Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Гомельская прадпрымальніца: «Ня ведаю, што рабіць і як карміцца»


Многія прадпрымальнікі Гомеля працуюць апошні месяц — згортваюць бізнэс, ня маючы магчымасьці выканаць патрабаваньні ўладаў наконт сэртыфікатаў ды дакумэнтаў пра паходжаньне тавараў, у тым ліку і з краінаў так званага Мытнага саюзу. Рэпартаж з Гомеля.

На працу некаторыя прадпрымальнікі, што гандлююць на Прудкоўскім рынку, прыходзяць блізу паўдня. Гандаль і ў выходныя ідзе вяла, ня кажучы ўжо пра будзённыя дні.

Прадпрымальнік Сяргей апавядае, што восем гадоў ён з жонкай разьвіваў тут сямейны бізнэс — меў тры гандлёвыя кропкі. Цяпер бізнэс скурчыўся:

«Вось гэты ралет — тут уся рэшта тавараў. У мяне было тры кропкі, засталася адна. Нашу дзяржаву не хвалюе, куды мы пойдзем. Калі дакумэнты, якія патрабуюцца, не адменяць, то нас чакае капец. Будзем усё распрадаваць і зачыняцца».

Суразмоўца лічыць, што найперш трэба адмяніць указ № 222, а таксама ўнесьці карэкціроўку ва ўказ № 666 і максымальна спрасьціць вядзеньне бізнэсу для індывідуальных прадпрымальнікаў:

«Трэба адмяніць тыя ўказы, якія апошнім часам напісалі. Нам як індывідуальным прадпрымальнікам нават з Расеі прывезьці арыгінальныя дакумэнты нерэальна. Буйныя аптавікі ў Расеі з намі ня хочуць мець справу. У нас ёсьць сэртыфікаты на некаторыя тавары. Але які з таго толк? Расейскі сэртыфікат у Беларусі „ня коціць“».

Маладая прадпрымальніца Кацярына па прафэсіі эканаміст-мэнэджэр. Паколькі адтэрміноўка на рэалізацыю тавараў без дакумэнтаў заканчваецца ў сьнежні, спрабавала ўжо знайсьці працу па спэцыяльнасьці:

«Мне дзіця карміць няма чым, я адна яго выхоўваю. Працу ў Гомелі не знайсьці, хоць маю вышэйшую адукацыю. Накіравала сваё рэзюмэ куды толькі было можна — нікому ніхто не патрэбны. Няма працы ў Гомелі. І хочуць яшчэ прадпрымальнікаў выгнаць. Дык што гэта будзе? Плачу падаткі кожны месяц, законы ніякія не парушаю. Што будзе — ня ведаю. Хіба на вуліцу, бо сапраўды ня ведаю, што рабіць і як карміцца».
Прудкоўскі рынак у Гомелі

Прудкоўскі рынак у Гомелі

Нават прадпрымальнікі зь вялікім досьведам цяпер адчуваюць сваю бездапаможнасьць.

«Першы раз у жыцьці я ня ведаю, што рабіць. Я ня ве-да-ю! Адзін дзень прайшоў, на хлеб зарабіла — дзякуй, пайшла купіла. Усё! Гэта камусьці выгадна, калі так адбываецца», — лічыць прадпрымальніца Сьвятлана, маці дваіх дзяцей.

На думку прадпрымальніцы, сваім стаўленьнем да дробных бізнэсоўцаў улады толькі падштурхоўваюць грамадзянаў езьдзіць у суседнія краіны і там адзявацца ды абувацца:

«Пакупнікі будуць купляць тавары за мяжою. Разьедуцца хто ва Ўкраіну, хто ў Вільню, хто яшчэ куды. Бо там таньней. Паглядзіце, ва Ўкраіне 200 грывень быў падатак пяць гадоў таму, дзьвесьце ён і застаўся — меней за 10 даляраў падатак. Канечне, можна прадпрымальніку ставіць мінімальную нацэнку і працаваць — у іх жа мараторый на ўсялякія праверкі. І ў Расеі таксама, хоць падатак у іх большы — шэсьць тысяч рублёў на квартал. Выходзіць на нашы 600 тысяч — гэта з падаткам на дададзеную вартасьць. І таксама ніхто не чапае, бо існуе мараторый на праверкі».

Зачыненых ралетаў усё больш

Зачыненых ралетаў усё больш

Яшчэ дзевяць гадоў таму прадпрымальніца Ірына была пэдагогам. На рынак прыйшла таму, што падрос сын. На заробак выхавацелькі даць яму адукацыю не ўдавалася. Таму й занялася прадпрымальніцтвам, асвоілася на рынку. Гандлюе жаночым адзеньнем, мае сваіх сталых пакупнікоў, бо дбае пра якасьць тавару, пра моду. Цяпер таксама ў адчаі: як выжыць, калі ўлады аблажылі бізнэсоўцаў указамі ды інструкцыямі, якія нават і ня сьніліся грамадзянам так званага Мытнага саюзу — ні ў Казахстане, ні ў Расеі?

«Гэта проста не дае магчымасьці працаваць далей. Хочацца ж працаваць сумленна — так, як мае быць. Мы падаткаплатнікі, дапамагаем дзяржаве — і мы ня супраць. Але ж мы хочам працаваць! Трэба шукаць выйсьце, вярнуцца да тых часоў, калі плацілі адзіны падатак і працавалі без дакумэнтаў, заплаціўшы дадаткова за права працаваць з канкрэтным таварам».

XS
SM
MD
LG