Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывіст паскардзіўся на ўмовы ўтрыманьня ў ізалятары і дамогся, што зрабілі рамонт ды паставілі мэблю


Леанід Кулакоў

Леанід Кулакоў

Актывіст «Эўрапейскай Беларусі» Леанід Кулакоў атрымаў зь міліцыі адказ на свае скаргі на ўмовы ўтрыманьня ў Смалявіцкім і Менскім раённых ізалятарах часовага ўтрыманьня, дзе ён адбываў адміністрацыйныя арышты за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях. Леанід Кулакоў скардзіўся на холад у камэрах, антысанітарыю, адсутнасьць умоў для прыняцьця ежы, недахоп пітной вады ды іншыя праблемы, якія, на ягоную думку, ператваралі адбыцьцё арышту ў катаваньне.

Паводле скаргаў Леаніда Кулакова Дэпартамэнт пакараньняў МУС зладзіў праверку і днямі паведаміў актывісту пра яе вынікі.

Паводле скаргаў Леаніда Кулакова Дэпартамэнт пакараньняў МУС зладзіў праверку і днямі паведаміў актывісту пра яе вынікі.

«У 2015 годзе ў ізалятары часовага ўтрыманьня Смалявіцкага РАУС праведзеныя работы ў выглядзе замены ўнутраных сетак каналізацыі, водаправоду і гарачага водазабесьпячэньня; унутранага аздабленьня памяшканьняў санпрапускніка і пакоя падагрэву ежы (тынкоўка, афарбоўка сьцен і столі, абліцоўка сьцен пліткай, укладка падлогі пліткай „ГРЭС“).

У цяперашні час завершаны працы па мантажы ў камэрах ІЧУ сталоў і лавак з пасадачнымі месцамі па колькасьці месцаў у камэрах, а таксама тумбачкамі для захоўваньня туалетных прыналежнасьцяў», — цытуе праваабарончы цэнтар «Вясна» ліст выканаўцы абавязкаў начальніка Ўпраўленьня наглядна-выканаўчай дзейнасьці МУС С.Аляшкевіча.

У лісьце да актывіста таксама паведамляецца, што ў 2015 годзе будзе «праведзены неабходны рамонт» у ізалятары часовага ўтрыманьня Менскага раёну.

Добра, што нешта рэальнае зрабілі і зробяць яшчэ для вязьняў гэтых ізалятараў, якія ў параўнаньні зь менскім „Акрэсьціна“ — проста сярэднявечныя турмы.

«Мяне чарговым разам выклікалі ў міліцыю, і я думаў, што зноў шукаюць за ўдзел у акцыі пратэсту. Аказалася — у сувязі з праверкай маіх скаргаў. Добра, што нешта рэальнае зрабілі і зробяць яшчэ для вязьняў гэтых ізалятараў, якія ў параўнаньні зь менскім „Акрэсьціна“ — проста сярэднявечныя турмы. Хацелася б, каб і ў іншых раёнах міліцэйскае кіраўніцтва зьвярнула ўвагу на ўмовы, у якіх трымаюць людзей, і дзеля гэтага ім не спатрэбілася спачатку „пасадзіць“ да сябе сталічнага апазыцыянэра. Але ня думаю, што гэта будзе зроблена самастойна, без такіх скаргаў, як мая. Праблема яшчэ ў тым, што мясцовыя жыхары, якія трапляюць у ізалятары звычайна за хуліганства, занадта пакорлівыя і гатовыя цярпець што заўгодна. Міліцыя гэтым і карыстаецца. Хоць шараговыя супрацоўнікі таго ж Смалявіцкага ізалятара паводзілі сябе са мной прыстойна, нічога дрэннага пра іх не магу сказаць», — распавёў карэспандэнту Свабоды Леанід Кулакоў.

У траўні Леанід Кулакоў адбыў 7 сутак у Смалявіцкім ІЧУ за ўдзел у пікеце каля Кургана Славы. Акцыя ладзілася супроць прыезду ў Беларусь рокераў з пракрамлёўскай групоўкі «Начныя ваўкі». У ліпені Леанід Кулакоў адбываў арышт у ІЧУ Менскага раённага аддзелу міліцыі за ўдзел у акцыі салідарнасьці з палітвязьнем Юрыем Рубцовым.

XS
SM
MD
LG