Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Менску зьявіўся партал для скаргаў на ЖКГ


«Мой горад», разьмешчаны па адрасе 115.бел, дазваляе адаслаць запыты ў кантакт-цэнтар сталічнага ЖКГ. Адказ маюць даць цягам 8 дзён. Разам з тым па нумары 115 працуе адзіная тэлефонная дыспечарская служба.

З ініцыятывы сталічных уладаў у лістападзе 2015 году быў запушчаны партал «Мой горад», дасяжны па кірылічным адрасе 115.бел. На ім можна пакінуць скаргу на працу службаў жыльлёва-камунальнай гаспадаркі. Скарга будзе апублікаваная на сайце і накіраваная адпаведнай службе гарвыканкаму. На апрацоўку запыту партал абяцае траціць ня больш як 72 гадзіны, адказ у фармаце «было-стала» абяцаюць даць цягам 8 дзён. Сёньня сайт мае толькі расейскамоўную вэрсію.

Пакуль партал працуе ў тэставым рэжыме. На момант публікацыі прынята 210 запытаў і вырашана дзьве праблемы: прыбралі пляцоўку з кантэйнэрамі для сьмецьця на завулку Талстога і дваровую тэрыторыю на вуліцы Мірашнічэнкі.

Пасьля рэгістрацыі на сайце (модны сёньня ўваход праз сацсеткі не падтрымліваецца) можна адаслаць скаргу на ўпарадкаваньне і санітарны стан двароў, разнастайныя праблемы ў шматкватэрных дамах, зьвязаныя з будаўнічымі і электрычнымі працамі, няспраўнасьці ліфтаў альбо праблемы з рамонтам жылфонду, на стан дарог, тратуараў, паркаў каля дому, некарэктныя рэклямныя канструкцыі ці графіці на фасадах, працу грамадзкага транспарту.

Разам з сайтам была запушчаная і мабільная праграма для Android-смартфонаў «Мой горад», спампаваць яе можна тут.

Паскардзіцца на працу камунальшчыкаў можна і па стацыянарным тэлефоне: ад 1 лістапада жыхары ўсіх раёнаў Менска могуць зьвярнуцца ў адзіную дыспечарскую службу па нумары 115. Тэлефанаваньне платнае, 51 рубель на хвіліну.

XS
SM
MD
LG