Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Лёндане памёр прафэсар Анджэй Цеханавецкі


Беларусіст, вялікі сябар Беларусі, кавалер Ордэна Францішка Скарыны, ганаровы сябар Беларускага ПЭН-цэнтру Анджэй Цеханавецкі памёр у Лёндане на 92-м годзе жыцьця.

Анджэй Цеханавецкі

Анджэй Цеханавецкі

Анджэй Цеханавецкі — выбітны навуковец, нашчадак князёў Мсьціслаўскіх і Заслаўскіх, беларусіст, гісторык мастацтва, мэцэнат, грамадзка-культурны дзеяч, заснавальнік Фундацыі Цеханавецкіх у Варшаве.

Нарадзіўся 28 верасьня 1924 году ў Варшаве. Вёў шырокую грамадзка-дабрачынную дзейнасьць, мае шэраг высокіх узнагарод. Аўтар кнігі «Міхаіл Казімір Агінскі і яго „сядзіба музаў“ у Слоніме». Ганаровы старшыня польска-беларускай камісіі па справах агульнай культурнай спадчыны, ганаровы маршалак Згуртаваньня беларускай шляхты, ганаровы сябар Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў і Інстытуту беларускай гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Віцэ-прэзыдэнт Англа-беларускага таварыства ў Лёндане.

Анджэй Цеханавецкі падараваў Беларусі слуцкі пояс, рэдкія кнігі і рарытэты з радзівілаўскай калекцыі, клапаціўся пра палац у вёсцы Бачэйкава Бешанковіцкага раёну на Віцебшчыне, дзе некалькі стагодзьдзяў жыў ягоны род.

Пра нябожчыка ўзгадвае сябар Анджэя Цеханавецкага, прафэсар Адам Мальдзіс:

Адам Мальдзіс

Адам Мальдзіс

«Анджэй Цеханавецкі нарадзіўся ў сям’і дыплямата ў Варшаве, але ўвесь час лічыў сваёй другой гістарычнай радзімай Беларусь. Таму што быў нашчадкам князёў Мсьціслаўскіх і Заслаўскіх. Усё сваё жыцьцё Анджэй прысьвячаў адраджэньню гістарычнай памяці.

Наша першая сустрэча зь Цеханавецкім адбылася ў Лёндане ў часе маёй камандзіроўкі па лініі ЮНЭСКА. Я тады ведаў яго як аўтара кніжкі пра Міхала Казіміра Агінскага, дзядзьку Міхала Клеафаса Агінскага, які заснаваў тэатар у Слоніме. Я прачытаў гэтую кнігу, якая выйшла ў Нямеччыне ў 1965 годзе, напісаў рэцэнзію на яе, і наша сустрэча ў Лёндане прайшла вельмі плённа — у выніку Цеханавецкі наведаў Беларусь, стаў ганаровым прафэсарам БДУ, ганаровым сябрам Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў і ганаровым грамадзянінам горада Заслаўе. У выніку нашых сустрэч ён празь мяне падарыў для акадэмічнага музэя гісторыі культуры слуцкі пояс, вытканы паводле слуцкага ўзору ў Ліёне.

Апошні яго навуковы крок — гэта дапамога калектыву гісторыкаў у выданьні кнігі аб’ёмам больш за 700 старонак пра гісторыю роду князёў Мсьціслаўскіх і Заслаўскіх. 20 экзэмпляраў гэтай кнігі былі падораныя беларускім бібліятэкам.

Адыход Анджэя Цеханавецкага, які ўшанаваны ў многіх краінах і ёсьць ганаровым прафэсарам дзясяткаў унівэрсытэтаў па ўсім сьвеце, — страта для беларускай навукі і культуры».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG