Урады краін Эўразьвязу 29 кастрычніка прыпынілі на чатыры месяцы дзеяньне санкцыяў супраць 171 грамадзяніна Беларусі, перадае Reuters. Акрамя таго, санкцыі прыпыненыя і супраць усіх 14 юрыдычных асобаў.
Былы дэпутат парлямэнту і палітвязень Сяргей Скрабец кажа, што ён ня бачыць ніякай лёгікі ў гэтым рашэньні, і згадвае, што апазыцыя ўжо гадоў дзесяць безвынікова просіць Брусэль адмяніць шэнгенскія візы для грамадзянаў Беларусі:
«Лепей бы Эўразьвяз адмяніў візы для беларусаў, каб яны маглі свабодна перасоўвацца па Эўропе. Пра гэта гаворка ідзе вельмі даўно. А ў выніку стала зь візамі не лягчэй, а цяжэй. Яшчэ цяпер і адбіткі пальцаў трэба здаваць. Дый консульскі збор немалы трэба плаціць. Чаму так адбываецца? Для мяне гэтае пытаньне больш актуальнае. Вось сотні тысяч уцекачоў з Сырыі ды іншых краін зьбеглі ў Эўропу. І іх прапускаюць, і ніхто ў іх не пытаецца пра адбіткі пальцаў.
Па-другое, калі санкцыі прыпынілі, узьнікае законнае пытаньне: у сувязі з чым? Калі ў Брусэлі лічаць, што ў Беларусі адбылося нейкае істотнае дэмакратычнае зьмяненьне, то гэта хлусьня. Нехта кажа, што цяпер у Беларусі няма палітвязьняў. А я лічу, што яны ёсьць — гэта і той жа Бандарэнка, і Жамчужны зь ягонай арганізацыі. А паглядзіце, якія вялікія штрафы далі Лябедзьку, Статкевічу...
Перасьлед грамадзянскіх актывістаў працягваецца. А па свабодзе слова, свабодзе інтэрнэту мы на апошніх месцах ня тое што ў Эўропе, а ва ўсім сьвеце. Прадпрымальнікаў зьнішчаюць як кляс. Наагул, няма ніякіх падставаў для таго, каб прыпыніць санкцыі з той нагоды, што нашы ўлады нешта палепшылі. Казаць, што беларускія ўлады зрабілі крокі ў бок дэмакратыі, нельга».