Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Класкоўскі: са слабой апазыцыяй Лукашэнка ня згодзіцца сядаць за «круглы стол»


Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі

Палітычны аналітык Аляксандар Класкоўскі ўпэўнены, што на закансэрваваныя ў 1999 годзе перамовы з апазыцыяй улада ня пойдзе.

«Увогуле нельга ўвайсьці двойчы ў адну і тую ж раку. І, кладучы руку на сэрца, трэба сказаць, што тады, у 1999 годзе, беларуская апазыцыя была на парадак мацнейшая, чым цяпер. Болей было ўзаемнага даверу, была вышэйшая здольнасьць да кансалідацыі. Цяпер жа мы бачым, што гэтую заяву ня ўсе апазыцыйныя лідэры згадзіліся падпісаць», — адзначыў Класкоўскі ў інтэрвію Радыё Свабода.

Зь іншага боку, кажа аналітык, Аляксандар Лукашэнка занадта ўпэўнена сябе адчувае, каб ісьці на перамовы з апазыцыяй.

Я ня думаю, што цяпер эўрапейцы стануць надта ціснуць на беларускі рэжым, каб той выконваў патрабаваньні гэтай групы апазыцыйных лідэраў.

«Самае галоўнае, што беларускі афіцыйны лідэр сёньня на кані ў тым, што тычыцца дачыненьняў з Эўразьвязам. Ён адчувае сябе пераможцам, бо афіцыйны Менск праціснуў свой фармат узаемадзеяньня з Эўропай, калі тая бярэ пад увагу найперш прагматычныя меркаваньні, у прыватнасьці чыньнік геапалітыкі, і адсоўвае ўбок пытаньне дэмакратыі ды правоў чалавека. Натуральна, рытарычна Брусэль не адмаўляецца ад гэтых каштоўнасьцяў, так ці інакш прагаворвае нейкія свае пажаданьні, але прагаворвае даволі мякка, і я ня думаю, што цяпер эўрапейцы стануць надта ціснуць на беларускі рэжым, каб той выконваў патрабаваньні гэтай групы апазыцыйных лідэраў. Ды надта і не націсьнеш на Лукашэнку. Я думаю, што заходнікі збольшага ўжо зьмірыліся з думкай, што Лукашэнку не пераробіш, але проста на тле сёньняшняй Расеі, яе агрэсіі ва Ўкраіне, авантуры ў Сырыі, увогуле палітыкі Пуціна, які сёньня ўяўляецца найпершым дыктатарам Эўропы, Лукашэнка здаецца не такім ужо кепскім хлопцам», — канстатуе экспэрт.

Як нейкая дэклярацыя, як нагадваньне Брусэлю, што ня варта забываць пра каштоўнасьці, гэтая заява мае пэўны сэнс. Але чакаць ад яе практычнага вялікага эфэкту не выпадае.

«Калі ж рэзюмаваць, я б сказаў, што як нейкая дэклярацыя, як нагадваньне Брусэлю, што ня варта забываць пра каштоўнасьці, гэтая заява мае пэўны сэнс. Але чакаць ад яе практычнага вялікага эфэкту не выпадае. Апазыцыя мусіць рэальна пашыраць уплыў на масы, рэальна мець нейкую вагу, дастатковую для таго, каб зь ёй лічылася ўлада. Сёньня сытуацыя ня тая, і са слабой апазыцыяй, якая нават паводле незалежнай сацыялёгіі мае невялікі ўплыў на масы, натуральна, Лукашэнка, які трымае краіну ў кулаку і цалкам кантралюе сытуацыю, ня згодзіцца сядаць за адзіны „круглы стол“. Ні за круглы, ні за квадратны», — упэўнены Класкоўскі.

Учора стала вядома, што пяць дэмакратычных палітыкаў — Сяргей Калякін, Анатоль Лябедзька, Уладзімер Някляеў, Павал Севярынец і Мікалай Статкевіч — у адкрытым лісьце да кіраўніцтва ЭЗ прапанавалі перазапусьціць перамовы за «круглым сталом» паміж уладай і апазыцыяй, закансэрваваныя ў 1999 годзе.

Былы кандыдат у прэзыдэнты Тацяна Караткевіч паведаміла Свабодзе, што ёй не прапаноўвалі падпісаць гэты зварот.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG