Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тарас пра расейскі Дзень народнага адзінства: Расея ідзе ад камунізму да імпэрыялізму


Анатоль Тарас
Анатоль Тарас

Гісторык, аўтар навукова-папулярнай кнігі «Анатомія нянавісьці. Руска-польскія канфлікты ў XVIII–XX стст.» Анатоль Тарас называе Дзень народнага адзінства ў Расеі «імпэрскім сьвятам» і раіць беларусам абыякава ставіцца да яго.

«Дзень народнага адзінства прымеркаваны да падзеі 1612 году, калі апалчэньне пад кіраўніцтвам Мініна і Пажарскага ўступіла ў Кітай-горад, адцясьніўшы ў Крэмль войскі палякаў. Але насамрэч ніякага нападу палякаў не было, былі дзеяньні прыватных асобаў. Напад палякаў адбыўся значна пазьней, калі кароль Жыгімонт пайшоў вайной на Смаленск. Тады сапраўды была вайна. Цікава, што гэты факт у гісторыі шырока абмеркаваны навукоўцамі, і найперш расейскімі. Але навука — гэта адно, а прапаганда і сьвядомасьць масаў — гэта зусім іншае.

Беларусам варта абыякава ставіцца да гэтага дня. Хоць зафіксаваны факт, што ў падзеях 1612 году ўдзельнічала і шмат наёмнікаў-беларусаў, якія за грошы пайшлі пад штандары польскіх палявых камандзіраў», — сказаў гісторык.

Анатоль Тарас мяркуе, што ў Расеі адбылася трансфармацыя камуністычнай сьвядомасьці ў сьвядомасьць імпэрскую:

«Адмена сьвяткаваньня Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі 7 лістапада і ўвод новага сьвята, падчас якога праводзяцца разнастайныя „рускія маршы“, выразна сьведчыць пра гэта. Адбыўся адыход ад клясычнай камуністычнай ідэалёгіі ў бок ідэалёгіі імпэрскай. А калі ідэалёгія імпэрская, то карані яе мусяць ісьці ў царскую Расею, самадзяржаўе і праваслаўе».

4 лістапада ў Расеі адзначаюць Дзень народнага адзінства. З гэтай нагоды ў Маскве і іншых гарадах краіны праходзяць «Рускія маршы», а таксама акцыі ў падтрымку сэпаратыстаў на Данбасе.

На расейскім форуме massovki.ru створаныя некалькі тэмаў, дзе можна запісацца на ўдзел у тым ці іншым мітынгу і атрымаць за гэта грашовае ўзнагароджаньне. Стандартны кошт — 300 расейскіх рублёў. У якасьці бонуса некаторыя арганізатары прапаноўваюць перад пачаткам акцыі сагрэцца каньяком.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG