Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарнагорская апазыцыя пратэстуе з партрэтамі Пуціна і прамаскоўскімі споклічамі


Урад Чарнагорыі расцаніў заяву расейскага Міністэрства замежных спраў аб сытуацыі ў гэтай краіне як пацьверджаньне датычнасьці Масквы да акцый пратэсту ў Падгорыцы супраць уступу былой югаслаўскай рэспублікі ў НАТО.

Улады Чарнагорыі падкрэсьліваюць: дэманстранты «паспрабавалі сілай заняць парлямэнт і зрабіць дзяржаўны пераварот», пасьля чаго паліцыя вымушана была ўжыць сьлезацечны газ. Прэм’ер-міністар Чарнагорыі Міла Джуканавіч раней наўпрост абвінаваціў Крэмль у спробах дэстабілізаваць сытуацыю ў краіне.

У Маскве запэўніваюць, што Расея не датычная да крызісу ў Чарнагорыі і лічаць, што ва ўсім вінаваты Джуканавіч, які «спрабуе зьняць зь сябе адказнасьць за нарастаньне ўнутрыпалітычнага супрацьстаяньня». Акцыі пратэсту з патрабаваньнямі адстаўкі ўраду праходзяць у Чарнагорыі зь сярэдзіны кастрычніка. Да канца году, як чакаецца, Падгорыца атрымае афіцыйнае запрашэньне НАТО ўступіць у гэтую арганізацыю.

Аб сытуацыі ў Чарнагорыі распавядае аглядальніца Радыё Свабода — Радыё Свабодная Эўропа, журналіст і палітычны камэнтатар з Падгорыцы Славіца Браявіч:

Браявіч: Сытуацыя ў Падгорыцы цяпер зусім спакойная. Калі казаць пра палітычны эпілёг падзей, то большасьць мясцовых назіральнікаў лічыць так: Міла Джуканавіч і чарнагорскі ўрад выйшлі з гэтай гісторыі пераможцамі, у той час, як патэнцыял той часткі апазыцыі, якая арганізоўвала пратэсты (у асноўным гэта рух «Дэмакратычны фронт»), аслабеў. Больш за тое, у будучыні лідэраў пратэстных акцый могуць чакаць праблемы, паколькі частка зь іх падазраецца ў спробе арганізацыі антыдзяржаўных выступаў з мэтай гвалтоўнага звяржэньня канстытуцыйнага ладу. У намеры арганізатараў дэманстрацый відавочна ўваходзілі правакацыі супраць прадстаўнікоў органаў улады і, магчыма, больш шырокія беспарадкі ў цэнтры гораду. Аднак уладзе ўдалося ўтрымаць сытуацыю пад кантролем: пагромаў ня здарылася, сур’ёзна ніхто не пацярпеў. Лідэры апазыцыі заявілі пра гатоўнасць арганізаваць новыя акцыі пратэсту, але ўсе разумеюць: такія заявы перш за ўсё павінны супакоіць расчараваных прыхільнікаў гэтых партый і арганізацый. Думаю, аднаўленьне пратэстных выступленьняў магчыма, але яны ў любым выпадку ня будуць настолькі шматлікімі.

РС: Чарнагорскія ўлады абвінавацілі Расею ў падтрымцы гэтых акцый пратэсту і фактычна ў спробе дэстабілізацыі сытуацыі ў рэспубліцы. Ёсьць гэтаму нейкія доказы? У сацыяльных сетках і ў газэтах сустракаліся паведамленьні аб тым, што Падгорыца «кішыць рускімі шпіёнамі». Гэта насамрэч так?

Браявіч: Ніхто ў Чарнагорыі не выкарыстоўвае тэрмін «рускія шпіёны». Аднак ніхто тут не сумняваецца, што чарнагорская апазыцыя карыстаецца падтрымкай Масквы. Ня толькі таму, што ў Расеі вельмі своеасабліва інтэрпрэтавалі падзеі ў Падгорыцы, фактычна падбухторваючы ўдзельнікаў дэманстрацый. Паказальная іканаграфія гэтых дэманстрацый: нацыянальныя сьцягі Расеі, партрэты Пуціна, адпаведныя лёзунгі, прарасейскія заявы. Вы б чулі, як актывісты чарнагорскай апазыцыі віншавалі прэзыдэнта Расеі зь яго нядаўнім днём нараджэньня! У той жа час доказна і канкрэтна ніхто ня кажа пра тое, што чарнагорская апазыцыя атрымлівае фінансавую дапамогу з Расеі. Такія размовы ходзяць, і ня выключана, што ва ўраду Чарнагорыі ёсьць і пацьверджаньні гэтаму, але па прычынах, можа быць, дыпляматычнага парадку ніякія доказы не апублікаваныя. Гэта не азначае, вядома, што такая фінансавая падтрымка не аказваецца.

РС: Вам зразумела, якімі матывамі кіруюцца тыя чарнагорцы, якія бяруць удзел у антыўрадавых мітынгах з партрэтамі прэзыдэнта чужой дзяржавы над галовамі?

Браявіч: У гэтых прарасейскіх матываў вельмі розныя прычыны. У нас усё яшчэ папулярны сантымэнт аб гістарычна цёплых расейска-чарнагорскіх адносінах і славянскім братэрстве. У лідэраў руху антынатаўскага пратэсту, сёй-той зь якіх бывае ў Маскве, відавочна, ёсьць прычыны, па якіх інтарэсы Расеі iм прадстаўляюцца больш важнымі, чым інтарэсы Чарнагорыі. Аднак зразумела: большасьць людзей на мітынгу з партрэтамі Пуціна — гэта звычайныя грамадзяне, як правіла, незадаволеныя сваім сацыяльным ці эканамічным становішчам. Можа быць, гэтыя людзі лічаць прыклад палітыкі Пуціна натхняльным для чарнагорскіх уладаў, адсюль гэтыя прарасейскія сымпатыі.

РС: Можна сказаць, што гэтыя падзеі неяк адбіліся на рашучасьці чарнагорскіх уладаў працягваць збліжэньне з НАТО? Пытаньне ў Падгорыцы канчаткова вырашана або яшчэ магчымыя дыскусіі?

Браявіч: Гэтыя дэманстрацыі толькі дадалі ўладам ветру ў ветразі. Пытаньне аб уступе Чарнагорыі ў НАТО, думаю, вырашана і тут, і сярод заходніх удзельнікаў альянсу. У канцы году, як чакаецца, краіна ў любым выпадку атрымае афіцыйнае запрашэньне ўступіць у НАТО.

РС: У Масквы застаецца нейкая контрагульня? Масква можа неяк запалохаць або пераканаць Падгорыцу, скараціць інвэстыцыі, прыстрашыць?

Браявіч: Час вялікіх інвэстыцый у любым выпадку прайшоў, Чарнагорыя судзіцца з Алегам Дзерыпаскам пра лёс яго ўкладаньняў у нашу эканоміку. Расейскія грошы ня здольныя зьмяніць лёс Чарнагорыі.

Крыніца: http://www.svoboda.org/content/article/27331543.html

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG