Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гісторык Аляксандар Краўцэвіч расказаў, як трэба пісаць гісторыю Беларусі


Аляксандар Краўцэвіч з сваім творчым даробкам
Аляксандар Краўцэвіч з сваім творчым даробкам

Гарадзенскі гісторык Аляксандар Краўцэвіч прэзэнтаваў у Магілёве дзьве свае кнігі — «Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага» ды «Гедымін», а таксама расказаў пра сваё бачаньне падыходаў да пісаньня гісторыі Беларусі. Паводле яго, асноўная праблема ў тым, што гісторыя Беларусі напісаная пераважна не беларусамі.

«У нас няма таксама ніводнай кнігі па гісторыі суседніх краін, распрацаванай беларускімі гісторыкамі», — казаў на сустрэчы з магілёўцамі госьць з Гарадзеншчыны.

Беларус, даводзіў ён, інакш глядзіць на гісторыю той жа Расеі, чым расеец. «Мы карыстаемся альбо расейскімі падручнікамі, альбо кормім расейскіх прафэсараў, якія пішуць на нашы грошы для нас расейскую гісторыю. У нас няма беларускай гісторыі Польшчы. Я шмат дыскутую з палякамі, бо зашмат мітычных рэчаў пра нас у іх. Зразумела, беларус напіша гісторыю Польшчы інакш, чым паляк».

«Мы жывём ня ў вакуўме, а ў шырокім сьвеце, — казаў гісторык. — Хочам мы таго ці не, але мы атрымліваем веды пра гісторыю Расеі. Але, можа, варта на гісторыю Расеі глядзець сваімі вачыма, а не з таго боку, які нам навязваюць. Калі мы вучым дзяцей на чужых канцэпцыях, то атрымліваецца, што Беларусі не было і няма. Не бывае гісторыі абсалютна аб’ектыўнай, а беларусы шукаюць нейкую неіснуючую аб’ектыўнасьць. Аб’ектыўную гісторыю ведае толькі Пан Бог. Кожны гісторык інтэрпрэтуе гісторыю», — казаў Аляксандар Краўцэвіч.

«Вось Армія Краёва, — прывёў ён прыклад, — яны для Польшчы адназначна героі. Але яны забівалі беларускіх сьвятароў, настаўнікаў. Мы кажам сваім польскім калегам: «Давайце будзем разьбірацца з кожным канкрэтным выпадкам. У нас ацэнка Арміі Краёвай крыху іншая».

Існуюць адмысловыя камісіі па падручніках: польска-ўкраінская, польска-нямецкая, казаў Краўцэвіч. Ёсьць і польска-беларуская, якая, паводле гісторыка, не зьбіралася гадоў дваццаць. Гэтыя камісіі шукаюць агульныя пазыцыі, зь якіх варта трактаваць цяжкія гістарычныя пэрыяды.

«Мы стварылі ў Варшаўскім унівэрсытэце Цэнтар беларускіх студыяў з тых гісторыкаў, якіх павыганялі зь беларускіх унівэрсытэтаў, найперш гарадзенскіх, бо яны пісалі ня тую гісторыю, якую хацеў абласны начальнік Сямён Шапіра. У гэтым цэнтры мы будзем пісаць гісторыю Беларусі зь беларускага гледзішча. Аднак тую гісторыю, якая прыводзіць не да канфліктаў з суседзямі, а да паразуменьня».

Адным з прыкладаў станоўчага ўзаемадзеяньня гісторыкаў Аляксандар Краўцэвіч назваў стварэньне гісторыі Гародні:

«Нам удалося напісаць гісторыю Гародні разам з палякамі, — казаў ён. — Называецца кніга „Гародня Х—ХХ стст. Каралеўскі горад з правінцыйным лёсам“. Год пісаліся тэксты. Чатыры гады ўзгадняліся. Памежны горад. Палякі на яго выказваюць прэтэнзіі, мы лічым горад сваім. Тэрміналёгія іншая. Падыходы іншыя. Мы абагналі ў гэтым пляне і летувісаў, і ўкраінцаў. Палякі з украінцамі гісторыю Львова невядома калі напішуць. Палякі зь летувісамі ня хутка і невядома калі разам напішуць гісторыю Вільні. Мы пішам суб’ектную гісторыю краіны. Гэта значыць: Беларусь — суб’ект сваёй гісторыі. Гісторыя павінна весьці да аб’яднаньня эўрапейцаў, а не да канфрантацыі. Канфрантацыі нам хапае. Хоць бяз гэтага не абыдзесься».

Гаворачы пра свае кнігі, Аляксандар Краўцэвіч адзначыў:

«Кніга „Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага“ — плён доўгай працы па сынтэзе гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Я давёў гэты сынтэз ад пачатку дзяржавы да гаспадараньня вялікага князя Альгерда, да 1373 году. Працую над працягам. Наступная кніжка будзе называцца „Крызіс улады. Змаганьне за ўладу 1377–1392“».

На пытаньне, ці ёсьць паралелі паміж тым часам і нашым, гісторык адказаў: «Паралелі — гэта такая складаная рэч. Але галоўная зь іх, што ў барацьбе за ўладу перамагаў той, хто быў менш сумленны».

Сустрэча з Аляксандрам Краўцэвічам адбылася ў грамадзкім цэнтры «Кола». Яе арганізавала гарадзкая суполка Таварыства беларускай мовы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG