Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фясенка: Арыштаваны лідэр «Укропа» — вядомы і жорсткі рэйдэр


Старшыня партыі «Ўкроп» Генадзь Корбан

Старшыня партыі «Ўкроп» Генадзь Корбан

Ва Ўкраіне скандал з-за арышту старшыні партыі «Ўкроп» Генадзя Корбана, блізкага да мільярдэра Ігара Каламойскага.

Раніцай 31 кастрычніка ў Днепрапятроўску пачаліся ператрусы сярод лідэраў партыі «Ўкроп». Ператрусы прайшлі ў доме старшыні партыі Генадзя Корбана і ягоных бацькоў, а таксама ў доме старшыні праўленьня «Фонду абароны Краіны» Паўла Хазана.

Затым Корбана даставілі ў галоўнае сьледчае ўпраўленьне Генэральнай пракуратуры Ўкраіны ў Кіеве. Цяпер палітык у сьледчым ізалятары СБУ.

Бізнэс-партнэр затрыманага, вядомы ўкраінскі алігарх Ігар Каламойскі назваў затрыманьне Корбана «хваравітай рэакцыяй» на посьпех партыі «Ўкроп» на мясцовых выбарах. Партыя выкарыстоўвае агрэсіўную антыпрэзыдэнцкую рыторыку.

Свабода запытала ў кіеўскага палітоляга Ўладзімера Фясенкі, ці ёсьць у арышце Генадзя Корбана палітычны складнік.

Уладзімер Фясенка

Уладзімер Фясенка

— Гутарка ідзе не пра арышт, а пра затрыманьне. Гэта розныя рэчы. Арышт будзе пасьля афіцыйнага выстаўленьня абвінавачаньня. Пакуль ёсьць толькі падазрэньне. Але трэба ўлічваць, што супраць Генадзя Корбана яшчэ летась было заведзена некалькі крымінальных спраў. Корбан, дарэчы, гэта публічна прызнаваў. Абвінавачваньні дастаткова сур’ёзныя — выкраданьне людзей у часы, калі Корбан быў намесьнікам губэрнатара Днепрапятроўскай вобласьці, і махінацыі са сродкамі дабрачыннага фонду, створанага дзеля таго, каб дапамагаць удзельнікам АТА. Мяркуючы па зьвестках Генпракуратуры, грошы выкарыстоўваліся дзеля іншых мэтаў.

— Ці дастаткова гэтых злачынстваў для затрыманьня і магчымага арышту?

Генадзь Корбан у свой час быў адным з самых вядомых і найбольш жорсткім рэйдэрам ва Ўкраіне.

— Цяжка камэнтаваць грашовыя махінацыі — няма дастаткова інфармацыі. А тое, што тычыцца выкраданьня людзей, — гэта, на вялікі жаль, абсалютна пэўны факт. І тут трэба ўлічваць тое, што Генадзь Корбан у свой час быў адным з самых вядомых і найбольш жорсткім рэйдэрам ва Ўкраіне. Ён далёка не анёл. Разам са сваім бізнэс-партнэрам Ігарам Каламойскім ён доўгі час дзейнічаў на мяжы закону, часам парушаючы яго. Прычым гэта заўсёды тычылася даволі сур’ёзных спраў. Іншая рэч, што Корбану з розных прычын удавалася ўнікаць адказнасьці, хоць крымінальныя справы распачыналіся неаднаразова.

— Чаму Генадзя Корбана не арыштоўвалі раней?

— У мінулым годзе ўлады пайшлі на хаўрус зь Ігарам Каламойскім. Дамова гэтая дзейнічала да сакавіка 2015 году. Але Генпракуратура была вельмі незадаволеная дзеяньнямі Корбана. Асабліва гэта тычылася выкраданьня людзей — грубейшага парушэньня закону. Гэта, па сутнасьці, тое самае, што робяць сэпаратысты. Да таго ж гутарка вялася пра выкраданьне даволі высокапастаўленых чыноўнікаў. Але не арыштоўвалі з палітычных прычын.

— А чаму цяпер гэта зрабілі?

— Гэта зроблена ня ў сувязі з палітычнымі абставінамі і матывамі — хоць такія меркаваньні гучаць з прычыны палітычнага кантэксту асобы Генадзя Корбана, лідэра партыі «Ўкроп», якая вельмі пасьпяхова выступіла на мясцовых выбарах. Абвінавачаньні, якія будуць высунутыя ў дачыненьні да Корбана, ня маюць дачыненьня да палітыкі. Таму тут было пытаньне толькі ў тым, калі Генадзя Корбана арыштуюць.

— Ці ўдала выбраны час для арышту?

Відавочна, што арышт лідэра «Ўкропа» прывядзе да сур’ёзных разборак у Вярхоўнай Радзе. Сытуацыю могуць разгойдваць ажно да стану парлямэнцкага крызісу.

— Не, час выбраны няўдала. Цяпер у працы парлямэнту пачынаецца пленарны тыдзень. Відавочна, што арышт лідэра «Ўкропа» прывядзе да сур’ёзных разборак у Вярхоўнай Радзе. Сытуацыю могуць разгойдваць ажно да стану парлямэнцкага крызісу. На жаль, такі варыянт магчымы. Разам з тым няўдалы ў палітычным сэнсе час арышту пацьвярджае, што матывы затрыманьня Корбана — не палітычныя, таму і абсалютна ня ўлічаныя магчымыя палітычныя наступствы арышту. Калі ўжо арыштоўваць, то пазьней, каб рэзананс быў меншы. Напрыклад, гэта можна было б зрабіць у навагоднія сьвяты. Але, відаць, вырашылі не цягнуць. І тут я маю меркаваньне, што, магчыма, спэцслужбы мелі інфармацыю пра падрыхтоўку «ўкропаўцамі» нейкіх сілавых дзеяньняў — ці ў Днепрапятроўску, дзе мае адбыцца другі тур выбараў мэра, у якіх бярэ ўдзел адзін зь лідэраў «Укропа» Барыс Філатаў, ці ў Кіеве, дзе «Ўкроп» мог арганізаваць акцыі пратэсту з мэтай ціску на ўлады.

— Ці магчыма, што лідэра «Ўкропа» арыштавалі дзеля таго, каб перашкодзіць Філатаву перамагчы на выбарах у Днепрапятроўску?

— Я лічу, што эфэкт будзе цалкам супрацьлеглы. Філатаў толькі выйграе ад гэтага арышту. Таму, калі б спэцслужбы ўлічвалі палітычныя наступствы, арышт адбываўся б інакш і ў іншы час. Але абвінавачваньні на адрас Корбана даволі сур’ёзныя, таму рана ці позна гэты арышт адбыўся б.

— Чаму партыя «Ўкроп» паказала вельмі добрыя вынікі на мясцовых выбарах, калі выбарцы ведалі пра крымінальныя справы, заведзеныя на яе лідэра?

Выбарцам падабаецца ваяўнічая антыпрэзыдэнцкая рыторыка гэтай партыі.

— Тут усё вельмі проста. Выбарцам падабаецца ваяўнічая антыпрэзыдэнцкая рыторыка гэтай партыі. За «Ўкроп» галасавалі тыя прыхільнікі Майдана, якія ненавідзяць прэзыдэнта Парашэнку. У нас вельмі розныя выбарцы. Ёсьць шмат людзей, якія ня проста не давяраюць Парашэнку, але і ставяцца да яго вельмі нэгатыўна. Гэтыя людзі галасавалі за дзьве партыі — «Свабоду» і «Ўкроп».

XS
SM
MD
LG