Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцэ-прэм’ер: На такіх умовах, як Казахстан, Беларусь ва УГА ня пойдзе


Міхаіл Русы

Міхаіл Русы

Сёньня на сумесным паседжаньні дзьвюх палат Нацыянальнага Сходу Беларусі віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы адказаў на пытаньне наконт уступленьня Беларусі ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю.

Гэтае пытаньне ўзьнікае невыпадкова, бо Расея і Казахстан, галоўныя партнэры Беларусі ў Эўразійскай эканамічнай супольнасьці, ужо ўвайшлі ў гэтую арганізацыю.

Гаворачы пра пэрспэктывы Беларусі, Міхаіл Русы падкрэсьліў:

«Для нас галоўнае — ня проста ўступіць ва УГА, а на якіх умовах. Мы паглядзелі і прааналізавалі, як гэта зрабіў Казахстан. Скажу, што на такіх умовах мы туды ня пойдзем. Мы рыхтуемся даволі сур’ёзна да гэтага, пралічваем усю рызыку. Мы не выключаем, што ўступленьне ва УГА прынясе беларускаму аграрнаму сэктару даволі вялікія страты, напрыклад, у галіне вытворчасьці цукру і сухога малака. Так што сьпяшацца мы ня будзем і будзем усё-ўсё пралічваць».

Адказваючы на іншыя пытаньні дэпутатаў, Міхаіл Русы сказаў, што па некаторых пазыцыях сельскай гаспадаркі мы дасягнулі эўрапейскага ўзроўню цэнаў. Напрыклад, адзін літар малака каштуе прыкладна 30 цэнтаў — гэтаксама, як у краінах Эўропы і Злучаных Штатах Амэрыкі. Што тычыцца падвышэньня цэнаў бліжэйшым часам на мяса, пра што пыталіся ў віцэ-прэм’ера дэпутаты, якія прадстаўляюць аграпрамысловы комплекс, Міхаіл Русы сказаў, што цэны падвышаць патрэбна, але ў разумных межах.

Старшыня Савету Рэспублікі Міхаіл Мясьніковіч, які вёў сёньняшняе паседжаньне, адзначыў, што за апошнюю пяцігодку дзяржава ўнесла ў аграрны комплекс 43,8 мільярда даляраў. Ён таксама падкрэсьліў, што многія сельскагаспадарчыя прадпрыемствы маюць вялікія запазычанасьці. Так, паводле Мясьніковіча, фінансавыя абавязаньні сельскагаспадарчых прадпрыемстваў цяпер складаюць прыкладна 85 трыльёнаў рублёў. Гэта супастаўляльна з усёй выручкай за прадукцыю, якая чакаецца па выніках 2015 году. Старшыня Савету Рэспублікі таксама сказаў, што зімоўка 2015–2016 году чакаецца вельмі цяжкой — не хапае кармоў, асабліва бялку.

XS
SM
MD
LG