Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Відэазапіс допыту Саўчанкі ацэньвала псыхоляг Інстытуту атамнай энэргетыкі


На судзе па справе ўкраінскай лётчыцы Надзеі Саўчанка ў аўторак агучылі пісьмовыя матэрыялы, перадае карэспандэнт Радыё Свабода.

Саўчанку абвінавачваюць у саўдзеле ў забойстве журналістаў ВГТРК — Антона Валошына і Ігара Карнелюка летам мінулага года. Віну яна не прызнае. На працэсе, які праходзіць у Данецку Растоўскай вобласьці, працягвае прадстаўляць свае доказы бок абвінавачваньня. Допыты сьведак ў аўторак не праводзіліся.

У ліку матэрыялаў, якія зачыталі пракуроры, пратаколы агляду асабістых рэчаў, тэлефонаў і сім-картаў Саўчанкі, забраных у яе ў палоне ў апалчэнцаў самаабвешчанай Луганскай народнай рэспублікі (ЛНР). Матэрыялы перадаў сьледчым цяперашні кіраўнік так званай ЛНР Ігар Платніцкі.

Акрамя іншага, былі абвешчаныя вынікі псыхоляга-лінгвістычнай экспэртызы відэазапісу допыту Саўчанкі, які ў варонескай гасьцініцы «Эўра» правёў сьледчы Дзьмітры Маньшын. Паводле адваката Ільлі Новікава, уся экспэртыза заключалася ў тым, што спэцыялісты з Інстытуту атамнай энэргетыкі Обнінску глядзелі відэа допыту і тут жа вырашалі, у чым Саўчанка прызналася і дзе казала праўду ці няпраўду.

«Экспэртызу праводзілі дзьве жанчыны, адна зь якіх працуе псыхолягам ў ядзерным інстытуце ў Обнінску. Вось гэтыя жанчыны... умеюць па відэазапісы вызначаць, праўду кажа чалавек ці не. А яшчэ яны ўмеюць па тым жа запісе вызначаць, у чым чалавек прызнаўся. Вось нам цяпер сказалі, што Саўчанка прызналася ў тым, што яна карэктавала агонь. Вось яна ў судзе не прызналася, а на відэа прызналася. І жанчыны гэта ведаюць», — пракамэнтаваў Новікаў вынікі экспэртызы.

Паводле адваката, падчас допыту Саўчанка толькі апісвала, як ішла па дарозе, выглядаючы бранятэхніку суперніка, і як казала па тэлефоне, каб артылерыя не страляла па дарозе. «З усяго гэтага ўзяць фразу тут, фразу там — і атрымліваецца, што яна прызналася. Гэта — пекла... Нам цікава паказаць, як працуюць гэтыя людзі. Мы, вядома, ставімся да гэтага спакойна, таму што алібі Саўчанкі забясьпечваецца цалкам аб’ектыўнымі дадзенымі, якія не залежаць ад сьведак», — падкрэсьліў адвакат.

Наступнае пасяджэньне суду адбудзецца 9 лістапада.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG