Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бяляцкі: Беларусь вельмі хутка можа скаціцца на тыя пазыцыі, на якіх знаходзіцца Азэрбайджан


Падчас парлямэнцкіх выбараў у Азэрбайджане
Падчас парлямэнцкіх выбараў у Азэрбайджане

Выбары ў Беларусі і Азэрбайджане аб’яднаныя масавымі фальсыфікацыямі. У абедзьвюх краінах выбары адбываюцца «ў несвабоднай атмасфэры, непразрыста і недэмакратычна».

Такое меркаваньне ў інтэрвію Радыё Свабода выказаў кіраўнік Праваабарончага цэнтру «Вясна», былы палітвязень Алесь Бяляцкі, камэнтуючы вынікі парлямэнцкіх выбараў у Азэрбайджане.

Алесь Бяляцкі
Алесь Бяляцкі

«У Азэрбайджане гэтыя выбары праходзілі ў асаблівай эскаляцыі паміж уладамі і міжнароднай супольнасьцю, паміж уладамі і ўнутранай дэмакратычнай апазыцыяй. Дастаткова сказаць, што місія АБСЭ па назіраньні сёлета не прыехала ў Азэрбайджан, адразу прызнаўшы гэтыя выбары несправядлівымі і недэмакратычнымі. Гэта было зьвязана з тым, што ў чэрвені гэтага году офіс АБСЭ ў Азэрбайджане быў зачынены. Непрызнаньне дэмакратычнасьці выбараў місіяй АБСЭ проста пазбаўляе азэрбайджанскія ўлады ўсялякіх магчымасьцяў паказаць усяму сьвету, што гэтыя выбары маюць хоць нейкую легітымнасьць», — кажа праваабаронца.

Азэрбайджанская дэмакратычная апазыцыя байкатавала парлямэнцкія выбары.

«Асноўныя дэмакратычныя партыі, якія аб’яднаныя там у Нацыянальную раду дэмакратычных сілаў, ня ўдзельнічалі ў гэтых выбарах, назваўшы іх імітацыяй, выбарчым фарсам. Яны заявілі, што ўмоваў для правядзеньня выбараў няма — на фоне дзясяткаў і дзясяткаў палітзьняволеных (журналістаў, праваабаронцаў, палітычных і грамадзкіх актывістаў, блогераў), якія цяпер знаходзяцца ў азэрбайджанскіх турмах», — кажа Бяляцкі.

Кіраўнік ПЦ «Вясна» прызнае, што хоць выбары ў Беларусі міжнародная супольнасьць таксама не прызнала дэмакратычнымі, яны ўсё ж праходзілі ў больш спакойнай атмасфэры.

Няма ніякага сумненьня, што выбары ў Азэрбайджане гэтаксама былі сфальсыфікаваныя.

«Але, канечне ж, масавыя фальсыфікацыі, якія адбываюцца і ў Азэрбайджане, і ў Беларусі — гэта тое, што аб’ядноўвае выбары ў гэтых аўтарытарных краінах. Няма ніякага сумненьня, што выбары ў Азэрбайджане гэтаксама былі сфальсыфікаваныя. Тут прайшлі практычна амаль усе прадстаўнікі прапрэзыдэнцкай партыі „Новы Азэрбайджан“. Дзеля шырмы, дзеля фасаднай дэмакратыі ўлады ўключылі туды па адным, па два прадстаўнікі дробных, малазначных палітычных груповак. А сам парлямэнт цалкам кантралюецца выканаўчымі ўладамі», — тлумачыць праваабаронца.

Сярод адрозьненьняў — тое, што азэрбайджанскія ўлады не наганяюць яўку выбарцаў так, як гэта робяць у Беларусі. Яўка на выбарах у Азэрбайджане склала 55,7%. «Гэта, канечне, значна менш у параўнаньні з тым, што пішуць беларускія ўлады. Хоць зразумела, што яўка падчас апошніх беларускіх парлямэнцкіх выбараў таксама была значна ніжэйшая, чым гэта было ўказана ЦВК», — дадае Бяляцкі.

Бяляцкі адзначае, што ў Азэрбайджане «шырока выкарыстоўваецца подкуп міжнародных назіральнікаў».

Міжнародныя назіральнікі, якія прыехалі па лініі ПАРЭ ці ад нейкіх іншых дробных інстытуцыяў — відавочна, што яны выконваюць заказ азэрбайджанскіх уладаў.

«Тыя міжнародныя назіральнікі, якія прыехалі па лініі ПАРЭ ці ад нейкіх іншых дробных інстытуцыяў — відавочна, што яны выконваюць заказ азэрбайджанскіх уладаў. Ня ведаю, якія прывілеі яны за гэта атрымліваюць, у якім выглядзе, але таксама няма ніякага даверу да гэтых так званых назіральнікаў, якія проста пацьвярджаюць легітымнасьць вось гэтай недэмакратычнай улады. Ну, і гэтую ж місію выконваюць традыцыйна назіральнікі ад СНД, якія прызнаюць фактычна ўсе выбары ў краінах СНД. Дарэчы, за што Аляксандар Рыгоравіч і хваліў назіральнікаў СНД, бо гэта адна з асноўных місіяў гэтых назіральнікаў — падтрымліваць і легітымізаваць аўтарытарныя рэжымы ў краінах СНД», — кажа праваабаронца.

«Такім чынам, і Беларусь, і Азэрбайджан знаходзяцца па-за рысай дэмакратычных выбараў. Няма ніякага даверу да вынікаў гэтых выбараў, і няма стабільнасьці ў грамадзтве, таму што як у Азэрбайджане, так і ў Беларусі хапае людзей, якія хочуць бачыць выбары свабоднымі, дэмакратычнымі і празрыстымі, якія ніколі ня будуць мірыцца з падтасоўкамі і фальсыфікацыямі, зь несправядлівасьцю», — кажа ён.

Бяляцкі кажа, што, мяркуючы па фармальных паказчыках, сытуацыя з правамі чалавека ў Азэрбайджане горшая, чым у Беларусі, бо там у турмах дзясяткі палітвязьняў.

Грамадзянская супольнасьць фактычна загнаная ў падпольле за тры гады пасьля апошніх прэзыдэнцкіх выбараў.

«Грамадзянская супольнасьць фактычна загнаная ў падпольле за тры гады пасьля апошніх прэзыдэнцкіх выбараў, якія вельмі моцна, дарэчы, крытыкаваліся і місіяй АБСЭ, якая тады назірала за імі. Аліеў набраў на тых выбарах 84,6% — то бок яму намалявалі нават больш, чым Аляксандру Рыгоравічу ў нас. Даверу да гэтых лічбаў ані ў кога не было, і фактычна пасьля гэтага пачаліся масавыя пасадкі, разгон дэмакратычных арганізацыяў, запалохваньне грамадзянскай супольнасьці ў Азэрбайджане, якое цяпер на вельмі высокім узроўні», — кажа ён.

На думку Бяляцкага, розьніца паміж сытуацыяй у Беларусі і Азэрбайджане не такая істотная, бо сутнасьць палітычных рэжымаў аднолькавая.

«Гэта паўза адноснага спакою ў Беларусі, калі ў нас няма палітзьняволеных, калі арганізатары масавых акцыяў не трапляюць на суткі, не ўзбуджаюцца крымінальныя справы, калі яны абыходзяцца штрафамі — яна можа вельмі хутка і нечакана прайсьці, і зноў Беларусь можа скаціцца на тыя ж самыя пазыцыі, на якіх знаходзіцца і Азэрбайджан, таму што рэжымы па сутнасьці такія самыя. Гэта аўтарытарныя рэжымы, дзе ўлада фактычна захоплена невялікай колькасьцю людзей, якія гатовыя дзеля ўтрыманьня гэтай улады пайсьці на ўсё», — падкрэсьлівае праваабаронца.

На парлямэнцкіх выбарах у Азэрбайджане перамагла праўладная партыя «Новы Азэрбайджан» на чале з прэзыдэнтам Ільхамам Аліевым.

Паводле амэрыканскай кампаніі «Arthur J.Finkelstein & Associates», якая спэцыялізуецца на правядзеньні электаральных апытаньняў, кіроўная партыя лідзіруе з паказчыкам 74% падтрымкі выбарцаў.

Ільхам Аліеў — прэзыдэнт Азэрбайджана з 2003 году. У 2013-м ён быў пераабраны на трэці тэрмін, апазыцыя лічыць, што гэта адбылося са шматлікімі парушэньнямі. Папярэднікам Ільхама Аліева быў ягоны бацька — Гейдар Аліеў, які кіраваў краінай на пасадзе прэзыдэнта з 1993 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG