Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз прыпыніў санкцыі супраць Лукашэнкі на 4 месяцы (+камэнтары)


29 кастрычніка Эўразьвяз прыняў рашэньне прыпыніць на чатыры месяцы санкцыі адносна беларускіх дзяржаўных службоўцаў, бізнэсоўцаў і кампаній, паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода ў Брусэлі.

Рашэньне набудзе моц пасьля публікацыі ў афіцыйным выданьні Эўразьвязу, што мае адбыцца ў 30 кастрычніка.

Санкцыі прыпынілі у адносінах да 171 з 175 чалавек і да ўсіх 14 кампаній з гэтак званага «чорнага сьпісу» Эўразьвязу.

Чатыры асобы, супраць якіх санкцыі застаюцца ў сіле, гэта тыя, каго Брусэль падазрае ў дачыненьні да зьнікненьняў былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі, палітыка Віктара Ганчара, бізнэсоўца Анатоля Красоўскага і журналіста Зьмітра Завадзкага.

Гаворка ідзе пра колішняга міністра ўнутраных справаў Беларусі Ўладзімера Навумава, колішняга кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Віктара Шэймана, былога камандзіра брыгады спэцыяльнага прызначэньня Зьмітра Паўлічэнку і былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Сівакова. Рашэньне пра забарону на ўезд гэтых асобаў у краіны Эўразьвязу было прынятае 24 верасьня 2004 году на падставе рэзалюцыі Парлямэнцкай асамблеі Радыі Эўропы паводле справаздачы кіпрскага дэпутата Хрыстаса Пургурыдэса аб палітычна матываваных зьнікненьнях людзей у Беларусі.

Беларусь разьлічвае, што ўсе санкцыі будуць адмененыя і адносіны з ЭЗ нармалізуюцца

Дзьмітры Мірончык
Дзьмітры Мірончык

Пра гэта заявіў начальнік упраўленьня інфармацыі — прэс-сакратар МЗС Дзьмітры Мірончык, камэнтуючы інфармацыю пра рашэньне Эўразьвязу прыпыніць дзеяньне санкцыяў супраць Беларусі.

«Разьлічваем, што гэтае рашэньне прывядзе да як найхутчэйшай непасрэднай адмены ўсіх санкцыяў і нармалізацыі адносін паміж Беларусьсю і ЭЗ. Гэта адпавядае інтарэсам усіх бакоў», — цытуе БелТА Мірончыка.

Гайдукевіч: Я станоўча стаўлюся да рашэньня Эўразьвязу

Сяргей Гайдукевіч
Сяргей Гайдукевіч

Былы кандыдат на прэзыдэнта Беларусі, старшыня Лібэральна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч вітае гэтае рашэньне Брусэля:

«Я неаднойчы казаў пра тое, што санкцыі нікому не патрэбныя — ні нашай дзяржаве, ні Эўропе.

Цяпер матывацыя ёсьць. І я спадзяюся, што праз чатыры месяцы санкцыі адменяць цалкам. Магчыма, гэта будзе не адразу. Як палітык я разумею, што ў Эўразьвязе ёсьць пэўныя спадзяваньні на парлямэнцкія выбары. Таму магчыма, што санкцыі адменяць ужо пасьля іх правядзеньня ў верасьні 2016 году. Мы павінны абраць пакрокавую стратэгію. Такая стратэгія дысцыплінуе і нас, і іх.

Да гэтага ўсё ідзе. І гэта вельмі добры момант, якім можна скарыстацца, каб узнавіць дыялёг унутры краіны. Наша партыя будзе рабіць усё, каб прасоўваньне наперад адбывалася. У такім рэжыме і трэба працаваць, а палітычным сілам рыхтавацца да парлямэнцкіх выбараў».

Рымашэўскі: Рашэньне Эўразьвязу пасьпешлівае

Віталь Рымашэўскі
Віталь Рымашэўскі

«Пасьпешлівым» называе такое рашэньне Брусэлю сустаршыня аргкамітэту дзеля стварэньня партыі Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі:

«Яно ня ўлічвае тых палітычных рэаліяў, якія ёсьць цяпер у Беларусі. А гэта незьніжэньне градусу ціску на грамадзянскую супольнасьць, незалежныя сродкі масавай інфармацыі, палітычныя партыі і палітыкаў. Перасьлед іх па-ранейшаму працягваецца. І пакуль можна казаць толькі пра зьмяншэньне ўзроўню гвалту адносна іх.

Адзіным станоўчым момантам у гэтым рашэньні я бачу яго кароткі тэрмін дзеяньня — чатыры месяцы. Вельмі добра, што не прынятае рашэньне аб безумоўнай адмене санкцыяў. І гэтыя чатыры месяцы дэмакратычныя сілы Беларусі і дэмакраты Эўропы мусяць выкарыстоўваць на тэст для рэжыму. Яго трэба прымусіць пайсьці на сапраўдныя дэмакратычныя зьмены.

Калі ж зьменаў ня будзе, то санкцыі трэба вяртаць».

Скрабец: Лепей бы Эўразьвяз зрабіў бязьвізавым уезд для беларусаў

Былы дэпутат парлямэнту і палітвязень Сяргей Скрабец кажа, што ён ня бачыць ніякай лёгікі ў гэтым рашэньні, і згадвае, што апазыцыя ўжо гадоў дзесяць безвынікова просіць Брусэль адмяніць шэнгенскія візы для грамадзянаў Беларусі:

«Лепей бы Эўразьвяз адмяніў візы для беларусаў, каб яны маглі свабодна перасоўвацца па Эўропе. Пра гэта гаворка ідзе вельмі даўно. А ў выніку стала зь візамі не лягчэй, а цяжэй. Яшчэ цяпер і адбіткі пальцаў трэба здаваць. Дый консульскі збор немалы трэба плаціць. Чаму так адбываецца? Для мяне гэтае пытаньне больш актуальнае. Вось сотні тысяч уцекачоў з Сырыі ды іншых краін зьбеглі ў Эўропу. І іх прапускаюць, і ніхто ў іх не пытаецца пра адбіткі пальцаў.

Па-другое, калі санкцыі прыпынілі, узьнікае законнае пытаньне: у сувязі з чым? Калі ў Брусэлі лічаць, што ў Беларусі адбылося нейкае істотнае дэмакратычнае зьмяненьне, то гэта хлусьня. Нехта кажа, што цяпер у Беларусі няма палітвязьняў. А я лічу, што яны ёсьць — гэта і той жа Бандарэнка, і Жамчужны зь ягонай арганізацыі. А паглядзіце, якія вялікія штрафы далі Лябедзьку, Статкевічу...

Перасьлед грамадзянскіх актывістаў працягваецца. А па свабодзе слова, свабодзе інтэрнэту мы на апошніх месцах ня тое што ў Эўропе, а ва ўсім сьвеце. Прадпрымальнікаў зьнішчаюць як кляс. Наагул, няма ніякіх падставаў для таго, каб прыпыніць санкцыі з той нагоды, што нашы ўлады нешта палепшылі. Казаць, што беларускія ўлады зрабілі крокі ў бок дэмакратыі, нельга».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG