Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Лукашэнка: авіябаза не патрэбная ні Расеі, ні Беларусі


Плякат на мітынгу супраць расейскіх вайсковых баз 4 кастрычніка ў Менску

Плякат на мітынгу супраць расейскіх вайсковых баз 4 кастрычніка ў Менску

Выступаючы на апэратыўным зборы каманднага складу Ўзброеных Сілаў Беларусі, Лукашэнка заявіў, што разьмяшчэньне расейскай авіябазы ў Беларусі з ваеннага пункту гледжаньня не патрэбнае ні Расеі, ні Беларусі.

Паводле Аляксандра Лукашэнкі, разьмяшчэньне авіябазы будзе мець больш мінусаў, чым плюсоў. У мірны час у Беларусі ёсьць дзяжурныя сілы ПВА, у складзе якіх ёсьць і расейскі кампанэнт: беларускія экіпажы «МіГ-29» і расейскіх «Су-27» у Баранавічах, перадае БелТА. Яны з задачай аховы дзяржаўных межаў, у тым ліку ў інтарэсах Расеі, спраўляюцца, кажа кіраўнік Беларусі, а аэрадромы падтрымліваюцца ў нармальным стане і ў гатоўнасьці прыняць сотні расейскіх самалётаў.

«Мы ня ўтойваем, што ў выпадку разьвязваньня ваеннай агрэсіі супраць Беларусі, лічы — і супраць Расеі, будзе ўжытая супольная рэгіянальная групоўка войскаў. А значыць, акрамя нашых Узброеных Сілаў, паводле пляну, гэта таксама не сакрэт, у краіну будуць перакінутыя буйныя сілы расейскай арміі, у тым ліку значная колькасьць расейскай авіяцыі. Але [гэта адбудзецца] ў выпадку канфлікту або наспяваючага канфлікту», — заявіў Лукашэнка і дадаў, што «шуміха», паднятая ў СМІ, на яго думку, носіць палітычны характар.

Раней Лукашэнка ўжо выказваўся пра непатрэбнасьць расейскай авіябазы падчас галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах — маўляў, калі што, гатовы прыняць полк расейскіх самалётаў, у якія пасадзяць беларускіх пілётаў. Таксама ён казаў пра гатоўнасьць «абараняць расейскую зямлю».

Тым ня менш, мяркуе кандыдат у прэзыдэнты на выбарах 2010 году Мікола Статкевіч, заяву нельга лічыць канчатковай адмовай:

Мікола Статкевіч

Мікола Статкевіч

«Думаю, гэта значыць, па-першае, тое, што ён ня хоча, каб гэтая база была „за так“, бо гэта ставіць пад сумнеў яго здольнасьць кантраляваць краіну. Але, зь іншага боку, гэты чалавек неаднаразова казаў пра непрымальнасьць шмат якіх рэчаў. Усё пытаньне ў цане. Дастаткова ў Расеі рычагоў, каб прымусіць. Падымуць кошты на нафту — і ўсё тут, увесь цуд эканамічны лясьнецца імгненна. Мабыць, будзе таргавацца, але калі Пуціну вельмі захочацца, куды ж ён дзенецца?

Зараз праблемы ў Расеі нават для тых самалётаў, якія ў Сырыі. Найноўшых самалётаў ня так і багата. Раскідвацца гэтымі самалётамі яны ня могуць. Але для Пуціна тут матывацыя ёсьць. Па-першае, паціснуць на Захад, як кепскі школьнік, які хоча ўкусіць ці ўбрыкнуць настаўніцу, калі тая на яго сварыцца. Па-другое, кантроль над Беларусьсю, бо за гэтай базай можа зьявіцца сухапутная база расейскіх войскаў, а гэта ўжо прамая пагроза існаваньню дзяржавы. Урэшце, для Расеі гэтая база — гэта кароткі шлях да Кіева з поўначы. Я ўпэўнены, што на поўнач ад Кіева моцныя сілы супрацьпаветранай абароны, і радыёлякацыйнае поле ўкраінскіх супрацьпаветраных сілаў мае вельмі высокую ніжнюю мяжу. Таму ў выпадку ваеннага канфлікту такая база будзе сродкам ціску на Ўкраіну і зручным напрамкам нападу на Кіеў».

XS
SM
MD
LG