Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нuman Rights Watch: Расея ўжывае ў Сырыі вакуўмныя бомбы


Расейскі штурмавік Су-25 вылятае на баявое заданьне з расейскай базы паблізу Латакіі

Расейскі штурмавік Су-25 вылятае на баявое заданьне з расейскай базы паблізу Латакіі

У выніку бамбаваньняў расейскай авіяцыі і наступу рэгулярнай арміі Башара Асада некалькі гарадоў Сырыі, якія лічыліся адносна бясьпечнымі для мірнага насельніцтва, цяпер сталі прыфрантавымі.

Намесьнік дырэктара аддзелу па справах Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі праваабарончай арганізацыі Human Rights Watch Надзім Аўры у інтэрвію Радыё Свабода распавёў пра расьсьледаваньне абставінаў двух авіяналётаў расейскай авіяцыі на паселішчы Ганту і Тэр-Маала непадалёк ад Хомсу, якія прывялі да ахвяраў сярод цывільных асобаў. На думку спадара Аўры, удары наносіліся без уліку магчымых цяжкіх наступстваў для мірных жыхароў.

РС: Што паведамілі відавочцы супрацоўнікам Human Rights Watch пра авіяналёты на сырыйскі населены пункт Ганту 15 кастрычніка, які, як лічыцца, зрабілі расейскія баявыя самалёты?

Надзім Аўры

Надзім Аўры

Надзім Аўры: Паводле іх, удар быў нанесены раніцай па хаце, дзе хавалася вялікая сям’я, і ў практычна ўсе сямейнікі былі забітыя. Нам быў паказаны відэазапіс, зроблены пасьля налёту. І, згодна з высновамі нашых экспэртаў, якія застаюцца ў раёне баявых дзеяньняў, аналізуючы разбурэньні, можна казаць, што ўжываліся вакуўмныя бомбы. Гэта тлумачыць характар нанесеных пашкоджаньняў. Загінулая сям’я была зьвязаная з кіраўніком адной з мясцовых груповак, зьвязаных са Свабоднай Сырыйскай Арміяй. Хоць самога палявога камандзіра не было ў доме. Ён быў зьняты на відэа пры вяртаньні, калі ўбачыў сваю загінулую сям’ю пад руінамі дома.

Што ў рэальнасьці адбываецца цяпер — з упэўненасьцю сказаць цяжка, паколькі Ганту і Тэр-Маала зьяўляюцца месцам актыўных баявых дзеяньняў, наступу сырыйскай арміі пры падтрымцы расейскай авіяцыі. Сытуацыя разьвіваецца, вынікам наступу сталі сур’ёзныя разбурэньні. Многія мясцовыя жыхары былі вымушаныя ўцякаць. Ганту і іншае паселішча, пра якое мы гаворым, Тэр-Маала, знаходзяцца на поўнач ад Хомсу, кантралююцца апазыцыйнымі групоўкамі больш за два гады, і яны ўжо даўно акружаныя сырыйскімі ўрадавымі войскамі. Паводле ацэнак мясцовых, там да гэтага часу застаюцца каля 50 тысяч мірных жыхароў. З пачаткам наступу 15 кастрычніка гэтыя цывільныя асобы вымушаныя перамяшчацца з аднаго населенага пункту ў іншы ўнутры гэтага невялікага анкляву. Ім няма дзе схавацца, бясьпечных месцаў там няма. Таму мы заклікаем улады Сырыі і Расеі пакінуць мірным жыхарам калідор бясьпекі ці хаця б пазначыць раён, дзе яны маглі б знайсьці сховішча.

РС: Як вы лічыце, для чаго пры налёце на Ганту маглі ўжывацца вакуўмныя бомбы?

Мясцовыя жыхары кажуць пра адсутнасьць якіх-небудзь папярэджаньняў аб налёце і спробаў засьцерагчы ад яго мірнае насельніцтва.

Надзім Аўры: Мы дамагаемся тлумачэньняў ад Расеі з гэтай нагоды. Але характар разбурэньняў кажа пра ўжываньне вакуўмных бомбаў. Яны больш магутныя, чым звычайныя бомбы, і прычыняюць моцныя разбурэньні на вялікай плошчы. Вайскоўцы любяць ўжываць такія бомбы, таму што могуць быць цалкам упэўнены, што нанесьлі эфэктыўны ўдар менавіта па тым месцы, па якім хацелі. Але відавочна, што калі яны ўжываюцца ў раёнах, дзе пражывае мірнае насельніцтва, нельга казаць аб выбіральнасьці мішэняў. Пытаньне таксама ў тым, чаму расейцы не зрабілі ніякіх асобных заяваў з нагоды гэтага налёту. Гэта значыць, яны нават не далі тлумачэньняў з нагоды таго, куды наносіўся ўдар, якія меры былі прынятыя, каб мінімізаваць ахвяры сярод мірнага насельніцтва. Нават калі ў іх была цалкам лягічная вайсковы мэта — і мы чакаем заявы пра тое, ці быў гэтай мэтай вышэйзгаданы палявы камандзір — расейцы ўсё роўна былі абавязаныя прыняць усе магчымыя меры, каб мінімізаваць шкоду для грамадзянскага насельніцтва, наносіць удар так, каб скараціць ахвяры сярод мірных жыхароў. Чаго, і гэта відавочна, зроблена не было. Да прыкладу, мясцовыя жыхары кажуць пра адсутнасьць якіх-небудзь папярэджаньняў аб налёце і спробаў засьцерагчы ад яго мірнае насельніцтва.

РС: Вы можаце паведаміць падрабязнасьці, на аснове якіх вы зрабілі выснову пра ўжываньне расейскай авіяцыяй вакуўмных бомбаў?

Мы б хацелі атрымаць ад расейцаў тлумачэньні з нагоды фактаў, выяўленых у ходзе незалежнага расьсьледаваньня.

Надзім Аўры: Абвінавачаньні ва ўжываньні вакууўных бомбаў зьвязаныя з налётам на Ганту, пры якім загінулі больш за сорак чалавек адной сям’і. На відэа, зьнятым пасьля налёту, зафіксаваныя прыкметы таго, што ўжываўся менавіта гэты від ўзбраеньняў. Па-першае, раны і апёкі, якія бачныя на целах ахвяраў. Па-другое, памер абломкаў разбураных будынкаў, падабенства разбурэньняў у суседніх будынках таксама гавораць аб ужываньні вакуўмных бомбаў. У цэлым, я лічу, што, калі паглядзець на характар раненьняў, якія бачныя на відэа — у сам гэты раён цяпер практычна немагчыма прабрацца звонку — то ён таксама адпавядае выкарыстаньню гэтай зброі, паколькі мы амаль ня бачым разарваных целаў, але трупы загінулых раскіданыя па ўсім раёне ўдару. Такога роду прыкметы пацьвярджаюць магчымасьць ўжываньня гэтых бомбаў. У ідэале, мы б хацелі атрымаць ад расейцаў тлумачэньні з нагоды фактаў, выяўленых у ходзе незалежнага расьсьледаваньня.

XS
SM
MD
LG