Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзясяты раз першага прэзыдэнта. Патэтычная фантазія


Сяргей Астраўцоў

Сяргей Астраўцоў

Народ аднойчы дажыў да дзясятага разу свайго першага прэзыдэнта. Наліць у чаркі, ці што? Ды чорт яго знае…

Усе пачуцьці даўно былі ў нібы закансэрваваным выглядзе. То ён абяцаў 500 даляраў, то 1000, то затым зноў 500. Нібыта было да чаго імкнуцца, аб чым марыць. Прычым імкнуцца і марыць пастаянна. І стабільна: то 500, то 1000, то зноў 500. Сэнс жыцьця, такім чынам, існаваў і можна было спаць спакойна: усё ў ім было стабільна, а стабільнасьць – самае важнае, пераконваў ён.

Стабільныя дзесяць разоў прэзыдэнцтва былі для яго надзвычай важныя. Хаця ўсё прыядаецца. Але ён любіў уласную стабільнасьць. Яна прыелася, але мяняць ён нічога не хацеў. Навошта? Хаця ён пытаньняў такіх сабе не задаваў. І не знайшоў бы адказу, калі б раптам падумалася аб гэтым. Не, мяняць нічога няма патрэбы. Наадварот, слова «стабільнасьць» варта вялікімі літарамі паставіць на даху. Як некалі стаялі словы «Ніхто не забыты, нішто не забыта». Літары давялося дэмантаваць. Даўно гэта было.

Стабільнасьць, стабільнасьць і яшчэ раз стабільнасьць, дарагія землякі. Яна – прэрагатыва яго, галавы. Яму вырашаць формы і межы стабільнасьці. Ён – гарант яе, ён сама стабільнасьць. То 500 даляраў, то 1000. То пяцьсот, то тысяча. Вось яны – межы. Рамкі. Сьцены дзяржаўныя, у якіх народу ўтульна і надзейна. Яго падапечныя пражываюць ад школы да пэнсіі, а ён заўсёды на працоўным месцы, у кабінэце. Пад яго крылом цёпла і ўежна. Ніякіх зыгзагаў. Ніякай чахарды з прозьвішчамі і партрэтамі. Ня дай Божа: ніякай валтузьні партый, ніякіх парлямэнцкіх дыскусій. Ніякіх спрэчак у тэлевізары пра навечна абраны шлях. Усё надзейна і стабільна. Ён на сваёй мірнай варце як за штурвалам камбайна, які сьцінае звонку мэханічна прыгажосьць збожжавых палеткаў, але з высакароднай мэтай – каб ператварыць у боханы, накарміць. Трэба мець адказнасьць за тых, каго прыручыў.

Усё непарушна, трывала, манумэнтальна. Ён. Яго прэзыдэнцтва. Сама рэспубліка.

Навокал больш за два разы звычайна не вытрымлівалі. Беларучкі. А калі мужык сапраўды, трэба ўпрагацца як вол і цягнуць гэты цяжар, не лайдачыць. Туды-сюды, туды-сюды. Ад 500 да 1000 і назад. А яны – два разы пакрасавацца, «сорвать цветы удовольствия» і арывэдэрчы. Гэта не для яго. Ён гарант стабільнасьці.

Прапанова ў кнігу рэкордаў. Нібы прыемна, што ацанілі. Што высілкі не засталіся не заўважанымі. Але што там унутры? Хто больш піва выпіў? Ці хутчэй? Вось каб асобная кніга для сур’ёзных спраў!

Дзесяць разоў. Задумацца! Помнік патрэбны, помнік стабільнасьці, памножанай на дзесяць. Што гэта можа быць? Піраміда? – падказваюць. Але мы не фараоны. Абэліск да неба? Ужо ёсьць. Брама трыюмфальная? У нас банапартаў няма. Дзесяць цыфэрблятаў з адным мэханізмам? Вельмі нядрэнна.

Сымпатычна выглядала таксама прапанова скульптара Вучыцеля. Вельмі значных памераў глёбус на плошчы. Але пытаньне тэхнічнае: як зрабіць абавязкова гранітны, каб даставіць, адпаліраваць, каб не жалезабэтон. Няясна.

Ці проста Дзясятку на плошчы паставіць, сьціпла і з густам?

Або конная статуя чым горш? І ў рыцара каб яго рысы. Рыцар з адчыненым забралам. Аднак лічба «10» і само слова «стабільнасьць», яны тут як чужыя нібыта, не спалучаюцца.

Самі дзесяць разоў таксама маюць пасткі. На выбарах больш за два працэнты стабільнага росту чакаць нельга. Ужо пад сто, і куды далей? І на адпачынак рана. Што з краінай будзе? Што са стабільнасьцю? Куды тады народу падзецца без галавы? Досыць будзе й аднаго працэнту росту, калі што. Жывы будзем, не памром. Коней на пераправе не мяняюць.

А можа ўсё-ткі дзесяць цыфэрблятаў, а гадзіньнік адзін? Час – стабільны

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG