатарам чарговага палітычнага крызысу ва Ўкраіне.

Генадзь Корбан, лідэр партыі «Ўкроп» (Украінскае аб’яднаньне патрыётаў) і кіраўнік Фонду абароны Ўкраіны, які пацярпеў паразу на нядаўніх выбарах мэра Кіева, быў затрыманы 31 кастрычніка ў Днепрапятроўску ў ходзе спэцапэрацыі Службы бясьпекі Ўкраіны (СБУ).

Паплечніка ўкраінскага алігарха Ігара Каламойскага падазраюць у стварэньні арганізаванай злачыннай групоўкі. На яе рахунку, як сьцьвярджае сьледзтва, выкраданьні і забойствы ня толькі канкурэнтаў па бізнэсе, але і афіцэра СБУ, а таксама рэйдэрскі захоп прадпрыемства. Акрамя гэтага, Корбана падазраюць у прысваеньні 40 млн грыўняў (каля двух мільёнаў долараў), прызначаных для ўдзельнікаў баявых дзеяньняў на ўсходзе Ўкраіны, ухіленьні ад выплаты падаткаў, прысваеньні і растраце дзяржаўнай маёмасьці.

Па справе Корбана быў затрыманы і Міхаіл Кашляк. Яго называюць кіраўніком «сілавога» крыла імпэрыі Ігара Каламойскага. У дамах фігурантаў гэтай гучнай справы і іх сваякоў у Днепрапятроўску адбыліся ператрусы. Частка эпізодаў крымінальнай справы зьвязаная з Чарнігавам, і ў адным з раённых судоў гэтага горада зранку 3 лістапада Генадзю Корбану павінны былі абраць меру стрыманьня, аднак судовае паседжаньне так і не адбылося. Нечакана ў зале зьявіліся супрацоўнікі СБУ і павезьлі падазраванага ў кіеўскі сьледчы ізалятар. Вось што распавядае пра падзеі 3 лістапада паплечнік Корбана, адзін зь лідэраў «Укропу», дэпутат Вярхоўнай Рады Віталь Купрый:

Віталь Купрый
Віталь Купрый

Віталь Купрый: У 8.40 раніцы скончыўся 72-гадзінны тэрмін затрыманьня Корбана пад вартай, і канвой у зале суду яго адпусьціў. Гаворка ідзе пра Новазавадзкі райсуд Чарнігаву. Пасьля гэтага супрацоўнікі СБУ зьдзейсьнілі яго паўторнае выкраданьне і вывезьлі ў Кіеў. Мы лічым, што гэтае выкраданьне павінна быць расьсьледаванае.

РС: На вашу думку, якая рэальная прычына затрыманьня Генадзя Корбана?

Віталь Купрый: Гэта жаданьне прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі расправіцца з патрыятычна настроенымі апанэнтамі, зь людзьмі, якія маюць уласную пазыцыю, якія змагаюцца з карупцыяй і абараняюць інтарэсы Ўкраіны. Гэта адназначна. І ў сьпісе непажаданых для ўлады ня толькі Генадзь Корбан, але і арыштаваныя раней сябра Радыкальнай партыі Ігар Масійчук, прадстаўнікі праварадыкальнай «Свабоды», «Правага сектару» і добраахвотных батальёнаў. Вельмі многіх кінулі за краты па сфабрыкаваных крымінальных справах.

РС: Ці зьвязана затрыманьне лідэра «Ўкропу» з мінулымі ва Ўкраіне мясцовымі выбарамі?

Віталь Купрый: Да мясцовых выбараў 25 кастрычніка яны баяліся затрымліваць Корбана. Чаму? У нас цяпер сярэдні рэйтынг партыі, якой усяго 4 месяцы, складае 8% па ўсёй Украіне. Гэта значыць, мы адназначна пераадольваем 5-працэнтны бар’ер і праходзім у Вярхоўную Раду, калі будуць датэрміновыя парлямэнцкія выбары. А калі б гэта затрыманне было да выбараў, то ў нас ужо было б 15% падтрымкі выбаршчыкаў. Вы б бачылі, як цяпер згуртавалася патрыятычная грамадзкасьць вакол нашай партыі.

Барацьба Пятра Парашэнкі і Ігара Каламойскага (карыкатура Аляксея Кустоўскага)
Барацьба Пятра Парашэнкі і Ігара Каламойскага (карыкатура Аляксея Кустоўскага)

Паводле заявы Генпракуратуры Ўкраіны, раніцай 3 лістапада Генадзя Корбана паўторна затрымалі ў Чарнігаве ў рамках новай крымінальнай вытворчасьці. Што канкрэтна інкрымінуюць палітыку, у пракуратуры паведаміць адмовіліся, спасылаючыся на «канфідэнцыйныя абставіны» гэтай новай справы.

Чыстай палітыкай назваў крымінальныя справы супраць свайго паплечніка алігарх Ігар Каламойскі. З палітыкай і усталяваньнем манаполіі на ўладу зьвязваюць затрыманьне Корбана і дзьве партыі парлямэнцкай кааліцыі — «Народны фронт» прэм’ер-міністра Арсеня Яцанюка і «Бацькаўшчына» экс-прэм’ера Юліі Цімашэнкі. Кажа адзін зь лідэраў «Бацькаўшчыны», пісьменнік Уладзімір Яварыўскі.

Уладзімір Яварыўскі
Уладзімір Яварыўскі

Уладзімір Яварыўскі: Гэта проста глупства ўлады, якая адчувае сваю беспакаранасьць. Ва ўкраінскім грамадзтве ўжо сасьпелі вобразы, імёны тых людзей, якія ў большай ці меншай ступені прывялі Ўкраіну, уцягнулі і завялі яе ў расейска-ўкраінскую вайну. Гэтыя асобы, іх імёны сёньня ведае кожны ўкраінец. І кожны чакае пакараньня. Грамадзтва чакае ўжо другі год. Ёсьць яшчэ адзін паверх гэтай праблемы: гэта людзі, якія сядзяць у Вярхоўнай Радзе і нібыта рэпрэзэнтуюць Апазыцыйны блёк. Многія зь іх ужо даўно павінны сядзець за кратамі, але яны сёньня разгульваюць па Ўкраіне. Што тычыцца Корбана, я не зьяўляюся яго прыхільнікам і да яго палітычнай сілы стаўлюся іранічна. Аднак Корбан разам з Каламойскім спынілі Пуціна, спынілі расейскую агрэсію ня толькі на мяжы Днепрапятроўскай вобласьці. Перакананы, што калі б не яны, то гэты рэгіён быў бы захоплены, а пасьля гэтага Пуцін мог бы захапіць і Харкаўскую, Запароскую, Херсонскую, Мікалаеўскую і Адэскую вобласьці. І сёньня арыштоўваць Корбана... Так, да яго можа быць шмат прэтэнзій. Але гэта чалавек, які стварыў Фонд абароны Ўкраіны, сродкі зь якога накіроўваліся на вайну, і сёньня вінаваціць яго ў тым, што ён ня так гэтыя грошы выкарыстаў — можа, гэта і праўда, але варта ўлічваць, што гэта вайна. Мяркую, што гэта велізарнае глупства ўлады, што яны зьвязаліся з «Укропам», а праз гэтую партыю і з украінскім грамадзтвам. Я перакананы, што ўлада вымушана будзе выпусьціць Корбана.

Між тым сытуацыя ва ўкраінскай сталіцы напальваецца. Апанэнты кіраўніка дзяржавы ў Вярхоўнай Радзе пагражаюць яму новым Майданам. Увечары 2 лістапада вялася стральба па вокнах кабінэта Генпракурора Украіны Віктара Шокіна. У гэты момант Шокін праводзіў нараду, і толькі браніранае шкло, як заявіў галоўны ваенны пракурор Анатоль Маціёс, выратавала жыцьцё генпракурору і яго падначаленым, якія трапілі пад абстрэл снайпэра. Ці зьвязаны гэты інцыдэнт з затрыманьнем Корбана — пакуль не вядома.

Аб выніках «Укропу» на мясцовых выбарах і пэрспэктывах крымінальных справаў у дачыненьні да лідэра гэтай партыі разважае кіраўнік Цэнтру «Трэці сэктар» Андрэй Залатароў.

Альбо ўлада набудзе больш аўтарытарныя рысы, альбо гэта можа скончыцца вайной усіх супраць усіх.

Андрэй Залатароў: Абаронцы Корбана акцэнтуюць увагу на яго палітычным перасьледзе, аднак гэтая вэрсія не вытрымлівае крытыкі хоць бы таму, што акрамя базавых рэгіёнаў, дзе чакаўся посьпех «Укропу», нідзе гэтая партыя не атрымала такіх вынікаў, якія дазвалялі б ёй фармаваць большасьць у мясцовых радах, стаць там магутнай апазыцыйнай сілай. «Укроп» атрымаў досыць добрыя вынікі для новай партыі, але не настолькі добрыя, каб уяўляць пагрозу для ўлады. Відавочна, што цяперашняе сутыкненьне рана ці позна павінна было адбыцца. Калі судзіць па Днепрапятроўску, то ўдар быў нанесены па ценявых гаспадарах гораду, у руках якіх было амаль усё і якія ні за што не адказвалі. Трывогу ва ўладзе, хутчэй за ўсё, выклікаў вось гэты патэнцыял. Гэтая групоўка ахоплівала ў Днепрапятроўску не проста «браткоў» з фірмы «Ліён» — ахоўнай фірмы, якая складаецца з 500 чалавек, якія займаліся сілавым прыкрыцьцём. Але гэта таксама і чыноўнікі, і супрацоўнікі праваахоўных органаў, і актывісты-супольнікі па выкліку, гэта значыць, цэлы спрут, які кантраляваў ключавы для краіны горад. Як будуць разьвівацца падзеі? Мне здаецца, што Каламойскі дыстанцуецца ад Корбана, і Корбан, хутчэй за ўсё, застанецца пад вартай. Сам канфлікт будзе працягвацца і набіраць абароты. Пэрспэктывы тут толькі дзьве: альбо вэртыкаль улады цэмэнтуецца, што мы ўбачылі на мясцовых выбарах, і ўлада набудзе больш аўтарытарныя рысы, альбо гэта можа скончыцца вайной усіх супраць усіх з непрадказальнымі наступствамі.

РС: Мяркуючы па ўсім, Ігар Каламойскі не адмовіўся ад помсты Пятру Парашэнку за страту часткі сваіх актываў, але чаму вы лічыце, што Каламойскі цяпер будзе дыстанцыявацца ад Генадзя Корбана?

Андрэй Залатароў: Каламойскі рыхтуецца падштурхнуць таго, хто падае, гэта значыць, калі ён убачыць, што ўлада хістаецца, Каламойскі, як казаў Корбан, атрымлівае перамогу і вынік на стале. Калі ён убачыць спрыяльную для яго тэндэнцыю — ён падштурхне таго, хто падае. Зараз ісьці на поўнамаштабны канфлікт з прэзыдэнтам ён не гатовы. Ясна, што кіраўнік дзяржавы, не забясьпечыўшы сабе тылы, не пайшоў бы на такога маштабу атаку. Парашэнка не падобны да авантурыста. Хутчэй за ўсё, Каламойскі разумее, што ў дадзены момант бессэнсоўна падымацца ў поўны рост, і, відавочна, ён дыстанцуецца ад Корбана. Шмат у чым рэальны палітычны расклад у краіне будзе відавочны 15 лістапада. Вынікі выбараў у Днепрапятроўску шмат у чым усё расставяць на свае месцы.

15 лістапада адбудзецца другі тур выбараў мэра ў Днепрапятроўску і ў шэрагу іншых буйных гарадоў Украіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG