Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удзельнікі акцыі ў Курапатах запатрабавалі ад уладаў поўны доступ да архіваў КДБ


У дзень памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў 29 кастрычніка прадстаўнікі беларускай грамадзкасьці наведалі Курапаты.

Паводле гісторыкаў, колькасьць ахвяраў, пахаваных ва ўрочышчы, можа дасягаць 220–300 тысяч чалавек.

Памінальныя мерапрыемствы ва ўрочышчы пачаліся а 17-й гадзіне каля крыжа побач з сумнавядомым забаўляльным комплексам «Бульбаш-хол».

Менавіта з заходняга боку прывозілі ў Курапаты ахвяраў.

Актывісты зачыталі прозьвішчы 133 чалавек, якіх расстралялі ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году.

На крыжы ўсталявалі новую шыльду.

А потым людзі прайшлі крыжовым шляхам да так званай беларускай Галгофы, каменя і крыжа пакутнікаў.

Па шляху на кожны курапацкі крыж людзі паставілі запаленыя зьнічы.

На мітынгу выступілі кінасцэнарыст Уладзімер Халіп, грамадзкія актывісты Ганна Шапуцька, Вячаслаў Сіўчык, Вацлаў Нямковіч ды іншыя.

Гісторык Ігар Кузьняцоў зачытаў прозьвішчы 87 злачынцаў — катаў, якія ладзілі рэпрэсіі. Ён апавёў, што 28 кастрычніка ў сядзібе БНФ адбылося заключнае паседжаньне Грамадзкага трыбуналу па разглядзе злачынстваў сталінізму ў Беларусі, які працаваў паэтапна цягам дзесяці гадоў. У 1920—1950-гадах у Беларусі, паводле афіцыйных зьвестак, былі рэпрэсаваныя 600 тысяч чалавек. Паводле незалежных дасьледчыкаў — 1 мільён 400 тысяч. Кожны восьмы жыхар Беларусі апынуўся за кратамі, кожны пяты — дыскрымінаваны, пазбаўлены грамадзянскіх правоў. Больш за 500 тысяч былі расстраляныя, закатаваныя ў засьценках НКВД, загінулі ў лягерах.

Грамадзкасьць зьвярнулася да ўладаў з патрабаваньнем выканаць пастанову ўраду і ўсталяваць годны помнік у Курапатах, помнікі ўсім ахвярам сталінізму ў Менску і ў іншых гарадах Беларусі. А таксама забясьпечыць поўны доступ да архіваў КДБ, правесьці археалягічныя раскопкі па выяўленьні новых месцаў масавых забойстваў грамадзян. Таксама яны заклікаюць краіны Эўропы і былыя краіны Савецкага Саюзу стварыць міжнародную ўстанову ў справе расьсьледаваньня злачынстваў камунізму і прыцягнуць вінаватых да адказнасьці.

Новы крыж і памятная шыльда ў Курапатах

Новы крыж і памятная шыльда ў Курапатах

Чытаюць імёны рэпрэсаваных

Чытаюць імёны рэпрэсаваных

Выступае Ўладзімер Халіп

Выступае Ўладзімер Халіп

Вацлаў Нямковіч

Вацлаў Нямковіч

Па заканчэньні акцыі міліцыянты затрымалі яе ўдзельнікаў

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG