Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На закінутых віцебскіх могілках зладзілі «недзяржаўны суботнік» з нагоды «Дзядоў»


Актывістка аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Тацяна Севярынец зьвярнулася да землякоў праз сацыяльныя сеткі. Зь дзясятак чалавек адгукнуліся і прыйшлі на «суботнік», каб прыбраць Клінічныя могілкі, за стан якіх проста сорамна.

Тое, што «гораду сорамна» мець такія могілкі, ды яшчэ й не на ўскрайку, а за колькі соцень мэтраў да Тэхналягічнага ўнівэрсітэту, дзьвюх школ і будынка адміністрацыі Кастрычніцкага раёну, паўтаралі ўсе. І самі ўдзельнікі «суботніка», і нават мінакі. Праўда, яны збольшага раздавалі парады, як трэба прыбіраць, але не далучаліся зь мяцёлкамі або граблямі. Мясцовыя жыхары — а могілкі месьцяцца паміж прыватным сэктарам і «шматпавярховікамі» — таксама абураліся, скардзіліся, што месца апошняга спачыну ператварылася ў «парк для бамжоў». Аднак падтрымаць ініцыятыву не захацелі і насельнікі бліжэйшых дамоў.

У такім стане могілкі ўжо не адно дзесяцігодзьдзе
У такім стане могілкі ўжо не адно дзесяцігодзьдзе

Могілкі да ўборкі
Могілкі да ўборкі

За могілкамі — пункт прыёму другаснай сыравіны
За могілкамі — пункт прыёму другаснай сыравіны

Ад пункту прыёму другаснай сыравіны, які месьціцца літаральна на ўскрайку могілак, за прыборкай назіралі работнікі. І наведнікі гэтай установы — неахайнага выгляду грамадзяне, якія цягнуць сюды макулятуру, жалезьзе і нейкую старызну, у якой ужо й не пазнаецца першапачатковы выгляд рэчаў...

Мясцовыя жыхары да «суботніка» не далучыліся
Мясцовыя жыхары да «суботніка» не далучыліся

Кажуць, што раней у пункце прыёму ня грэбавалі і надмагільнымі крыжамі, бралі таксама і агароджы з могілак. Але, здаецца, гэтая практыка спынілася — крыжоў заўважна не паменшала, гаворыць ініцыятарка суботніка Тацяна Севярынец:

«Мы прыбіраем тут ужо другі год — грамадзкія актывісты, журналісты, проста неабыякавыя людзі. Зграбаем лісьце на сьцежках, але найперш — змагаемся са сьмецьцём. Камусьці такое можа падацца дзікунствам, але тут бывае шмат выпівохаў, якія „балююць“ на магільных плітах. За сабой, вядома ж, такія асобы не прыбіраюць. Ды гэта і праблематычна: мы таксама не знайшлі паблізу ні кантэйнэра для адыходаў, ні нават звычайнай сьметніцы. Між тым, гэта неабходны элемэнт абсталяваньня любых могілак — каб людзі маглі выкінуць або старыя вянкі, або нешта яшчэ непатрэбнае. Але што казаць пра сьметніцы! Вакол гэтых могілак нават няма плоту! Мы чулі, што час ад часу спробы паставіць яго назіраюцца, але праз пару дзён ад плоту не застаецца і сьледу. Нібыта яго крадуць цыгане, якія жывуць у гэтым раёне. Аднак мясцовым насельнікам, напэўна, прасьцей зваліць наяўную праблему на кагосьці іншага, чымсьці дамагчыся чысьціні ў гэтым месцы ды неяк яе падтрымліваць».

Хадзіць па такіх могілках страшнавата нават удзень
Хадзіць па такіх могілках страшнавата нават удзень

Мясцовыя людзі гавораць, што ў прыцемках хадзіць па могілках вусьцішна. І справа не ў пахіленых крыжах ці надмагільных плітах, якія «вырастаюць» пад нагамі. За кустамі можа прычакаць небясьпека ў выглядзе п’янай кампаніі. А міліцэйскія патрулі ў гэтых краях бываюць скрайне рэдка — ня тое, што на суседніх, добра асьветленах вуліцах «Праўды» або Церашковай.

«Гораду сорамна» мець такія могілкі
«Гораду сорамна» мець такія могілкі

Некалькі гадзінаў неабыякавыя гараджане прыбіралі сьмецьце на могілках, зграбалі апалае лісьце — аж пакуль ня скончыўся запас вялікіх цыратавых мяхоў. Абмяркоўваючы сваю працу і яе вынікі, вырашылі зрабіць наступнае: напісаць ліст да гарадзкіх і раённых уладаў, у Віцебскі спэцкамбінат, які апякуецца ўсімі гарадзкімі могілкамі, а таксама ў Віцебскую Япархію праваслаўнай царквы. Сэнс ліста наступны: недапушчальна, каб могілкі знаходзіліся ў такім неахайным стане.

Штраф за сьмецьце нікога не спыняе
Штраф за сьмецьце нікога не спыняе

Клінічныя могілкі ўжо даўно маюць статус закансэрваваных. Тут даўно нікога не хаваюць. Больш за тое: у 1970-я гады было абвешчана, што могілкі ліквідуюць, і ўсім ахвотным прапанавалі перапахаваць сваякоў і іншых месцах. Хтосьці так і зрабіў, і таму зараз на могілках шмат ужо зарослых ям — былых магіл. Аднак пытаньне пра знос могілак ужо не стаіць. Хаця гэта, можа, і было б вырашэньнем праблемы, лічаць удзельнікі сёньняшняга «суботніка». Калі ёсьць такая магчымасьць, то адміністрацыя могілак мусіць спраўдзіць, дзе якія магілы засталіся — бо на бальшыні крыжоў няма ні надпісаў, ні мэмарыяльных шыльдачак. А калі зьвестак пра пахаваных тут людзей не захавалася, то гэтая месца трэба добраўпарадкаваць, паставіўшы недзе тут памятны знак — што тут былі могілкі. А з крыжоў, якія яшчэ засталіся, можна было б зрабіць агульны помнік-інсталяцыю.

Усё гэтыя ідэі актывісты плянуюць выкласьці ў калектыўным лісьце. А сёньняшні «недзяржаўны суботнік» скончыўся кароткай супольнай малітвай, падчас якой на адной з ацалелых магільных пліт былі запалены сьвечкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG