Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сэпаратыстка». Гутарка з 26-гадовай, якой пагражае турма за заклік да сапраўднай фэдэралізацыі Расеі


Дар’я Палюдава

Дар’я Палюдава

Кубанскую актывістку Дар’ю Палюдаву затрымалі на 15 сутак. Гэта ня першы арышт у яе жыцьці, да таго ж у жніўні 2014-га Дар’я зрабілася першай у Расеі абвінавачанай па новым 280-м артыкуле — за публічныя заклікі да сэпаратызму.

Напярэдадні чарговага арышту з Дар’яй сустрэўся супрацоўнік расейскай службы Свабоды Сяргей Хазаў-Касія.

26-гадовая Дар’я прадае кветкі ў шапіку; аднак паводле адукацыі яна — юрыст, мае чырвоны дыплём Наварасійскай філіі краснадарскай акадэміі МУС. У студэнцкія гады зацікавілася палітыкай — уступіла ў Камуністычную партыю Расейскай Фэдэрацыі (КПРФ), брала ўдзел у акцыях у Маскве. Але з кампартыі Дар’ю выгналі — за пікеты супраць мясцовай адміністрацыі.

Наогул мы проста вырашылі патроліць улады: вось яны падтрымліваюць ДНР і ЛНР, а што калі мы тое ж самае ў сябе зробім?

У Краснадары Дар’я ўступіла ў Аб’яднаную камуністычную партыю (АКП), зь якой яе пакуль ня выгналі, хаця афіцыйна АКП падтрымлівае палітыку Расеі ва Ўкраіне. Гэта, зрэшты, не перашкодзіла Палюдавай праводзіць пікеты ў падтрымку украінскага Майдану: «Я думала, там ня так прэсуюць, як у Наварасійску, аказалася горш». Калі ў 2014 годзе ў Навасібірску праводзіўся марш за фэдэралізацюі Сыбіры, Дар’я актыўна ўключылася ў рух: публікавала статусы ў сібірскіх групах, дапамагала зьбіраць народ. Разам з актывістамі Віктарам Чырыкавым і Вячаславам Мартынавым, які цяпер хаваецца ва Ўкраіне, вырашылі правесьці падобны марш і ў Краснадары — за фэдэралізацыю Кубані. «Наогул мы проста вырашылі патроліць улады: вось яны падтрымліваюць ДНР і ЛНР, а што калі мы тое ж самае ў сябе зробім?». Хоць была і доля сур’ёзнага: «У нас жа і праўда ўсе рашэньні прымаюцца на фэдэральным узроўні, а ўнізе проста выконваюцца».

Яна не асабліва моцна біла мяне, таму што гэта спэцыяльны СІЗА ФСБ і там камэры ўсюды, але зьдзекавалася па-ўсялякаму, пракладкамі тыцкала ў рот...

Зрэшты, на марш Дар’я выйсьці не пасьпела, у жніўні 2014-га яе зноў затрымалі на 15 сутак па шляху на чарговае сумоўе. З ізалятару часовага ўтрыманьня яе перавялі ў сьледчы ізалятар, завялі крымінальную справу па артыкуле 280 «Публічныя заклікі да ажыцьцяўленьня дзеяньняў, накіраваных на парушэньне тэрытарыяльнай цэласнасьці Расейскай Фэдэрацыі», які прадугледжвае да пяці гадоў пазбаўленьня волі. «На мяне ціснулі там, вядома, прымушалі прызнаць віну. Сядзела са мной жанчына гадоў 60, Галіна, яна хацела, каб я прызналася. Я казала, што ня буду прызнаваць. Яна не асабліва моцна біла мяне, таму што гэта спэцыяльны СІЗА ФСБ і там камэры ўсюды, але зьдзекавалася па-ўсялякаму, пракладкамі тыцкала ў рот... Калі яна зусім мяне дастала, я напісала заяву, што хачу, каб мяне перавялі ў іншую камэру, інакш абвяшчу галадоўку. У выніку яе перавялі». Калі ў лютым 2015-га скончыліся паўгода, падчас якіх можна трымаць пад вартай абвінавачаных па артыкулах сярэдняй цяжкасьці, Дар’ю адпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе — у родную станіцу Палтаўская.

У Палтаўскай Дар’я вырашыла не чакаць суду ціха: зноў выходзіла зь пікетамі, перад выбарамі раскідвала ўлёткі па паштовых скрынях. «Насельніцтва тут, вядома, вясковае, казакі, але хай яны хоць неяк адукуюцца! — кажа яна. — Я тут стараюся прыцягваць увагу насельніцтва, нейкія пікецікі праводзіць, але людзі глядзяць як на ненармальную».

Супрацоўнік мясцовага аддзяленьня паліцыі Мікалай Данкевіч хадзіў у цэнтар занятасьці, каб даведвацца, куды мяне адправілі на сумоўе, і ўсім загадзя паведамляў.

У станіцы Палтаўскай Дар’я ўладкавалася працаваць юрыстам у мясцовы шпіталь, але пасьля чарговых 10 сутак за кратамі супрацоўнікі ФСБ патэлефанавалі кіраўніцтву, а ў мясцовай газэце «Голас праўды» выйшаў артыкул пра папушчальніцтва галоўнага лекара, што прыгрэў апазіцыянэрку, якая толькі што якая выйшла зь СІЗА. Новую працу было не знайсьці: «Супрацоўнік мясцовага аддзяленьня паліцыі Мікалай Данкевіч хадзіў у цэнтар занятасьці, каб даведвацца, куды мяне адправілі на сумоўе, і ўсім загадзя паведамляў». Нават кар’ера касіра ў супэрмаркеце «станічнай» не склалася — звольнілі на трэці дзень за нібыта выяўленую нястачу. У выніку — кветкавы ларок і ружы, зрэшты, незразумела, ці ўдасца захаваць месца пасьля апошняга арышту.

Калі пытаеш Дар’ю пра пляны на будучыню, яна круціцца на зэдліку, кажа, што ў Палтаўскай ёй рабіць няма чаго — аднадумцы і сябры засталіся ў Маскве і Краснадары, а тут нават бацькі-пэнсіянэры яе не падтрымліваюць: «Татачка ня любіць Пуціна, раней быў па поглядах камуніст, мы з ім былі ва ўсім салідарныя, але цяпер ён ня вельмі разабраўся ва ўкраінскім пытаньні, таксама лічыць, што там нейкія бандэраўцы — нагледзеўся тэлевізара. А мама за „Адзіную Расею“ ... Ды й наогул кажа, што калі б я ўсім гэтым не займалася, працавала б начальнікам юраддзелу, была б вялікім чалавекам... Але гэта для мяне ўсё нецікава. Я думаю, яны дадуць мне рэальны тэрмін, а калі адсяджу, вярнуся ў Маскву: там шмат грамадзянскіх актывістаў, там народ дасьведчаны палітычна, шмат актыўных людзей... Змагацца трэба, інакш нічога ніколі ня зьменіцца. Ну добра, можна я пабягу? А то кветкі — ужо спазьняюся».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG