Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маракоў: Былі ночы, калі расстрэльвалі і па 400 чалавек


Леанід Маракоў
Леанід Маракоў

29 кастрычніка 1937 году — чорны дзень у гісторыі беларускай літаратуры. За адну ноч з 29-га на 30-га карнікі НКВД расстралялі цэлую групу пісьменьнікаў, сярод якіх былі Анатоль Вольны, Платон Галавач, Алесь Дудар, Міхась Зарэцкі, Васіль Каваль, Юрка Лявонны, Валеры Маракоў, Міхась Чарот ды іншыя, агулам 22.

Радыё Свабода паразмаўляла з дасьледчыкам сталінскіх рэпрэсіяў Леанідам Мараковым, аўтарам даведнікаў «Толькі адна ноч» і «Ахвяры і карнікі».

— 29 кастрычніка 1937 году расстралялі каля 100 чалавек, якія належалі да інтэлектуальнай эліты Беларусі. Гэтая дата стала днём ушанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў пасьля выхаду маёй кнігі «Толькі адна ноч». Дасьледаваўшы тэму цягам 10 год, я напісаў біяграфіі каля 70 чалавек — тых, хто дакладна быў расстраляны ў ноч на 30 кастрычніка 1937 году. Вядома, што былі ночы, калі стралялі і па 400 чалавек. Але ноч з 29 на 30 кастрычніка вылучаецца тым, што тады забілі прадстаўнікоў інтэлектуальнай эліты. Я даказаў, што расстраляны 71 чалавек. Але амаль кожную ноч расстрэльвалі ад дзясяткаў да сотняў людзей — гэта былі розныя людзі, найперш сялянства.

— Ці дата 29 кастрычніка, на якую прыпадае гадавіна ўтварэньня камсамолу, была выпадковай?

Зьнішчэньне беларускіх мысьляроў было зроблена ў гонар 20-годзьдзя савецкай улады. І напачатку быў указ расстраляць чалавек 50. Але тут, у БССР, вырашылі перавыканаць плян і забіць чалавек на 20 больш.

— Не, так атрымалася невыпадкова. Зьнішчэньне беларускіх мысьляроў было зроблена ў гонар 20-годзьдзя савецкай улады. Заплянаваны гэты расстрэл быў у Маскве ў верасьні 1937 году. І напачатку быў указ расстраляць чалавек пяцьдзясят. Але тут, у БССР, вырашылі перавыканаць плян і забіць чалавек на 20 больш. Таксама трэба разумець, што перад тым як расстрэльваць, іх цягам году катавалі. Таму на момант расстрэлу большасьць былі беспрытомныя. У нас у сувязі з гэтай датай найбольш ушаноўваецца ўрочышча Курапаты. Але я мяркую, што інтэлектуалаў расстралялі ў сутарэньнях НКВД, а пасьля вывезьлі ў Лошыцу.

— Ці магчыма было пазьбегнуць расстрэлу?

— Першыя масавыя арышты пачаліся ў 1930 годзе. Але тады давалі 2–3 гады высылкі ці канцлягеру. І тыя, хто не вярнуўся ў Беларусь, тыя і засталіся жывыя. Напрыклад, Антон Адамовіч, Уладзімер Сядура і яшчэ каля 20 чалавек. Пасьля яны падчас вайны зрабілі менскую «Беларускую газэту», якой паводле насычанасьці інфармацыяй у той час не было роўных. Хто ўцякаў у Расею, у якой далей за Маскву рэпрэсіяў фактычна не было, калі параўноўваць з памежнымі краінамі — Беларусьсю ці Ўкраінай, той заставаўся жывы. А ўжо бліжэй да канца 1937 году і ў 1938-м масавыя расстрэлы пачалі спыняцца. Сталін стаў разумець, што хутка на гэтай тэрыторыі ўвогуле не застанецца інтэлігенцыі і ня будзе каму змагацца зь немцамі — зьнішчалі ж і вайсковую інтэлігенцыю таксама. Я нават мяркую, што кагосьці хацелі і вызваліць. Але як вызваляць людзей у такім стане, калі яны ў 25 год закатаваныя да стану 75-гадовых інвалідаў? Трэба было зьнішчаць.

— Якім чынам адбываўся адбор ахвяраў?

Прынцып адбору быў просты — людзі, якія думаюць. Галоўнае для ўладаў было тое, каб не было людзей, якія думаюць.

— Закраналі ўсе пласты насельніцтва. Хіба толькі працоўны кляс быў выключэньнем. Прынцып адбору быў просты — людзі, якія думаюць. Галоўнае для ўладаў было тое, каб не было людзей, якія думаюць. Таму што той, хто думае, можа супастаўляць факты і аналізаваць, як зьмянілася жыцьцё пасьля кастрычніцкай рэвалюцыі. Гэта падобна да таго, што цяпер дзеецца ў Расеі: з 10%, якія не падтрымліваюць Пуціна ў расейска-ўкраінскім канфлікце, пераважную большасьць складае інтэлектуальная эліта. Тыя людзі, якія могуць ацаніць сытуацыю і зрабіць высновы. Сталін як крывавы «мэнэджэр» за такое выразаў. Нас доўга блыталі, называючы тыя падзеі «рэпрэсіямі ў СССР», але насамрэч пераважная большасьць рэпрэсіяў была ў памежных краінах — Беларусі, Украіне, Прыбалтыцы, Грузіі.

— Чаму мала было супраціву рэпрэсіям? Чаму людзі не бараніліся?

— Таму што людзі былі вельмі моцна запалоханыя за 20 год савецкай улады. Можна сказаць, баяліся дыхаць. Нешта падобнае цяпер у нас. Вось калі абвясьціць, што ў цэнтры Менску будзе піва са зьніжкай прадавацца, дык зьбярэцца 100 тысяч чалавек. А сёньня на пікет у знак памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, што адбудзецца каля будынку КДБ, добра калі 100 чалавек прыйдзе. Гэта вынік таго, якім стаў народ за 20 гадоў той улады, якая цяпер кіруе Беларусьсю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG