Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацбанк: Курс — на зьніжэньне далярызацыі эканомікі і дэпазытаў


Дзьмітры Калечыц

Дзьмітры Калечыц

Падчас выступу на Кастрычніцкім эканамічным форуме намесьнік старшыні праўленьня Нацбанку Дзьмітры Калечыц выказаўся за структурныя рэформы ў эканоміцы і заявіў, што фінансавы рэгулятар дзеля гэтага робіць усё магчымае.

Ён нагадаў, што на пачатку 2015 году, у які Беларусь увайшла ва ўмовах чарговай аднамомантавай дэвальвацыі, новае кіраўніцтва Нацбанку адмовілася ад адміністрацыйнага рэгуляваньня курсаўтварэньня і ўзяло на ўзбраеньне мэханізм так званага двайнога аўкцыёну, калі кошт рубля вызначаецца рынкам — попытам і прапановай на біржы.

Такім чынам, адбыўся пераход на плаваючы валютны курс, і, як адзначыў выступоўца, вось ужо 10 месяцаў удаецца трымацца калідору 17000 рублёў за амэрыканскі даляр плюс-мінус 2%. Гэта і ёсьць прыблізны раўнаважны курс ва ўмовах ваганьняў расейскага рубля — аднаго з асноўных у валютным кошыку.

Банкір прызнаў, што дасягнуць парытэту дапамаглі ў тым ліку непапулярныя меры, скіраваныя на стрымліваньне даходаў насельніцтва, што, у сваю чаргу, не дае «разбазарваць» золатавалютныя рэзэрвы — ва ўмовах няпэўнасьці беларусы намагаюцца перавесьці заробкі ў любую стабільную валюту.

Таксама Дзьмітры Калечыц заявіў, што будзе працягнуты курс на зьніжэньне далярызацыі эканомікі ўвогуле і дэпазытаў у банкаўскім сэктары ў прыватнасьці.

Выступоўца выказаўся за структурныя рэформы і падвышэньне канкурэнцыі на нацыянальным фінансавым рынку. З гэтай мэтай у банкаўскую сфэру будуць прыцягвацца вонкавыя інвэстыцыі, хоць яна і без таго сярод лідэраў прысутнасьці замежнага капіталу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG