Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Прывід Белай Панны паказаўся гледачам віцебскага тэатра «Лялька»


У тэатры «ажывілі» легенду пра Белую Панну, гаспадыню сярэднявечнага віцебскага замка. З таго часу, як замак разбурылі, яе душа не знаходзіць супакою, і віцяблянам час ад часу зьяўляецца прывід у белым уборы зь ліхтарыкам у руках...

Увечары 31 кастрычніка ў тэатры «Лялька» сабраліся пераважна дарослыя гледачы. Але галоўнай інтрыгай вечара быў ня толькі ўжо вядомы спэктакль «Загубленая душа, альбо пакараньне грэшніка» паводле сюжэта з кнігі «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданьнях» клясыка беларускай літаратуры XIX стагодзьдзя Яна Баршчэўскага.

«Нячыстая сіла» сустракала гасьцей адразу ж, у цёмным фае тэатра

«Нячыстая сіла» сустракала гасьцей адразу ж, у цёмным фае тэатра

Пазнакай «16+» было анасаванае запрашэньне на «Містэрыю ў Белай Панны» — так у «Ляльцы» назвалі тэатралізаванае дзеяньне непасрэдна перад спэктаклем.

Наведнікі падрыхтаваліся да сустрэчы зь Белай Паннай

Наведнікі падрыхтаваліся да сустрэчы зь Белай Паннай

Дарэчы, гледачам было прапанавана прыходзіць у масках, і многія скарысталіся з гэтай прапановы.

Некаторыя прыйшлі ў самаробных масках і касьцюмах

Некаторыя прыйшлі ў самаробных масках і касьцюмах

Гледачоў сустракалі «нячысьцікі» рознага гатунку, у тэатральных калідорах «луналі» прывіды ў масках, запрашаючы сфатаграфавацца разам, патаньчыць сярэднявечныя танцы, узяць удзел у віктарыне, прысьвечанай гісторыі Віцебска і лялечнага тэатра, наведаць буфэт з «чароўнымі» стравамі і напоямі.

«Прывід» у тэатральным калідоры

«Прывід» у тэатральным калідоры

Віктарына

Віктарына

Гісторыя пра Белую Панну была паказаная ў тэатры ценяў. Паводле паданьня, калісьці на гары, дзе пачалася гісторыя Віцебска, стаяў Верхні замак. І жыла ў ім прыгожая князёўна. А потым замак быў зьнішчаны... Але віцябляне яшчэ некалькі стагодзьдзяў бачылі прывід — паненку, апранутую ў белае, усю ў золаце і дыямантах, з кнігаю ў руках і ў атачэньні жывых ільвоў. Белая Панна шчодра прапаноўвала сустрэчным свае каштоўнасьці, але ўзяць іх ды пакарыстацца дагэтуль ніхто так і ня змог...

Белая Панна здалёк паказалася гледачам

Белая Панна здалёк паказалася гледачам

Гэты прывід убачылі і віцебскія гледачы, якім Белая Панна «дазволіла» прайсьці ў глядзельную залю на спэктакль. А па сканчэньні, ужо ў двары, творчая група «AGNI shou» паказала вогненнае шоў пад віцебскімі зоркамі.

XS
SM
MD
LG