Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Баранавічы: Рыгору Грыку прысудзілі 30 базавых штрафу за пікет і лаянку


Рыгор Грык
Рыгор Грык

У Баранавічах скончыўся судовы працэс над актывістам Рыгорам Грыкам, якога вінавацілі ў лаянцы на працы, а таксама ў правядзеньні несанкцыянаванага пікету.

У Баранавічах скончыўся судовы працэс над актывістам Рыгорам Грыкам, якога вінавацілі ў лаянцы на працы, а таксама ў правядзеньні несанкцыянаванага пікету.

Судзьдзя Васіль Петрыў прысудзіў Рыгору Грыку штраф па дзьвюх адміністрацыйных справах у памеры 30 базавых велічыняў (5 мільёнаў 400 тысяч рублёў).

На сёньняшнім паседжаньні быў заслуханы сьведка-міліцыянт, які апавёў, што ня чуў, каб Грык лаяўся на працы ў краме 24 верасьня, калі прыйшоў туды ў адзежы, стылізаванай пад канцлягерную робу.

Другі сьведка-міліцыянт выступаў у справе пікету Грыка, які ладзіўся 27 верасьня ў падтрымку Тацяны Караткевіч, супраць расейскіх вайсковых базаў, а таксама за сацыяльныя правы людзей. Міліцыянт заявіў, што складаў рапарт пра пікет Грыка, і апавёў, як выглядаў пікет.

Відэазапісаў з крамы, дзе быццам бы лаяўся Рыгор Грык, не праглядалі. Выявілася, што гэтых запісаў ужо няма.

Пасьля суду Рыгор Грык выказаўся Свабодзе пра вырак:

«У нас самы справядлівы суд у сьвеце. У гэтай краіне, дзе пануе няпраўда, хлусьня і мана. Зразумела было, што калі зьмянілі судзьдзю, Петрыў засудзіць мяне сто працэнтаў. Той акцыяй, якую я правёў, я хацеў паказаць, як прыніжаюць і зьдзекуюцца з працоўных».

Адвакат Грыка Сяргей Цябус разам са сьведкам Аляксандрам Вайцешыкам
Адвакат Грыка Сяргей Цябус разам са сьведкам Аляксандрам Вайцешыкам

Баранавіцкі праваабаронца Сяргей Гоўша так пракамэнтаваў прысуд:

«Адвакат даказаў, што гэтыя справы, і адну і другую, трэба закрываць, таму што Грык не вінаваты. Але судзьдзя нават ня выйшаў, не абмазгаваў усё гэта. Ён тут жа, на месцы, адразу зачытаў ужо загадзя напісаны вырак Грыку. Судзьдзя служыць не закону, а ўладзе».

Рыгор Грык разам з праваабаронцамі будзе вырашаць, ці абскарджваць яму прысуджаны штраф.​

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG