Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забойства студэнта-гея ў ЗША прывяло да зьмены заканадаўства. Ці магчыма такое ў Беларусі?


Вячаслаў Бортнік на акцыі пратэсту каля пасольства Казахстана у Вашынгтоне

Вячаслаў Бортнік на акцыі пратэсту каля пасольства Казахстана у Вашынгтоне

Праз 11 гадоў пасьля забойства студэнта-гея ў ЗША прынялі закон, паводле якога нянавісьць да сэксуальнай арыентацыі, калі на гэтай глебе ўчынена злачынства, стала адносіцца да абцяжваючых віну абставінаў. А ці выкліча зьмены ў заканадаўстве Беларусі сьмерць Міхаіла Пішчэўскага?

Свабода ўжо неаднаразова пісала пра Вячаслава Бортніка, гамельчука, які пабраўся аднаполым шлюбам у ЗША. Сёньня Бортнік — старшыня Каардынацыйнай групы па Эўразіі ў Міжнароднай Амністыі ЗША. Ён расказаў Свабодзе, як абароненыя правы ЛГБТ-меншасьцяў у ЗША і якія захады павінны зрабіць улады Беларусі, каб абараніць людзей зь нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыяй.

— Як на сытуацыю са сьмерцю зьбітага гея зрэагавалі б у Амэрыцы?

— Адназначна гэта б выклікала неадкладную рэакцыю шматлікіх ЛГБТ-арганізацыяў, было б шмат шуму ў СМІ. Калі б у ЗША да гэтага моманту не існавала заканадаўства аб злачынствах на глебе нянавісьці, якое ўключае таксама сэксуальную арыентацыю й гендэрную ідэнтычнасьць, цалкам магчыма, што гэтая падзея паслужыла б каталізатарам да прыняцьця такога закону.

— І як сёньня абароненыя правы ЛГБТ-меншасьцяў у Амэрыцы ў параўнаньні зь Беларусьсю?

Вячаслаў Бортнік на маніфэстацыі перад будынкам Вярхоўнага суду ЗША ў падтрымку закону пра аднаполыя шлюбы

Вячаслаў Бортнік на маніфэстацыі перад будынкам Вярхоўнага суду ЗША ў падтрымку закону пра аднаполыя шлюбы

— Хоць беларускае правасудзьдзе так і ня лічыць, але справа Мішы Пішчэўскага — яркі прыклад злачынства на глебе нянавісьці з прычыны сэксуальнай арыентацыі. У Беларусі сэксуальная арыентацыя і гендэрная ідэнтычнасьць пацярпелага не разглядаюцца як акалічнасьці, якія абцяжарваюць віну.

Доўгі час падобнае становішча захоўвалася і ў ЗША. Да 2009 году Фэдэральны закон аб злачынствах на глебе нянавісьці (ад 1969 году) не ўключаў нянавісьць да сэксуальнай арыентацыі й гендэрнай ідэнтычнасьці як абцяжваючы фактар. Абама падпісаў Акт Мэт’ю Шэпарда ў кастрычніку 2009 году.

Гісторыя Мэт’ю Шэпарда шмат у чым нагадвае Мішаву. 22-гадовага студэнта Ўнівэрсытэту Ваёмінг жорстка зьбілі два аднагодкі. Потым яны пакінулі Мэт’ю паміраць на пустцы за горадам. Мэт’ю памёр у шпіталі праз шэсьць дзён з прычыны сур’ёзных пашкоджаньняў чэрапа. Спатрэбілася не адна сьмерць прадстаўніка ЛГБТ, каб закон у іх абарону быў прыняты.

Я ганаруся тым, што ў той жа год мне давялося праходзіць стажыроўку ў Майкла Лібэрмана ў «Лізе супраць паклёпу» (Anti-Defamation League) — праваабарончай арганізацыі, якая згуляла адну зь вядучых роляў у прасоўваньні Акту. Даводзілася мне сустракацца і з бацькамі Мэт’ю, якія пасьля сьмерці сына ўсё свае сілы і час аддаюць актывізму за правы ЛГБТ.

Верагодна, і Беларусі трэба прайсьці гэты шлях. Напрыклад, у ЗША па законе ФБР займаецца адсочваньнем злачынстваў на глебе нянавісьці з прычыны сэксуальнай арыентацыі і гендэрнай ідэнтычнасьці. Яны рэгулярна публікуюць такую статыстыку.

Пры гэтым я не скажу, што ў ЗША ўсё добра з гэтым. Сярод нядаўніх прыкладаў — забойства трансгендэрнай жанчыны ў Сан-Францыска ў лютым і студэнта ў Мічыгане ў красавіку гэтага году.

— А ці адчуваеце вы сябе абароненым у ЗША? Ці не даводзіцца вам хаваць тое, што вы гей? І як вы адчувалі і паводзілі сябе, калі жылі ў Беларусі?

— Так, адчуваю сябе абароненым, асабліва ў акрузе Калумбія, дзе я жыву. У нас вельмі моцнае заканадаўства аб злачынствах на глебе нянавісьці, дазволеныя аднаполыя шлюбы, усынаўленьне дзяцей, забароненая дыскрымінацыя прадстаўнікоў ЛГБТ, а таксама канвэрсійная тэрапія ў дачыненьні да непаўналетніх (калі дзяцей прымушаюць зьмяніць сваю гомасэксуальнасьць на гетэрасэксуальнасьць).

Сярод самых апошніх законаў — забарона дыскрымінацыі ЛГБТ-студэнтаў, якія наведваюць рэлігійныя навучальныя ўстановы. У мэрыі ёсьць спэцыяльны офіс па справах ЛГБТ.

— Якія самыя неадкладныя захады павінны зрабіць улады Беларусі, каб прадухіліць падобныя злачынствы?

— Першай мерай павінна быць увядзеньне ўнівэрсальнага заканадаўства аб злачынствах на глебе нянавісьці, якое ўключала б у сябе сэксуальную арыентацыю і гендэрную ідэнтычнасьць пацярпелага як абцяжваючыя віну абставіны.

Няважна, ці будзе гэта асобны заканадаўчы акт, ці дапаўненьні й зьмены ў заканадаўства, якое ўжо існуе. У той жа час, будучы сябрам АБСЭ, Беларусь сама павінна сыстэматычна адсочваць злачынствы на глебе нянавісьці, публікаваць статыстыку і прымаць меры па іх выкараненьні ў адпаведнасьці з узятымі на сябе абавязаньнямі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG