Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Двум хлопчыкам, якія сарвалі партрэты прэзыдэнта Турцыі, пагражае 2 гады 4 месяцы турмы


Двое хлопчыкаў ва ўзросьце 12 і 13 гадоў арыштаваныя паводле абвінавачаньня ў «зьнявазе турэцкага прэзыдэнта» за тое, што сарвалі плякаты з фотаздымкамі кіраўніка Турэччыны Рэджэпа Эрдагана.

Як паведамляе турэцкае англамоўнае выданьне Hurriyet Daily News, двум стрыечным братам, якіх называюць толькі паводле ініцыялаў R. Y. і R. T., цяпер пагражае турэмнае зьняволеньне тэрмінам да 2 гадоў 4 месяцаў.

Паведамляецца, што хлопчыкаў затрымалі яшчэ 1 траўня пасьля таго, як тыя сарвалі плякаты каля шашы ў паўднёва-ўсходняй правінцыі Дыярбакыр. R.Y. нібыта патлумачыў у сваіх паказаньнях што яны хацелі прадаць плякаты старызьніку: «Нам было няважна чые гэта плякаты».

Пракуратура зьвярнулася ў Міністэрства юстыцыі, каб тая ўнесла супраць братоў пазоў аб зьнявазе прэзыдэнта, бо менавіта такую працэдуру прадугледжвае турэцкі крымінальны кодэкс.

Першае паседжаньне суду ў гэтай справе мае адбыцца 8 сьнежня.

Адвакат хлопчыкаў Ісмаіл Каркмаз кажа, што абвінавачваньні супраць іх «няўцямныя», бо дзеці не разумелі, хто быў на плякатах.

XS
SM
MD
LG