Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці пераканаюць Крэмль аргумэнты беларускага кіраўніцтва наконт непатрэбнасьці расейскай авіябазы ў Беларусі? Ці будзе Масква настойліва ціснуць у гэтым пытаньні — альбо вырашыць проста заплаціць? На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць кіраўнік праекту Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў і кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі.

Віталь Цыганкоў

Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: За апошнія тыдні, пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, вышэйшае кіраўніцтва Беларусі ўжо нават некалькі разоў заяўляла, што Беларусі (дый Расеі) расейская база не патрэбная. Ці пераканаюць такія аргумэнты Крэмль?

Класкоўскі: Сапраўды, Лукашэнка і перад выбарамі, і на ўчастку двойчы даволі рэзка выказаўся наконт базы, і адразу атрымаў закіды ў свой бок, што ён займаецца піярам перад Захадам. Але і пасьля выбараў Лукашэнка двойчы даволі рэзка і ў непрымальнай для Крамля форме выказаўся на гэтую тэму, а ўсьлед за ім і міністар замежных спраў Макей. І гэта сьведчаньне таго, што пытаньне пра разьмяшчэньне расейскай авіябазы для Лукашэнкі прынцыповае — ён абараняе свае ўладныя прэрагатывы.

Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі

Як аўтарытарны кіраўнік ён хоча быць поўным гаспадаром у сваёй краіне. А такая база — гэта небясьпечнае чужароднае цела. З расейскай базы ў Крыме пачалася крывавая ўкраінская драма. І Лукашэнка разумее, што, пагадзіўшыся на базу, заглыне кручок, які Масква будзе трымаць і ня дасьць тузануцца.

Для Крамля гэтая база мае найперш палітычнае ці нават псыхалягічнае значэньне. Гэта такі кулак у бок НАТО — маўляў, у нас ёсьць чым адказаць. Але і вайскова-стратэгічны момант, натуральна, мае месца — усё ж з Бабруйску бліжэй да нейкіх імаверных цэляў. Што тычыцца аргумэнтаў зь беларускага боку, то яны слушныя — маўляў, калі трэба, то калі ласка, у нас шмат аэрадромаў, можна прыняць сотні самалётаў. Натуральна, гэтыя аргумэнты злуюць Маскву, але яна не падае выгляду, бо цяпер сварыцца зь Менскам недарэчы — і Лукашэнка гэта адчувае. Ён зацягвае час і падымае стаўкі на перамовах. А цягнуць рызіну ён умее — дастаткова згадаць больш як 10-гадовы досьвед стварэньня так званай адзінай сыстэмы супрацьпаветранай абароны, якая і дасюль адзіная вельмі ўмоўна.

Андрэй Паротнікаў

Андрэй Паротнікаў

Паротнікаў: Расейская база — гэта хутчэй не адказ варожаму блёку НАТО, а замацаваньне тэрыторыі за сабой, дэманстрацыя Захаду, што «тут русский дух, тут Русью пахнет». І я думаю, што аргумэнты, якія прыводзіць беларускае кіраўніцтва (дарэчы, ня толькі Лукашэнка і Макей, але і міністар абароны Раўкоў), ні ў чым Крэмль не пераканаюць. Бо для Расеі, якая цярпіць на імпэрскі сындром, вельмі важна мець вакол сябе сатэлітаў. Раней гэтая ляяльнасьць куплялася за нейкія фінансавыя пернікі, але цяпер сытуацыя зьмянілася.

Лукашэнка шчыра сказаў, чаму ён не ідзе на стварэньне базы. Гэта ня боязь нейкага там крымскага сцэнару. Ён адзначыў, што стварэньне базы выкліча праблемы ў адносінах з Захадам і для Расеі, і для Беларусі. Вядома, гэта такое круцельства, бо праблемы будуць перш за ўсё ў Беларусі.

Цыганкоў: Як можа беларускі бок адмаўляцца ад базы, калі падпісана даволі шмат дакумэнтаў аб ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве з Расеяй, калі існуе агульная групоўка войскаў і Расея, па сутнасьці, проста можа патрабаваць выкананьня гэтых пагадненьняў? Ці ня так?

Гэтая база не прадугледжаная ані ў якіх дакумэнтах — прынамсі, тых, якія вядомыя і знаходзяцца ў адкрытым доступе.

Паротнікаў: Гэтая база не прадугледжаная ані ў якіх дакумэнтах — прынамсі, тых, якія вядомыя і знаходзяцца ў адкрытым доступе. Такая база, як вынікае з заяваў расейскіх кіраўнікоў, прадугледжаная вуснымі дамоўленасьцямі паміж беларускімі і расейскімі лідэрамі ад 2009 году, калі падпісвалася дамова аб стварэньні адзінай сыстэмы рэгіянальнай супрацьпаветранай абароны. Але 2009 год — гэта была зусім іншая сытуацыя ў рэгіёне, цяпер яна кардынальна зьмянілася.

Цыганкоў: Дык ці ўдасца Менску адбіцца і на якіх умовах? Наколькі можа быць моцным ціск Масквы, што Масква запатрабуе ўзамен?

Класкоўскі: Трэба адзначыць, што Пуцін у верасьні падпісаў толькі распараджэньне аб правядзеньні перамоваў пра імавернае разьмяшчэньне базы ў Беларусі. Ніякага сумеснага рашэньня пакуль няма.

Натуральна, Масква пры вялікім жаданьні здольная выкруціць рукі. Але шанцы адбіцца ў Менску ёсьць. Па-першае, Масква сапраўды ня хоча зараз сварыцца з хаўрусьнікам. Больш за тое, Крэмль хоча зьняць напружаньне ў дачыненьнях з Захадам, магчыма, выйсьці з-пад санкцыяў. Менавіта дзеля гэтага разыгрываецца і сырыйская карта.

Беларускі бок можа пераканаць Маскву, што яму лепей выглядаць пасярэднікам, а не сатэлітам — то бок быць мэдыятарам у дачыненьнях з Захадам.

І, нарэшце, беларускі бок можа пераканаць Маскву, што яму лепей выглядаць пасярэднікам, а не сатэлітам — то бок быць мэдыятарам у дачыненьнях з Захадам. Таксама ёсьць варыянт, што Масква проста праплоціць гэтую базу — варыянт імаверны з улікам адчайнага эканамічнага стану Беларусі.

Паротнікаў: Калі ў іх была магчымасьць плаціць — яны плацілі. Цяпер у іх такой магчымасьці амаль няма. Праблема ў тым. што ў Крамлі перамаглі ястрабы са спэцслужбаў — людзі, якія не ўяўляюць, што такое вайна. Яны цяпер фактычна вядуць рэй у расейскай палітыцы.

Я ня думаю, што пасьля таго, як за базу «падпісаўся» і міністар абароны, і прэм’ер-міністар, і прэзыдэнт Пуцін — беларускае кіраўніцтва проста адаб’ецца тлумачэньнямі, што гэта пагоршыць адносіны з Захадам. Плаціць, мне здаецца, таксама ніхто ня будзе, бо Расея псыхалягічна мабілізуецца, і калі існуе «зьнешняя пагроза», пра якія грошы гаворка?

У Крамлі перамаглі ястрабы са спэцслужбаў — людзі, якія не ўяўляюць, што такое вайна. Яны цяпер фактычна вядуць рэй у расейскай палітыцы.

Летась старшыня камітэту Дзярждумы Расеі па абароне Франц Клінцэвіч заявіў, што існуе пагадненьне аб перадачы Беларусьсю Расеі двух аэрадромаў. Таму — пытаньне занадта сур’ёзнае, каб ад яго можна было адбіцца заявамі. Я думаю, ціск Масквы будзе моцны.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG