Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Баранавічах дзьве дзяўчынкі пайшлі ў адзіную ў горадзе беларускую клясу


Аліса Філіпчык (зьлева) і Яся Малашчанка

Аліса Філіпчык (зьлева) і Яся Малашчанка

Больш за паўтара года зьвярталіся да чыноўнікаў бацькі дзьвюх дзяўчынак, каб адчыніць у Баранавічах для іх беларускую клясу. Для Ясі Малашчанкі і Алісы Філіпчык клясу адкрылі толькі з другой чвэрці гэтага навучальнага году.

Як распавяла Свабодзе маці Ясі — Тацяна Малашчанка, адкрыць беларускую шостую клясу ў гімназіі № 4 распарадзіўся старшыня Баранавіцкага гарвыканкаму Юры Грамакоўскі. Да гэтага бацькі прайшлі шмат кабінэтаў чыноўнікаў, пісалі лісты як мясцовым, так і рэспубліканскім уладам, рыхтаваліся нават судзіцца, каб адстойваць канстытуцыйнае права дзяцей навучацца па-беларуску.

Тацяна Малашчанка, маці Ясі

Тацяна Малашчанка, маці Ясі

«Змагаліся доўга, але неяк нечакана дазволілі. Ня ведалі, што вось так сярод навучальнага году дазволяць адчыніць. Пакуль усё добра, дзеці задаволеныя. Мы не адхіляліся ад сваёй мэты. Зразумелі, што мы не адступімся. Вырашальны голас быў старшыні гарвыканкаму. Адразу і разьвязалася ўся праблема», — распавяла Тацяна Малашчанка.

Карэспандэнт Свабоды наведаў з спадарыняй Малашчанкай гімназію № 4, якая месьціцца ў цэнтры Баранавічаў. Дзяўчынкі хоць і саромеліся журналіста, але ня ўтойвалі сваёй радасьці ад беларускай клясы:

«Вельмі добра. Пасьля ранейшай клясы нашмат лепей», — кажа Яся Малашчанка.

Карэспандэнт: «А ня цяжка, што вас толькі двое?»

Яся: «Наадварот, вельмі добра. Гэта лепш, таму што прыходзіцца ўвесь час працаваць, а ў вялікай клясе можна было калісьці проста сядзець».

Тацяна Малашчанка зь беларускамоўнымі шасьціклясьніцамі ў гімназіі

Тацяна Малашчанка зь беларускамоўнымі шасьціклясьніцамі ў гімназіі

На пытаньне, які прадмет дзяўчаткам больш падабаецца, адказваюць, што беларуская мова. Кажуць, што ў школе да іх добра ставяцца і настаўнікі, і вучні. Яся кажа, што ў будучыні хоча працаваць у прытулку для бяздомных жывёлаў.

Дырэктар гімназіі № 4 Вадзім Шчарбакоў распавёў, што задаволены, што беларуская кляса адкрытая ў яго навучальнай установе. Кажа, што вялікага клопату зь ёй няма:

«Напачатку былі пытаньні па камплектацыі. Паводле нарматываў кляса павінна быць ад 20 чалавек. А тут два чалавекі. Але мэр наш пайшоў насустрач, калі да яго зьвярнуліся. У выніку атрымалася так, што для гэтых дзьвюх дзяўчатак нашых, Алісы і Ясі, адкрылася гэтая кляса. І зараз, я думаю, праблемаў ніякіх ня будзе. Мы будзем дабіраць, даём абвесткі, што ў гэтую клясу беларускамоўную будзем набіраць яшчэ дзяцей. Мы толькі „за“».

Гімназія № 4 г. Баранавічы

Гімназія № 4 г. Баранавічы

У Баранавічах, паводле афіцыйных зьвестак, каля 180 тысяч жыхароў. Толькі ў адной гімназіі № 4 цяпер дзейнічае шостая кляса зь беларускамоўным навучаньнем.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG