Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Санкцыі могуць вярнуць у лютым, — МЗС Эстоніі


Марына Кальюранд

Марына Кальюранд

Міністар замежных спраў Эстоніі Марына Кальюранд заявіла, што ў лютым 2016 году будзе разглядацца далейшы лёс санкцыяў адносна ўладаў у Беларусі. Эўразьвяз зьверне ўвагу, сярод іншага, на пытаньне рэабілітацыі былых палітвязьняў. Калі сытуацыя ў Беларусі ня будзе адпавядаць чаканьням, то санкцыі вернуць.

30 кастрычніка Марына Кальюранд узяла ўдзел у канфэрэнцыі «Рубікон-2015: Беларусь як фактар бясьпекі і стабільнасьці».

«У лютым, калі будзе перагляд санкцыяў, мы будзем разглядаць чатыры групы пытаньняў. Найперш гэта ўсё тое, што будзе з былымі палітычнымі вязьнямі на момант перагляду: ці будуць яны рэабілітаваныя, якія ў іх будуць правы, што ў прынцыпе будзе адбывацца на момант перагляду з гэтымі канкрэтнымі людзьмі і іншымі палітвязьнямі, якія былі вызваленыя. Па-другое, будзе вельмі ўважлівае стаўленьне да справаздачы БДІПЧ АБСЭ, дэталі якой я зараз не хачу абмяркоўваць — хай яны завершаць працу, хай напішуць, як выбары праходзілі. Трэцяя група — усё, што тычыцца свабоды слова і свабоды СМІ. І чацьвёртае — якая будзе сытуацыя са свабодай сходаў. Калі сытуацыя ня будзе адпавядаць той, якой мы яе хочам бачыць, — санкцыі будуць ізноў уведзеныя. Тут ніякіх сумневаў няма і быць ня можа», — цытуе Эўрарадыё кіраўніка МЗС Эстоніі.

Паводле Кальюранд, рашэньне аб замарожваньні санкцыяў адносна Беларусі прымалася ў ЭЗ вельмі цяжка:

«Ня думайце, што Эўразьвяз наіўны — мы ўважліва сочым за тым, што адбываецца ў Беларусі».

Эстонскі міністар адмовілася адказваць на пытаньне, ці дастаткова будзе для вяртаньня санкцыяў адмовы беларускіх уладаў аднаўляць у грамадзянскіх і палітычных правах былых палітвязьняў. Па яе словах, разважаць на гэтую тэму рана, бо да перагляду санкцыяў яшчэ 4 месяцы, і за гэты час многае можа зьмяніцца як у Беларусі, так і ў ЭЗ.

XS
SM
MD
LG