Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня 29 кастрычніка 2015: Пікет Статкевіча каля будынка КДБ


Падзеі і даты гэтага дня

Афіша:

Былы палітвязень Мікалай Статкевіч плянуе правесьці мэмарыяльную акцыю каля будынкаў КДБ і МУС на праспэкце Незалежнасьці ў памяць пра дзеячаў культуры, якія былі расстраляныя ў 1937 годзе. Палітык прапануе ўвечары «са сьвечкамі ў руках стварыць ланцуг памяці ахвяр сталінізму і нагадаць нашчадкам іх катаў аб адказнасьці за злачынствы». Пачатак а 18.30.

У рамках Месяца польскай літаратуры з кнігарняй «логвінаЎ» у Галерэі «Ў» адбудзецца прэзэнтацыя кнігі «Дзень усіх жывых» польскай паэткі Эвы Ліпскай, якая выйшла ў перакладзе Андрэя Хадановіча, з удзелам аўтара. Пачатак а 19.00.

У Віцебску пройдуць сустрэчы швэдзкай пісьменьніцы Юі Вісландэр з чытачамі: а 15.00 у Віцебскім дзіцячым доме (вул. Свідзінскага, 9); а 17.30 у Бітлз-клубе «Паддашак» (вул. Кастрычніцкая, 11). Сустрэчы ладзіць амбасада Швэцыі пры падтрымцы Рады па культуры Швэцыі. Падчас сустрэчаў швэдзкая пісьменьніца пазнаёміць маленькіх чытачоў з новай кніжкай «Мама Му ў басэйне», якая пабачыла сьвет па-беларуску дзякуючы супольным намаганьням перакладчыцы Надзеі Кандрусевіч і выдавецтва «Логвінаў».

У гісторыі:

1815 — нарадзіўся Людавіт Штур, славацкі паэт, філёляг, грамадзкі дзяяч. Быў ідэолягам славацкага нацыянальнага адраджэньня ў XIX стагодзьдзі, аўтарам славацкага моўнага стандарту, які прывёў да сучаснай славацкай мовы.

1929 — нарадзіўся Марат Казей, беларускі партызан, Герой Савецкага Саюзу.

1937 — чорны дзень у гісторыі беларускай літаратуры. За адну ноч з 29-га на 30-га карнікі НКВД расстралялі цэлую групу пісьменьнікаў, сярод якіх былі Анатоль Вольны, Платон Галавач, Алесь Дудар, Міхась Зарэцкі, Васіль Каваль, Юрка Лявонны, Валеры Маракоў, Міхась Чарот ды іншыя, агулам 22 чалавекі. Усяго ў тую ноч былі зьнішчаны больш за 100 прадстаўнікоў беларускай творчай і навуковай інтэлігенцыі ды дзяржаўнага апарату.

1938 — нарадзіўся Янка Саламевіч, беларускі літаратуразнаўца, фальклярыст, бібліёграф, перакладчык.

1945 — нарадзіўся Мікалай Казак, савецкі і беларускі фізык, акадэмік НАН Беларусі.

1952 — у Пінску зьнішчана сынагога, на той час найстарэйшая на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай.

1952 — у Полацку адкрыты пэдагагічны інстытут.

У памяці:

1861 — памёр Павал Шпілеўскі, беларускі этнограф, пісьменьнік, публіцыст і тэатральны крытык.

Цытата:

«Я не чакаў І не гадаў, Бо жыў з адкрытаю душою, Што стрэне лютая бяда, Падружыць з допытам, З турмою.
Прадажных здрайцаў ліхвяры Мяне заціснулі за краты. Я прысягаю вам, сябры, Мае палі, Мае бары, — Кажу вам — я не вінаваты!»

(«Прысяга» — апошні верш Міхася Чарота, напісаны ім на сьцяне турмы НКВД незадоўга да расстрэлу.)

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG