Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вінаградаў: «Хачу адваёўваць вуліцу, як гэта робіць Статкевіч»


Павал Вінаградаў

Павал Вінаградаў

Суд Бярэзінскага раёну 2 лістапада вырашыў спыніць прэвэнтыўны нагляд у дачыненьні да Паўла Вінаградава.

9 кастрычніка суд у Беразіно разглядаў прадстаўленьне Бярэзінскага РАУСу аб працягу прэвэнтыўнага нагляду над актывістам. Аднак судзьдзя палічыў, што падстаў для працягу прэвэнтыўнага нагляду няма.

Павал Вінаградаў расказаў Свабодзе, якім рэчам ён найперш радуецца ў сытуацыі, калі зь яго зьняты прэвэнтыўны нагляд:

«Першае і самае важнае — цяпер няма псыхалягічнага ціску. Я цяпер не абавязаны адчыняць дзьверы міліцыі пасьля 20-й гадзіны і не абавязаны хадзіць штотыдзень адзначацца ў пастарунку. Другое — гэта свабода перамяшчэньня. Я магу езьдзіць па Беларусі і ў хуткім часе, калі ўвойдзе ў сілу пастанова суду, змагу выяжджаць за мяжу. Трэцяе — цяпер мне ня трэба, як у дзяцінстве, вяртацца ў 20 гадзін дадому. Чацьвёртае — я магу спакойна гуляць увечары з жонкай, заседзецца ў бары».

Што да вяртаньня ў актыўнае палітычнае і грамадзкае жыцьцё, то хлопец сказаў, што пакуль хоча «агледзецца і паразмаўляць зь людзьмі»:

Трэба вярнуць права людзей на вулічныя пратэсты. Даць рады ў барацьбе з дыктатурай можа толькі вуліца, а не інтэрнэт і ня сьмешныя карцінкі, якія там распаўсюджваюцца.

«Я пакуль яшчэ не з усімі пагаварыў, з кім хацеў. Але я хацеў бы працягнуць адваёўваць вуліцу. І зраблю ўсё, што залежыць ад мяне, каб гэта працягнулася. Калі я кажу пра адваяваньне вуліцы, то маю на ўвазе прыкладна тое, пра што цяпер гаворыць Мікола Статкевіч. Трэба вярнуць права людзей на вулічныя пратэсты. У нас яны ўжо практычна заглухлі. А вулічныя пратэсты — гэта самае галоўнае. Даць рады ў барацьбе з дыктатурай можа толькі вуліца, а не інтэрнэт і ня сьмешныя карцінкі, якія там распаўсюджваюцца».

Пасьля падзеяў у сьнежні 2010 году Павал Вінаградаў быў арыштаваны, а затым асуджаны на 4 гады зьняволеньня. 14 верасьня 2011 году актывіст быў вызвалены паводле ўказу аб памілаваньні, падпісанага кіраўніком дзяржавы. Але за ім быў усталяваны прэвэнтыўны нагляд тэрмінам на тры з паловай гады.

12 сьнежня 2014 году грамадзкі актывіст Павал Вінаградаў вымушана зьехаў зь Менску, каб пазьбегнуць пільнай увагі да сябе з боку праваахоўнікаў і адміністратыўнага перасьледу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG