Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Прадавачка кнігарні: «А што Алексіевіч напісаў?» Яе каляжанка: «Мальчики в гробу»


Гомельская кнігарня № 19

Гомельская кнігарня № 19

Днямі акурат насупраць кнігарні № 19, што ў Гомелі на вуліцы Савецкай, 106, цікавіўся ў гомельскіх студэнтаў: чаму беларускай уладзе не даспадобы грамадзянская пазыцыя нобэлеўскай ляўрэаткі Сьвятланы Алексіевіч?

Будучы праграміст прызнаецца, што наагул ня ведае, што напісала Алексіевіч. Ведае толькі, што яна ўганаравана Нобэлеўскай прэміяй, пасьля чаго паехала за мяжу і заявіла: «...у нас тут дыктатура».

Студэнтка-філфакаўка зьдзіўлена ўскідвае акуратненькія дужкі падфарбаваных броваў: «Алексіевіч? Штосьці такое чула...».

Сяброўка філфакаўкі дапамагае: «Малайчына Алексіевіч, за гонар нашай дзяржавы пастаяла! Я чула, яе кнігі ў школьную праграму ўключылі».

Якія гэта кнігі і на якую тэму — студэнткі толькі ўсьміхаюцца. Падумалася яшчэ: няўжо за тыя тры тыдні, што мінулі з 8 кастрычніка, калі Алексіевіч атрымала Нобэля, філфакаўкі так і не зазірнулі ў кнігарню, каб хоць адным вокам паглядзець на тыя кнігі, пра якія неўзабаве давядзецца расказваць школьнікам? Як-ніяк — будучыя знаўцы прыгожага пісьменства.

Да кнігарні — два дзясяткі крокаў. Яна месьціцца на першым паверсе дома, дзе жывуць выкладчыкі ўнівэрсытэту імя Францішка Скарыны. У залі — тры прадавачкі і столькі ж наведнікаў.

«Кнігі Алексіевіч ёсьць у продажы?»

Маладая прадавачка Людміла пасур’ёзьнела: «А што Алексіевіч напісаў?»

Каюся, бо ня стрымліваюся ад сьмеху: «Дык гэта ня ён, а яна, нобэлеўская ляўрэатка па літаратуры».

Людміла поркаецца ў кніжках і, падалося, з палёгкай кажа: «Нічога няма. Што нам начальства дасылае, тое мы і прадаём».

«А хто ў вас начальства?»

«Вашкевіч, „Белкніга“ — гэта ў Менску».

На дапамогу Людміле прыходзіць яе каляжанка: маўляў, тры гады ляжалі кніжкі Алексіевіч, і мала хто імі цікавіўся. А цяпер — ажыятаж. Дзеля большай пераканаўчасьці прадавачка спрабуе нават прыгадаць назву «ляжалых» кніг і нарэшце выдае:

«Мальчики в гробу».

Каляжанку сьпешна папраўляе гандлярка з аддзелу канцтавараў: «Цинковые мальчики»!

Выпадак у 19-й кнігарні падштурхнуў да пошуку ў гомельскіх кнігарнях «сьлядоў» ляўрэаткі Нобэля. На той жа вуліцы Савецкай, па сутнасьці, побач з цэнтральнай плошчай, месьціцца кнігарня «Мысль», перайменаваная ня так даўно ў «Книги» № 3.

«Апошні раз улетку былі, цяпер нічога няма», — сьцьвярджаюць прадавачкі.

Паліца беларускай літаратуры ў кнігарні № 3

Паліца беларускай літаратуры ў кнігарні № 3

Няма ніводнага выданьня Сьвятланы Алексіевіч у кнігарнях №№ 1, 2 адпаведна на вуліцах Тэльмана ды Ільіча.

«Калі выдадуць, тады й прадаваць будзем», — стандартна адказваюць на запытаньні кніжныя гандляры.

На праспэкце Леніна, 45 месьціцца найбуйнейшая ў горадзе крама «Книжный мир». На паліцах пакрываюцца пылам кніжкі ў муаравых пераплётах, напісаныя афіцыйнымі пісьменьнікамі-генэраламі. Ляўрэата Нобэля і тут няма.

«Книжный мир» на праспэкце Леніна

«Книжный мир» на праспэкце Леніна

«Замовілі Алексіевіч», — цьвердзяць прадавачкі, распакоўваючы чарговую партыю дзіцячых кніжак на расейскай мове.

«А што менавіта замовілі?»

«Усё замовілі».

«Няўжо ўсе шэсьць кніжак?»

«Усе, усе... Усім хопіць», — па-змоўніцку пераглядваючыся, кажуць прадавачкі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG