Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 2 лістапада: Дзень памінаньня продкаў Дзяды, 85-годзьдзе Алеся Барскага


Акцыя "Дзяды" ў Менску, 1 лістапада

Акцыя "Дзяды" ў Менску, 1 лістапада

Падзеі і даты гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

ПАДЗЕІ ДНЯ

Менск. Прадстаўніцтва Сусьветнага банку ў Рэспубліцы Беларусь запрашае прыняць удзел у прэзэнтацыі чарговага макраэканамічнага агляду для Беларусі, якая пройдзе ў офісе Прадстаўніцтва (вул. Герцана 2а, другі паверх). Пачатак а 9.30

Менск. Дзяржаўны літаратурны музэй Янкі Купалы запрашае на адкрыцьцё выставы скульптара Валерыя Калясінскага «Мэдалі, малюнак, манэты», якую аўтар прысьвячае свайму настаўніку, мастаку і пэдагогу Алегу Луцэвічу. Пачатак а 17.00

Менск (да 6 лiстапада). Напярэдадні 22-га менскага кінафэстывалю «Лістапад» кінатэатар «Піянэр» запускае мініфэстываль «Іншая анімацыя» — не дзіцячыя мультфільмы ў жанрах ад горару да нуару.

ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1648 — упершыню ў Рэчы Паспалітай быў учынены габрэйскі пагром. Здарылася гэта на ўкраінскіх землях, а загадаў зрабіць пагром Багдан Хмяльніцкі. Ягоны загад абярнуўся сапраўднай трагедыяй. За адзін дзень казакі забілі і закатавалі больш за 12 тысяч габрэяў.

1939 — на пазачарговай сэсіі Вярхоўнага Савету СССР у Маскве быў прыняты закон пра ўлучэньне Заходняй Беларусі ў склад Савецкага Саюзу і ўваходжаньне яе ў Беларускую ССР.

1943 — пачалася дэпартацыя карачаеўцаў у Сыбір і Сярэднюю Азію.

1967 — у Менску быў адкрыты Дзяржаўны музэй Беларусі. На сёньня гэта — найбуйнейшая беларуская скарбніца духоўных і матэрыяльных здабыткаў культуры, што мае назву «Нацыянальны музэй гісторыі й культуры Беларусі».

1993 — палата лордаў брытанскага парлямэнту прыняла рашэньня пасьвячаць жанчын у духоўны сан.

2002 — ва ўрочышчы Курапаты ўсталяваны крыж-капліца з абразом Маці Божай Курапацкай усіх нявінна расстраляных аўтарства Аляксея Марачкіна.

У гэты дзень нарадзіліся:

1699 — Жан Батыст Шардэн, славуты францускі жывапісец. Менавіта Шардэн стаў пачынальнікам рэалізму ў францускім мастацтве.

1755 — Марыя Антуанэта, француская каралева, жонка Людовіка XVI, пакараная сьмерцю на гільятыне ў 1793 годзе.

1836 — беларускі мастак і ўдзельнік паўстаньня Каліноўскага Міхал Андрыёлі

1869 — Язэп Стаброўскі, археоляг, краязнаўца, філёзаф, вынаходнік. Заснавальнік аднаго з старэйшых у Беларусі Слонімскага краязнаўчага музэю.

1906 — Зьміцер Бяляцкі, беларускі мэдык і навуковец, дзяржаўны дзяяч

1909 — Максім Лужанін, беларускі паэт, перакладчык які быў сакратаром Якуба Коласа і напісаў кнігу «Колас расказвае пра сябе»

1913 — Мікалай Сірата, беларускі фізык, акадэмік

1930 — паэт і дзяяч беларускай супольнасьці ў Польшчы Алесь Баршчэўскі-Барскі

ЦЫТАТА ДНЯ

Суджана, стаўлена пад перакладзіны,
Сечана, палена, а не аддадзена,
Не парастрачана і не раскрадзена,
Рупна ў падмуркі на золку пакладзена
Роднае слова.

Максім Лужанін

XS
SM
MD
LG