Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мітынг да гадавіны Слуцкага збройнага чыну заплянаваны на 28 лістапада


Мітынг да гадавіны Слуцкага збройнага чыну, архіўнае фота 2013 году

Мітынг да гадавіны Слуцкага збройнага чыну, архіўнае фота 2013 году

Заяўку на правядзеньне акцыі з нагоды 95-х угодкаў Слуцкага збройнага чыну падалі ў Слуцкі райвыканкам старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч і кіраўнік слуцкай арганізацыі партыі Віталь Амяльковіч.

Дэманстрацыю і мітынг плянуецца правесьці ў Слуцку 28 лістапада, паведамляе сайт Партыі БНФ.

Як адзначае лідэр Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, паводле заканадаўства, цяпер забаронена да атрыманьня дазволу ўладаў паведамляць пра канкрэтныя час і месца правядзеньня масавых мерапрыемстваў:

Аляксей Янукевіч

Аляксей Янукевіч

«У мінулым годзе ўлады забаранілі правядзеньне мітынгу да гадавіны Слуцкага паўстаньня, таксама ў мінулым годзе чыніўся адміністратыўны перасьлед удзельнікаў і арганізатараў традыцыйных восеньскіх акцыяў нацыянальна-дэмакратычных сілаў (Дзень памяці паўстанцаў 1863 году ў Сьвіслачы, Дзяды). Паглядзім, як паўплывае нядаўняе рашэньне Эўразьвязу пра прыпыненьне санкцыяў супраць беларускіх чыноўнікаў на палітыку ўладаў у дачыненьні да арганізатараў масавых акцыяў. Як вядома, умовы для правядзеньня мірных сходаў зьяўляюцца адным з парамэтраў, паводле якіх праз чатыры месяцы Эўразьвяз будзе ацэньваць сытуацыю ў Беларусі і прымаць рашэньне адносна далейшага дзеяньня прыпыненых санкцыяў», — сказаў Янукевіч.

Рашэньне пра дазвол на правядзеньне акцыі Партыі БНФ у Слуцку павінна быць прынятае райвыканкамам не пазьней за 23 лістапада.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG