Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьніклую спартсмэнку Юлію Балыкіну шукаюць і ня трацяць надзеі, што яна жывая


Юлія Балыкіна

Юлія Балыкіна

Міліцыя і адмысловыя службы працягваюць пошукі чэмпіёнкі Беларусі па лёгкай атлетыцы Юліі Балыкінай, якая зьнікла 28 кастрычніка ў Менску. Хоць Сьледчы камітэт на падставе знойдзеных у яе дома і ў аўтамабілі рэчаў і сьлядоў ужо завёў справу аб забойстве, сьледчыя не выключаюць, што Юлія Балыкіна жывая, але зь невядомых прычын не выходзіць на сувязь.

«Пакуль не знайшлося цела, заўсёды застаецца надзея, калі казаць па-чалавечы. А так — вядуцца пошукавыя мерапрыемствы і вядзецца крымінальная справа. У іх бяруць удзел і сьледчыя Сьледчага камітэту, якія супрацоўнічаюць з прадстаўнікамі іншых зацікаўленых устаноў. Затрыманы падазраваны, 1987 году нараджэньня, грамадзянін Расеі, яе знаёмы. Больш пра яго распавесьці не магу. Ён дае паказаньні, удзельнічае ў сьледчых мерапрыемствах», — паведаміў карэспандэнту Свабоды кіраўнік аддзелу інфармацыі і сувязяў з грамадзкасьцю Сьледчага камітэту Сяргей Кабаковіч.

Юліі Балыкінай 31 год. У інтэрнэце ўжо зьявіліся зьвесткі пра нейкага Дзьмітрыя, маладзейшага за яе на некалькі гадоў, па прафэсіі плітачніка-тынкоўшчыка, зь якім у жанчыны нібыта доўгі час былі блізкія адносіны. Каля 2 месяцаў таму, паводле знаёмых гэтага Дзьмітрыя, адносіны ў пары разладзіліся, пачаліся сваркі, і справа дайшла да расставаньня. Паводле знаёмых Дзьмітрыя, менавіта яго затрымалі ў сувязі з магчымай датычнасьцю да зьнікненьня Юліі Балыкінай. Адна з вэрсіяў, якія распрацоўваюць сьледчыя ў пошуках спартсмэнкі, — гэта дзеяньні на глебе рэўнасьці.

Што за чалавек Юлія Балыкіна? Спартовы трэнэр Леанід Сафроненкаў ведае яе як удзельніцу Лёнданскай алімпіяды і чэмпіянату Эўропы і называе вельмі добрай спартсмэнкай. «Трэніравалася яна заўсёды вельмі ўпарта, унутранай матывацыі ёй хапала», — кажа Леанід Сафроненкаў. Трэнэр адзначае добразычлівасьць Юліі, яе адкрытасьць, а яшчэ кажа пра «выбуховы» характар, уласьцівы менавіта той спэцыялізацыі, якую абрала лёгкаатлетка.

«Яна ж тыповы спрынтэр па характары. Спрынтэры могуць быць і халерыкамі, і сангвінікамі, але ўсё роўна вось гэта ім уласьціва, такі імклівы характар», — тлумачыць Леанід Сафроненкаў.

У 2013 годзе Юлію Балыкіну дыскваліфікавалі на два гады за ўжываньне допінгу. Тэрмін дыскваліфікацыі спартсмэнкі скончыўся сёлета ў ліпені, але на бегавую дарожку для выступленьняў Юлія не вярнулася — засталася працаваць дзіцячым трэнэрам у Беларускім фізкультурна-спартовым таварыстве «Дынама». Скончыла кар’еру ці проста не пасьпела вярнуцца? Леанід Сафроненкаў кажа, што для спартсмэнкі такога ўзроўню вярнуцца ў вялікі спорт яшчэ магчыма. Спартовы журналіст Барыс Тасман мяркуе інакш. Ён згадаў сытуацыю, празь якую раптоўна спынілася спартовая кар’ера Юліі Балыкінай.

«Якраз яны рыхтаваліся да каманднага чэмпіянату Эўропы, дык у яе, дыскабола Дзьмітрыя Сівакова, яшчэ ў аднаго спартоўца аказаліся станоўчыя тэсты на допінгі. Узялі тэсты ва ўсёй каманды, але ў іх выявілі допінг. І яны былі дыскваліфікаваныя. Цяпер дыскваліфікацыя скончылася, але, відаць, яна вырашыла ў спорт не вяртацца. Справа ў тым, што, каб вярнуцца, трэба было яшчэ здаць сэрыю тэстаў, заплаціць, здаецца, 400 даляраў, і калі тэсты будуць чыстыя, дык толькі тады табе дазволяць выступаць. Але ёй ужо 31 год, мяркую, яна ўжо і не разьлічвала вяртацца. Ва ўсякім разе, уладкавалася ў школу алімпійскага рэзэрву „Дынама“, гэта на вуліцы Даўмана. Працавала, жыла ўжо больш уласным жыцьцём».

«Толькі цяпер, празь месяцы і гады, я пачаў яе адкрываць. Яна — тая крыніца, якой напаўняюся. Іншыя крыніцы — атрута», — гэты допіс у сацыяльных сетках на адрас Юліі Балыкінай зрабіў Дзьмітрый, якога затрымала міліцыя. Наколькі гэты малады чалавек датычны да лёсу вядомай спартсмэнкі, цяпер разьбіраецца сьледзтва.

XS
SM
MD
LG