Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура аднавіла расьсьледаваньне аб атручваньні Цярэшчанкі


Віктар Цярэшчанка

Віктар Цярэшчанка

Эканаміст Віктар Цярэшчанка, які спрабаваў стаць кандыдатам на прэзыдэнта Беларусі, дамогся афіцыйнага ўзнаўленьня справы аб сваім атручваньні.

Пра тое, што гэтая справа накіраваная на дадатковае расьсьледаваньне, стала вядома з афіцыйнага адказу пракурора Ленінскага раёну Менску спадара Ўкраінца на скаргу былога прэтэндэнта. Пракуратура, як і прасіў Цярэшчанка, адмяніла пастанову раённай міліцыі, якая 8 верасьня адмовіла яму ў завядзеньні крымінальнай справы. У пракуратуры палічылі, што ўчастковы інспэктар спадар Гушчын, які займаўся справай аб атручваньні, «ня цалкам правёў праверку».

Як напісана ў адказе з пракуратуры, «матэрыялы зь пісьмовымі ўказаньнямі» накіраваныя зноў у міліцыю для дадатковай праверкі.

Віктар Цярэшчанка так пракамэнтаваў Свабодзе пракурорскае рашэньне:

«Расьсьледаваньне міліцыяй Ленінскага раёну праводзілася фармальна. Апыталі толькі афіцыянта, бармэна, кухара і лекара. Натуральна, што супрацоўнікі кавярні не маглі нічога сказаць супраць сябе. Яны адказалі, што нічога ня ведаюць, а прадукты ў іх якасныя. На аснове гэтага мне і адмовілі ў завядзеньні крымінальнай справы.

Мне ўжо тэлефанаваў сьледчы. Я папрасіў яго адсачыць некаторыя тэлефонныя размовы, пры гэтым назваў некалькі прозьвішчаў, Таксама прасіў паглядзець відэаматэрыялы — і ня толькі з кавярні, але і з вуліцы, хто мог быць у гэты момант там. Ня ведаю, наколькі апэратыўна гэта будзе зроблена. Няма і ўпэўненасьці ў тым, што міліцыянты будуць зацікаўленыя ва ўважлівым расьсьледаваньні гэтай справы.

Тое, што гэта было хімічнае атручваньне, сёньня ўжо не выклікае сумневу. Я за два апошнія дні пабыў у чатырох лекараў. Яны кажуць, што той хімічны прэпарат стымулюе ўтварэньне тромбаў. А ад гэтага можа быць і інсульт, і ўсё што заўгодна».

Віктар Цярэшчанка дэманструе вынікі незалежнай мэдыцынскай экспэртызы

Віктар Цярэшчанка дэманструе вынікі незалежнай мэдыцынскай экспэртызы

Віктар Цярэшчанка кажа, што ягонай справай па-ранейшаму займаецца старшы лейтэнант Гушчын:

«Гэта ён мне тэлефанаваў. Я назваў бы ягоны ранейшы падыход да маёй справы блазенствам. І на гэтым прыкладзе, і на іншых бачна, што людзі ставяцца да сваіх пасадаў фармальна, абмяжоўваюцца адпіскамі. Мала каго сёньня хвалюе лёс чалавека. Але ж мы — грамадзтва, і таму павінны ўважліва ставіцца адзін да аднаго. І ў маім выпадку трэба знайсьці гэтага чалавека і публічна прызнаць вінаватым. Нехта ж труціў!»

Віктара Цярэшчанку 28 жніўня даставілі ў шпіталь проста зь дзелавой сустрэчы ў кавярні «Грунвальд», што на вуліцы Карла Маркса ў цэнтры Менску. Ён замовіў сабе сьвежавыціснуты маркоўны сок зь вяршкамі. У Цярэшчанкі пачалася моцная адмоўная рэакцыя арганізму, зьявіўся ацёк, здранцьвеньне твару і вачэй. Экс-кандыдат лічыць, што яго атруцілі.

Віктар Цярэшчанка ў менскім шпіталі. 28 жніўня 2015 году

Віктар Цярэшчанка ў менскім шпіталі. 28 жніўня 2015 году

15 верасьня доктар у Вільні зрабіў неінвазіўную дыягностыку. Паводле яе вынікаў, Цярэшчанка быў атручаны «ў выніку ўзьдзеяньня на ягоны арганізм хімічных прэпаратаў».

Цэнтравыбаркам не зарэгістраваў Віктара Цярэшчанку афіцыйным кандыдатам на прэзыдэнта, палічыўшы, што той ня здолеў сабраць 100 тысяч сапраўдных подпісаў выбарцаў. Гэткая колькасьць подпісаў — мінімум, які неабходны для рэгістрацыі. У кандыдата прызналі сапраўднымі менш за 7 тысяч подпісаў.

Акрамя цяперашняй выбарчай кампаніі, Віктар Цярэшчанка спрабаваў балятавацца на пасаду прэзыдэнта на выбарах 1994, 2001 і 2010 гадоў. Аднак толькі ў 2010 годзе быў зарэгістраваны кандыдатам. Тады, паводле афіцыйных дадзеных Цэнтравыбаркаму, за яго прагаласавалі 1,19% выбарцаў.

XS
SM
MD
LG