Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ужо сёньня, 31 кастрычніка 2015: талака ў Курапатах, віртуальная гульня з НКВД


Падзеі і даты гэтага дня.

Афіша:

Маладафронтаўцы заклікаюць далучыцца да талакі ў Курапатах, што адбудзецца 31 кастрычніка, за дзень да акцыі ўшанаваньня ахвяр камуністычных рэпрэсій “Дзяды”. Збор удзельнікаў талакі 31 кастрычніка а 12 гадзіне на канцавым прыпынку тралейбусаў 46 і 53 “Зялёны луг – 7”.

Віртуальны музэй савецкіх рэпрэсій ладзіць гарадзкі квэст, прысьвечаны трагічным падзеям 29-30 кастрычніка 1937 году, калі па загадзе Сталіна было зьнішчана больш за 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі — паэтаў, пісьменьнікаў, навукоўцаў, дзяржаўных дзеячаў. Квэст уяўляе сабой камандную гарадзкую гульню, якая дазволіць акунуцца ў атмасфэру даваеннага Менску і дасьледаваць гісторыю тых цяжкіх дзён. Каб перамагчы і атрымаць прыз, камандам давядзецца як мага хутчэй выканаць шэраг заданьняў на сталічных вулачках. Для ўдзелу ў квэсьце трэба 31 кастрычніка з 10.00 да 16.00 зайсьці на старонку quest.represii.net і зарэгістраваць сваю каманду. У камандзе можа быць ад 1 да 5 чалавек. Узрост удзельнікаў неабмежаваны, але для ўдзелу спатрэбіцца тэлефон/пляншэт/ноўтбук з доступам у інтэрнэт.

Кампанія «Будзьма беларусамі!» запрашае на афлайнавае ток-шоў «Марк Шагал — пасынак Беларусі, або Чаму мы ня цэнім сваіх герояў» з мастацтвазнаўцам Віктарам Марціновічам, аўтарам кнігі «Марк Шагал. Радзіма», якая неўзабаве выйдзе ў сьвет. На сустрэчы будуць абмяркоўвацца наступныя пытаньні: Чаму і якім чынам культурныя героі адрынаюцца або прымаюцца беларускім грамадзтвам? Як у такой сітуацыі паводзяць сябе нашы суседзі? Як беларусам навучыцца ганарыцца сваім? Сустрэча адбудзецца а 13.00 у музэі-сядзібе «Пружанскі палацык», (г. Пружаны, вул. Савецкая, 50).

У гісторыі:

1905 — у Менску адбылася трагедыя, якая ўвайшла ў падручнікі пад назваю «Курлоўскі расстрэл». У гэты дзень каля вакзалу — цяпер цэнтральнага чыгуначнага, а тады ён называўся Віленскім — сабраўся 20-тысячны мітынг менчукоў, якія выступалі супраць манархіі, за дэмакратычную рэспубліку. На загад губэрнатара Курлова супраць дэманстрантаў былі кінутыя паліцыя і войска. Пачалася страляніна, у выніку якой 100 чалавек былі забітыя і каля 300 параненыя.

1930 — нарадзіўся Леў Гумілеўскі, скульптар, народны мастак Беларусі.

1937 — карнікамі НКВД быў расстраляны Антон Баліцкі, дзяржаўны дзяяч, адзін з актыўных праваднікоў палітыкі беларусізацыі ў БССР.

1937 — нарадзіўся Яўген Кулік, мастак, адзін з аўтараў мадэрнізаванага варыянту гербу «Пагоня», які быў зацьверджаны Вярхоўным Саветам у якасьці дзяржаўнага гербу Рэспублікі Беларусь.

У памяці:

1932 — памёр Кіпрыян Кандратовіч, расейскі і беларускі вайсковы дзяяч, генэрал, сябра Народнага Сакратарыяту БНР.

1992 — памёр Міхась Ткачоў, гісторык, палітык, ініцыятар аднаўленьня сацыял-дэмакратыі ў Беларусі і першы старшыня Цэнтральнай Рады БСДГ (1991-1992).

Цытата:

Марк Шагал паміраў у ліфце.
Без радзімы на старасьць год.
Фарбавала ліфцёрша кіпці
і гартала часопіс мод.

Без радзімы. З кавалкам хлеба.
З клеткаптушкай. Без жаўрука.
Кнопку з надпісам простым "неба"
націскала яго рука.

Міхась Скобла, фрагмэнт верша «Узьнясеньне Шагала»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG