Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Толькі ў Менску і Салігорску ў верасьні заробак перавышаў 500 даляраў


Пра гэта сьведчаць дадзеныя, якія зьявіліся на афіцыйным сайце Нацыянальнага статыстычнага камітэту Рэспублікі Беларусь.

Паводле статыстыкі, заробкі беларусаў працягваюць зьмяншацца. Так, сярэдні налічаны заробак у верасьні склаў 6 мільёнаў 863 тысячы рублёў, альбо 388,6 даляра паводле сярэдняга курсу Нацыянальнага банку за верасень. Параўнальна са жніўнем заробак «схуднеў» на 1,5%, альбо на 107 600 рублёў.

Рэальны заробак (зразумела, што ён меншы за налічаны) у рублях на сайце не называецца. Але ў працэнтах ён параўнальна з тым жа жніўнем зьменшыўся яшчэ болей — на 2,8%.

Але і такому зьменшанаму прыбытку могуць пазайздросьціць многія беларусы. Як цьвердзіць аглядальнік бізнэс-парталу «Про бизнес» Зьміцер Івановіч, у 90% раёнаў краіны заробак ніжэйшы за сярэдні. А ў Берасьцейскай і Магілёўскай абласьцях няма ніводнага гораду ці раёну, дзе б заробак быў вышэйшы за сярэдні. Найменшыя заробкі ў верасьні зафіксаваныя ў Шаркоўшчынскім раёне Віцебскай воласьці. Гэта адзіны раён, дзе сярэдні заробак не перавысіў нават 250 даляраў.

«Нічога надзвычайнага ў гэтым няма. Лёгіка беларускай мадэлі эканомікі такая, што людзі будуць зарабляць усё менш і менш», — кажа кіраўнік фонду Мізэса Яраслаў Раманчук:

«Мы можам толькі браць у доўг і атрыманыя пазыкі праядаць. А ўлады спрабуюць гэта схаваць, напрыклад, паказваюць усе грошы, якія налічаныя, а ня тыя, што выплачаныя на рукі.

У расейцаў заробкі ў даляравым эквіваленце скараціліся напалову. А ў нас яшчэ толькі пачатак падобнай карэкціроўкі. А паколькі мы вельмі моцна прывязаныя да расейскай эканомікі, то, я думаю, да канца сёлетняга году заробкі беларусаў могуць скараціцца на 10–15%».

XS
SM
MD
LG