Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейская архівістка: У дакумэнтах XVII ст беларусы пазначаюцца беларусамі, а не палякамі. Скарына — таксама беларус


На сустрэчы са Сьвятланай Далговай у грамадзкім цэнтры «Кола» ў Магілёве

На сустрэчы са Сьвятланай Далговай у грамадзкім цэнтры «Кола» ў Магілёве

У Расейскім дзяржаўным архіве старажытных актаў захоўваецца збор дакумэнтаў Літоўскай мэтрыкі. Бальшыня іх — на беларускай мове. Дакумэнты ўнікальныя. У іх апісваюцца беларускія гарады, паселішчы, іх насельніцтва. Карэспандэнт Свабоды распытаў супрацоўніцу архіву Сьвятлану Далгову пра каштоўныя кнігі, якія, паводле яе, вывезьлі ў Расею пасьля падзелу Рэчы Паспалітай.

Як кажа Сьвятлана Далгова, у архіве захоўваецца больш за тры сотні кніг Літоўскай мэтрыкі. У іх — дакумэнты, якія асьвятляюць гісторыю гарадоў, крэпасьцяў, купчыя запісы аб перадачы мястэчак ад аднаго ўладальніка другому, спадчынныя справы і зьвесткі пра канфіскацыі.

«У Расейскім дзяржаўным архіве старажытных актаў захоўваецца Літоўская мэтрыка. Гэта фонд № 389. У ім сабрана гісторыя гарадоў, паселішчаў, насельніцтва Прыбалтыкі і Беларусі за, можна сказаць, тысячу гадоў, бо калі ўзяць той жа Магілёў, яго заснаваньне, дык ён старэйшы за Маскву, — апавядае Сьвятлана Далгова. — Кнігі гэтыя напісаныя на старабеларускай мове, часткова, можа, на дыялекце літоўскай мовы. Часткова напісаныя яны і на расейскай мове. Гэтая Літоўская мэтрыка трапіла ў Сэнацкі архіў Расейскай імпэрыі на пачатку 19 стагодзьдзя, адразу пасьля трэцяга падзелу Польшчы. Пасьля рэвалюцыі частка дакумэнтаў была перапраўленая ў Літву і Польшчу. Частка Мэтрыкі была адпраўленая ў былы архіў замежных спраў, які цяпер уваходзіць у склад Расейскага архіву старажытных актаў».

Паводле суразмоўніцы, адна з кніг са збору дакумэнтаў Літоўскай мэтрыкі дужа каштоўная. Яна ілюстраваная і мае вялікі фармат.

Сьвятлана Далгова

Сьвятлана Далгова

— Там разьмешчаныя каляровыя старажытныя гербы рускіх гарадоў. Яны ў далейшым, калі Расея далучыла польскія гарады, дык амаль не зьмяніліся. Гэта дужа цікавыя дакумэнты, бо ў іх да кожнага герба ёсьць апісаньне таго ці іншага гораду.

— Вы кажаце «польскія і рускія гарады» — варта разумець, што і беларускія таксама? Альбо тыя, якія на знаходзіліся на тэрыторыі сучаснай Польшчы?

— Там гарады, якія знаходзіліся на тэрыторыі сучаснай Польшчы і Літвы, а таксама на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Напрыклад, Менск, Горадня, Віцебск, Бабруйск.

— У вас, відаць, была магчымасьць паглядзець на нашу краіну, якой яна была. Як яна выглядае: як забыты край ці як разьвіты край?

— Я магу арыентавацца толькі на Магілёў. Тут, напрыклад, працаваў выбітны расейскі архітэктар Мікалай Львоў. Ён узьвёў у вашым горадзе праваслаўны храм. Імпэратрыца Кацярына наведвала ваш горад. І тады апісваўся ён як добры, эўрапейскі горад, ня горшы, чым іншыя расейскія гарады. Калі ж казаць пра дваранскія маёнткі, дык тут жа былі Вішнявецкія, Радзівілы. У іх былі заможныя маёнткі.

У Кацярыны было разумнае стаўленьне да далучаных зямель. У Расеі, напрыклад, было шмат такіх характарыстык да паселішчаў: „ляжаць у пусьцях“, а пра беларускія такіх запісаў не было.

У Кацярыны было разумнае стаўленьне да далучаных зямель. У Расеі, напрыклад, было шмат такіх характарыстык да паселішчаў: „ляжаць у пусьцях“, а пра беларускія такіх запісаў не было. Ня згадвалася, каб выміралі тутэйшыя вёскі.

— У гэтых дакумэнтах беларусы называюцца як — беларусамі ці палякамі?

— Усё ж называлі іх беларусамі. Напрыклад, Скарына, у нас захоўваюцца ягоныя інкунабулы, дык пазначаем яго як беларуса.

— А ў саміх архіўных дакумэнтах як называюць выхадцаў зь цяперашняй Беларусі?

— Так і пазначаюцца — „беларусы“. У нас у 210 фондзе, які называецца „Разрадны прыказ“, ёсьць дакумэнты пра прыезд у Расею некалькіх чалавек. Пералічаныя іхныя прозьвішчы і пазначана, што яны беларусы, а не палякі. Гэта сямнаццатае стагодзьдзе. Прыяжджалі гэтыя людзі працаваць. Здаецца, на ўзьвядзеньне нейкага храма.

— Ці запатрабаваныя беларускімі дасьледчыкамі дакумэнты Літоўскай мэтрыкі? Ці часта яны прыяжджаюць, робяць выняткі з дакумэнтаў?

— Да распаду СССР было шмат беларускіх дасьледчыкаў. Цяпер жа больш гэтым цікавяцца польскія дасьледчыкі. Я магу назваць такога прафэсара Гралю, які разам з Інстытутам гісторыі выдаў некалькі тамоў Літоўскай мэтрыкі. Я мяркую, што трэба беларускім дасьледчыкам больш актыўна прыяжджаць.

Да распаду СССР было шмат беларускіх дасьледчыкаў. Цяпер жа больш гэтым цікавяцца польскія дасьледчыкі.

Самі ж мы займаемся, напрыклад, нашымі пісьменьнікамі, якія былі ў Беларусі, — дадае Сьвятлана Далгова. — Тая ж вучоная Дашкава, якая валодала маёнткам у цяперашнім Круглым (райцэнтар на Магілёўшчыне. — РС). Дзяржавін, Фанвізін, Убрых, Бакунін — яны ж таксама тут атрымалі маёнткі.

— Як вы думаеце, беларускія дакумэнты ці дакумэнты, якія тычацца беларускай гісторыі і культуры, — ці можна іх неяк вярнуць назад, у Беларусь?

— Я лічу, што гэтага ня варта рабіць. Ведаеце, колькі мы раздалі дакумэнтаў? У Кіеў, напрыклад, была адпраўлена першая карта Кіева. Гэтаму дакумэнту цаны няма. Дык што цяпер рабіць? Казаць: „Аддайце нам яе назад?“. Яна была зробленая ў Расеі! Гэта зусім не мэтазгодна. Наагул, архівы непадзельныя. У нашым архіве ёсьць дакумэнты ўсіх дзяржаваў. У нас ёсьць дакумэнты па гісторыі Францыі, Гішпаніі, нават Японіі ёсьць з Карэі. Што, іх раздаваць? Дык што ж тады застанецца ў нас — Дзьмітры Данскі адзін?

Сьвятлана Далгова нарадзілася ў 1932 годзе. Больш за 50 гадоў працуе ў Расейскім дзяржаўным архіве старажытных актаў. Яна кандыдат філялягічных навук. Напісала больш за 250 кніг, навуковых, навукова-папулярных артыкулаў, апублікавала шэраг унікальных архіўных дакумэнтаў. Сябра рэдкалегіі часопісу «Архіў рускай гісторыі».

Расказаць пра беларускія старажытныя дакумэнты ў расейскім архіве Сьвятлану Далгову запрасіла магілёўская суполка таварыства беларускай мовы. Сустрэча зь ёю адбылася ў грамадзкім цэнтры «Кола».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG