Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі страцяць працу 4 мільёны ўкраінцаў


Віктар Гіржоў

Віктар Гіржоў

Такія наступствы магчымыя з-за ўвядзеньня Расеяй новых правілаў знаходжаньня ўкраінцаў на сваёй на тэрыторыі.

Новаўвядзеньне балюча адаб’ецца на лёсах каля чатырох мільёнаў украінскіх працоўных мігрантаў, якія застануцца без заробку. Пра гэта зазначыў сустаршыня грамадзкага аб’яднаньня «Ўкраінцы Масквы» Віктар Гіржоў.

Паводле яго слоў, гэта новаўвядзеньне закліканае дэстабілізаваць сытуацыю ва Ўкраіне.

«Статыстыкай дакладнай ніхто не валодае, даводзіцца апэраваць зьвесткамі Фэдэральнай міграцыйнай службы. Але калі, скажам, 600000 або, скажам, мільён людзей вернецца ва Ўкраіну, а дэмографы кажуць, што трэба памнажаць заўсёды на тры — як мінімум, жонка яшчэ і дзіця, а то і не адно. І вось такім чынам лічыце, што тры-чатыры мільёны чалавек застануцца бяз працы, таму што мы ведаем, што з працаўладкаваньнем ва Ўкраіне таксама вялікія праблемы. І вось гэта менавіта тая задача дэстабілізаваць абстаноўку, стварыць пратэстныя настроі, якія тут жа, я ўпэўнены, выкарыстаюць апазыцыйныя палітычныя сілы», — адзначыў Гіржоў.

Паводле яго слоў, у гэтай сытуацыі ўладам Украіны трэба прыцягнуць да праблемы ўвагу сусьветнай грамадзкасьці, бо гэта «чарговыя праблемы парушэньня правоў чалавека Расейскай Фэдэрацыяй».

«Гэты закон быў прыняты даўно, але мелі адтэрміноўку: на працягу мінулага году Фэдэральная міграцыйная служба зрабіла прэфэрэнцыі ўкраінцам. Для чаго? У Расеі нічога ня робіцца выпадкова і паводле нейкіх добрых памкненьняў. Была задача сарваць мабілізацыю ўкраінскай арміі, якая праходзіла ў некалькі этапаў. Для гэтага на працягу мінулага году было дазволена знаходжаньне паводле заявы на тэрыторыі Расеі ў такім рэжыме: не выяжджаючы ні на тры месяцы, ні на дзень, як раней», — кажа Віктар Гіржоў.

28 кастрычніка ў Фэдэральнай міграцыйнай службе Расеі заявілі, што ўсім грамадзянам Украіны, якія знаходзяцца на расейскай тэрыторыі, на працягу лістапада неабходна зьвярнуцца ў службу для вызначэньня прававога статусу.

На працягу апошняга году грамадзяне Ўкраіны, незалежна ад свайго статусу, маглі знаходзіцца ў Расеі да 90 дзён. Гэты тэрмін працягваўся кожныя тры месяцы аўтаматычна. Такое рашэньне Масква тлумачыла наплывам уцекачоў з раёну баявых дзеяньняў на Данбасе.

21 кастрычніка ў Фэдэральнай міграцыйнай службе Расеі паведамілі, што пасьля 1 лістапада ў грамадзянаў Украіны будзе 30 дзён для афармленьня прававога статусу на тэрыторыі Расеі, а зь 1 сьнежня да парушальнікаў будуць прымяняцца меры адміністрацыйнага характару, уключаючы забарону ўезду.

ААН змагла пацьвердзіць прысутнасць у Расеі 30 000 перасяленцаў з Данбасу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG