Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Гомелі зладзілі талаку на месцы масавых расстрэлаў ФОТА


Грамадзкія актывісты Гомеля і проста нераўнадушныя гараджане зладзілі 31 кастрычніка талаку на месцы масавых расстрэлаў мірных людзей сталінскімі прыслужнікамі.

А 13-й гадзіне яны яны сабраліся на 9 кілямэтры Чарнігаўскай шашы каля Вялікага пакутнага крыжа з таблічкай: «Адно зь месцаў масавых расстрэлаў ахвяр бальшавіцкай дыктатуры ў пэрыяд 1919-1940 г». Да падножжа крыжа былі ўскладзены вянкі. Хвілінай маўчаньня прысутныя ўшанавалі памяць бязьвінна расстраляных людзей у часы сталінскага тэрору.

Гомельскі палітык Уладзімер Кацора нагадаў: «Кожны з нас як грамадзянін, які мае бацькоў, дзядоў, імкнецца іх памятаць, на Радаўніцу, на Дзяды стараецца быць на могілках, на тых месцах, дзе яны палеглі ў зямлю. Наведваюць, каб жыла памяць. Сёньня мы на такім месцы, дзе, на жаль, людзей расстрэльвалі. Іх страляла дзяржава, улада, таталітарная ўлада. Наша цяперашняя ўлада ад яе далёка не адышла, бо памяць пра такія месцы не ўшаноўваецца з боку чыноўнікаў. Ужо дваццаць гадоў мы назіраем: беларуская дзяржава самаўхілілася ад прызнаньня масавых сталінскіх рэпрэсіяў».

Прамоўца выказаў спадзеў, што цяперашняе пакаленьне стане сьведкам таго, што беларускае грамадзтва усьвядоміць, якую бяду прынёс на беларускую зямлю сталінскі рэжым зь ягонымі карнымі органамі:

«Архівы будуць адкрыты, праўда пра тыя часы будзе прызнана і ўладаю і, галоўнае, грамадзтвам».

Тут жа, каля Вялікага крыжа, Кастусь Жукоўскі ад імя Ніны Жызьнеўскай, маці Героя Нябеснай Сотні Міхаіла Жызьнеўскага, уручыў лісты-падзякі за дапамогу ва ўсталяваньні помніка сыну на могілках пад Гомелем. Іх атрымалі інвалід са Сьветлагорску Юры Ляшэнка, а таксама Ўладзімер Кацора і Ўладзімер Няпомняшчых.

Падзяка ад Ніны Жызьнеўскай

Падзяка ад Ніны Жызьнеўскай

Ад Вялікага крыжа ўдзельнікі ўшанаваньня памяці продкаў, закатаваных у 30-я гады мінулага стагодзьдзя, накіраваліся ў глыб лесу па левы бок Чарнігаўскай шашы.

Сем гадоў таму за два кілямэтры ад Рэспубліканскага цэнтру радыяцыйнай мэдыцыны і экалёгіі чалавека салдаты 52-га пошукавага батальёну Міністэрства абароны адкапалі з долу парэшткі сямідзесяці расстраляных мірных жыхароў. Вясковыя жыхары з навакольных паселішчаў апавядаюць, што менавіта тут было яшчэ адно расстрэльнае месца.

На гэтым месцы дэмакратычныя актывісты ўсталявалі два памінальныя крыжы і камень з надпісам: «Пакутнікам тваім, Беларусь». Улетку крыжы давялося замяніць і ўмацаваць, бо ранейшыя моцна падгнілі. Сёньня іх нанова пафарбавалі, прыбралі вакол лісьце, запалілі памінальны зьніч з выявай «Пагоні».

Удзельнік талакі, грамадзкі актывіст Анатоль Паплаўны распавёў, што ягоныя сваякі з Буда-Кашалёўскага раёну тасама патрапілі ў жорны сталінскага тэрору:

«Прадзед мой, Аляксандар Паплаўны, апынуўся на Беламор-Балтыйскім канале. Там быў на катаржных працах восем гадоў. Вярнуўся адтуль вельмі хворы, доўга не пражыў. Вельмі страшная трагедыя была для Беларусі і, увогуле, для народаў былога Саюзу. Рэжым сталінскі — чорная хмара для нашай краіны, чорнае крыло страху і рэпрэсіяў. Прыйшоў сюды, бо не хачу, каб такое паўтарылася».

Пэнсіянэр Міхаіл Акуленка прыехаў на месца масавых расстрэлаў, бо быў вельмі ўзрушаны інфармацыяй ў інтэрнэце пра ўшанаваньне памяці ахвяраў рэпрэсіяў у Менску каля будынка КДБ. Упершыню даведаўся, што пры канцы кастрычніка 1937 году ў сутарэньнях тамтэйшай турмы былі нявінна забіта цэлая сотня беларускіх літаратараў, дзеячоў культуры, тэхнічнай інтэлігэнцыі:

«Я глядзеў, як ушанавалі загіблых нашых пісьменьнікаў, іншых творчых людзей — з гэтага пачынаецца нацыя. Вельмі прыкра, што нібыта законны ўрад так расправіўся зь лепшымі людзьмі краіны. Гэта не магло ня ўзрушыць і мяне як чалавека. Таму, прачытаўшы ў інтэрнэце, што тут зьбіраюцца ўшанаваць памяць ахвяраў рэпрэсіяў, прыехаў сюды, дзе нашы людзі праз карныя органы паклалі сваё жыцьцё. Гэта даніна памяці нявінна загіблым. Іх нельга забываць, трэба сюды абавязкова прыходзіць. Нашы продкі змагаліся з той уладаю, ахвяравалі сваім жыцьцём — і, я лічу, яны перамаглі».

Родам Акуленка са Слаўгарадзкага раёну Магілёўскай вобласьці. Ён памятае, які страх панаваў тады ў грамадзтве, дзе свае парадкі ўсталёўвалі служкі дыктатара з НКУС:

«Мы былі малымі і яшчэ несьвядома напявалі, як нам здавалася, сьмешную песеньку: „Дзякуй Сталіну-грузіну, што абуў нас у рызіну“. Маці калі пачула гэта, жахнулася: „Замаўчыце, дзеці! І ніколі больш так не кажыце“. Мне вядома, што ў нашай вёсцы далі тры гады турмы чалавеку — памятаю, Еўдакімаў яго прозьвішча — толькі за тое, што сказаў: у калгасе каровы надта худыя».

Дэмакратычнай грамадзкасьці Гомеля вядомыя чатыры месцы паабапал Чарнігаўскай шашы, дзе карнікі НКУС расстрэльвалі мірных жыхароў. Але гэта далёка ня ўсё. Нядаўна абнародавана інфармацыя, што людзей расстрэльвалі таксама і каля былой вёскі Лешчынец — цяпер гэта амаль што цэнтар Савецкага раёну Гомеля.

XS
SM
MD
LG